Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба зьвяртаць на гэтыя выбары шмат увагі: вынік іх вядомы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 27 чэрвеня 2012 году

Удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у прызначаных уладай на 23 верасьня выбарах у Палату прадстаўнікоў, вынік якіх з высокай ступеньню верагоднасьці можна прадбачыць ужо сёньня? Гэтае пытаньне абмяркоўваюць цяпер ня толькі апазыцыйныя партыі і рухі, але і многія слухачы «Свабоды».

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш слухач Юры Кузьняцоў з Наваполацку піша:

«Я — сьвядомы прыхільнік байкоту такіх выбараў. Улёткі за байкот надрукаваць лёгка і проста. Таксама няма вялікай праблемы ў тым, каб паназіраць і палічыць, колькі людзей ідзе галасаваць на выбарчыя ўчасткі. Праблема ў тым, што ніякі байкот на вынікі выбараў, што будуць абвешчаны Ярмошынай, вядома ж, не паўплывае. Камісіі падлічаць і напішуць тое, што ім загадаюць: колькі разоў мы ўжо былі сьведкамі гэтага.

Таму ня трэба зьвяртаць на гэтыя выбары шмат увагі. Лепш рыхтавацца да выбараў
2015-га году. А тады, можа, нават не зьбіраючыся на плошчах, ноччу павывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі на будынках...».

Калі грамадзтва будзе гэтак жа пасіўна назіраць за выбарчымі маніпуляцыямі ўлады, то і на выбарах 2015-га году, спадар Юры, мала што зьменіцца. Хіба толькі тое, што Аляксандар Лукашэнка на той час будзе ўжо ў пэнсійным узросьце. Але на афіцыйныя вынікі галасаваньня, якія абвесьціць Цэнтравыбаркам, як і на жаданьне пэнсіянэра Лукашэнкі надалей кіраваць краінай, як вы, напэўна, здагадваецеся, гэта наўрад ці паўплывае.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і апанэнт Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі, гэтым разам рэзка крытыкуе эканамічныя санкцыі, уведзеныя краінамі Эўразьвязу і ЗША супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, якія абслугоўваюць дзейны рэжым, вінаваты ў масавым парушэньні правоў чалавека. Спадар Леках піша:

«Эканамічныя санкцыі Захаду накіраваныя ня столькі супраць некалькіх заможных асобаў — мільянэраў, але найперш — супраць народу Беларусі. Бо гэтыя беларускія прадпрымальнікі плацяць падаткі ў сваёй краіне, ствараюць у ёй працоўныя месцы. З гэтых падаткаў выплочваюцца пэнсіі, заробкі бюджэтнікам...

На маю думку, тут маюць месца падвойныя стандарты, якімі кіруюцца чыноўнікі Эўразьвязу. Вось прыклад. Ня так даўно ў Казахстане падчас разгону акцыі пратэсту загінулі і былі параненыя 17 чалавек. Рабочыя патрабавалі выплаты заробкаў, а супраць іх ужылі агнястрэльную зброю. І як адрэагаваў Захад? Ніякіх эканамічных санкцыяў супраць Казахстану ён ня ўжыў.

Чаму ж такі розны падыход да Беларусі і да Казахстану? Адказ, на маю думку — на паверхні. З Казахстану краіны Эўразьвязу імпартуюць паліва, мэталы, у тым ліку — рэдказямельныя, востра неабходныя для машынабудаваньня.

Дарэчы, падчас нядаўняга візыту на Кубу Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI заявіў, што эканамічныя санкцыі ЗША супраць гэтай краіны рэальна адбіваюцца найперш на народзе Кубы — пагаршаюць жыцьцё простых працаўнікоў»
.

Наўрад ці варта называць гэта падвойнымі стандартамі, спадар Міхаіл. Немагчыма аднолькавымі меркамі ацэньваць грамадзкія і палітычныя працэсы, якія адбываюцца, з аднаго боку, у цэнтры эўрапейскага кантынэнту, а з другога — у цэнтры Азіі. Беларусы доўгія стагодзьдзі жылі і разьвівалі сваю дзяржаву паводле эўрапейскіх узораў, у цеснай супрацы з суседнімі народамі, большасьць якіх ужо далучыліся да Эўразьвязу. У казахаў — зусім іншая гісторыя, іншы мэнталітэт, іншая ступень гатовасьці да прыняцьця дэмакратычных каштоўнасьцяў. А тлумачыць усё толькі наяўнасьцю нафты ды мэталаў — гэта надта спрошчаны (і часта памылковы) падыход.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Аляксандра Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну — з назіраньнямі пра тое, што сёньня адбываецца вакол многіх напаўжывых лясных вёсачак Беларусі. Слухач піша:

«Вёска шпарка вымірае, але рабаваць яе працягваюць. Цяпер ужо — не з дапамогай калгасаў, якія разваліліся ці развальваюцца, а — праз грабежніцкае зьнішчэньне лесу. Пілуюць усё, нават маладняк. Грабуць падчыстую, што толькі дазваляе сучасная імпартная тэхніка. І гоняць і гоняць за мяжу — усё дзеля так званага бабла.

А тым вяскоўцам, якія састарэлі ды спрацаваліся ў ранейшых сацыялістычных бітвах, застаецца толькі назіраць за гэтым рабаўніцтвам. На іхных вачах зьнішчаецца звыклае асяродзьдзе, у якім хоць неяк можна было пачуваць сябе сярод жывой прыроды. Зараз жа — суцэльнае завываньне бэнзапілаў ды гул лесавозаў.

Чаму так адбываецца? Спрабаваў калісьці Сталыпін прыхінуць народ дзікай імпэрыі да земляробства — ды толькі замест падзякі атрымаў кулю. Прывыкла гэтая імпэрыя жыць зь лесапавалу, з распродажу нетраў — але не са свайго мазаля, не з апрацаванага і палітага потам палетка. Усё гэта дайшло і да нас — пасьля таго як імпэрыя захапіла Рэч Паспалітую і на працягу двух стагодзьдзяў уводзіла свае парадкі.

Нават калі б замест высечанага тут нешта і ўпарадкавалі б — то і гэта не кампэнсавала б страчанай прыроды. Лясы не аднаўляюцца гэтак, як поле збажыны»
.

Лясы аднавіць можна — на гэта, праўда, патрэбна нямала часу і сродкаў. Праблема, аднак, у тым, што ў многіх беларускіх лясных мясьцінах (асабліва ў тых, што далёкія ад бальшакоў і вачэй начальства) лесаўзнаўленьнем не займаюцца. Высекуць сьпелы лес, пакінуць пасьля сябе горы буралому — і бясьсьледна зьнікаюць.

У такой краіне, як Беларусь, ня можа ня быць лясной прамысловасьці. І як бы ні шкада было звыклых краявідаў — сьпелы лес секлі і будуць сячы, спадар Аляксандар. Але дбайны гаспадар на месцы сьсечанага дрэва павінен пасадзіць новае. Не дзеля сябе (сам ён ужо наўрад ці дачакаецца, калі яно вырасьце) — а дзеля сваіх дзяцей і ўнукаў.

Кароткі ліст ад Маргарыты і Руслана Бацянковых зь Менску — з уражаньнямі ад праслухоўваньня праграмаў беларускага дзяржаўнага радыё. Слухачы пішуць:

«Калі часам уключаеш „радыёкропку“ — ну, чэснае слова, адразу цягне на ваніты. Фактычна кожнае паведамленьне пачынаецца са слова „прэзыдэнт“ альбо зь нейкага ягонага чарговага лёсавызначальнага выступу. А далей — пайшло-паехала: усё ў нас добра, а будзе яшчэ лепш; нас ніхто „не нахіліць“; паўсюль перавышэньне плянаў, гіганцкае будаўніцтва і рэкордныя ўраджаі, таму ўсе дружна весяляцца і сьпяваюць. Ажно дзіва бярэ: адкуль яны бяруць гэтыя расейскія папсовыя дрындушкі — ледзь ня штодня новыя, і адначасова як блізьняты падобныя. І няма канца гэтаму музычнаму сьмецьцю...».

І «радыёкропка», і дзяржаўнае тэлебачаньне сёньня ўжо ня маюць таго ўплыву на сьветапогляд людзей, што некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Рэпрадуктар на сьцяне ды два фактычна аднолькавыя афіцыйныя тэлеканалы — раней гэтыя крыніцы інфармацыі былі для многіх адзінымі. Сёньня, калі бязь цяжкасьці можна атрымаць доступ да спадарожнікавага тэлебачаньня ды інтэрнэту, аматараў задавальняцца толькі афіцыйнай вэрсіяй падзеяў наўрад ці знойдзецца шмат. І гэтая праблема, дарэчы, сур’ёзна непакоіць афіцыйных ідэолягаў, якія ведаюць пра рэальны ўплыў сваёй прапагандысцкай сыстэмы на настроі беларусаў.

Аўтар наступнага ліста Барыс Забалотнік зь Менску, як і сотні іншых нашых актыўных слухачоў, у мінулым месяцы атрымаў рэклямныя каляндарыкі «Свабоды» — з новым раскладам нашых перадач. Афармленьнем каляндарыкаў спадар Барыс не задаволены. Пра што і паведамляе ў сваім лісьце. Ён піша:

«Дзякуй за вашы каляндарыкі, якія, праўда, мне вельмі НЕ падабаюцца за сваё мастацкае выкананьне. Пра гэта я ўжо некалі пісаў, цяпер пішу зноўку. Вы шмат губляеце ад гэтага недахопу. Шмат!

Каб людзям было цікава, каб на каляндарыкі вялося паляваньне, трэ разьмяшчаць на іх зусім іншыя выявы — напрыклад, фатаздымкі ці малюнкі храмаў, сабораў, касьцёлаў, уніяцкіх сьвятыняў... Словам, архітэктурныя помнікі.

Можна і карціны, але сюжэты павінны быць іншымі. Напрыклад, такі: Сталін ляжыць у труне з кветкамі, а левае вока яго расплюшчана і злосна пазірае на вас. Вось гэта быў бы твор!

Ці іншая карціна. Пачак „Беламор-канала“ (гэта папяросы такія) ляжыць на стале, а ў яго заходзіць калёнай вялізны натоўп вязьняў ГУЛАГу... Я б такое ўтварыў з гэтымі каляндарыкамі...»
.

Ідэя з палітычнымі плякатамі — цікавая, спадар Барыс. Праўда, тыя сюжэты, якія вы апісваеце ў сваім лісьце, даўно ўжо выкарыстаныя мастакамі — на пачатку перабудовы гэтыя плякаты былі шырока вядомыя ў СССР.

Ідэя свабодаўскіх каляндарыкаў — у стварэньні галерэі сучаснага беларускага мастацтва. Гэтая сэрыя запачаткаваная дзесяць год таму, і многім людзям, абазнаным у жывапісе, яна даспадобы. Хоць, натуральна, мы ведаем, што сярод нашых слухачоў нямала прыхільнікаў зусім іншых мастацкіх густаў.

І яшчэ два кароткія паведамленьні, зьвязаныя з рэклямнымі каляндарыкамі «Свабоды». Наш слухач Віктар Лісоўскі піша:

«Капэрта зь лістом са „Свабоды“ была нахабна растрыбушаная. Беларускае гестапа не саромеецца, дае зразумець, што ўсё пад кантролем. На шчасьце, каляндарыкі да мяне дайшлі».

Менш пашанцавала іншаму нашаму сябру — Віктару Макарэвічу зь вёскі Няровы Валожынскага раёну. Ён паведамляе:

«Ліст са „Свабоды“, у якім вы пішаце, што высылаеце каляндарыкі, я атрымаў, але ў капэрце нічога не аказалася. Значыць, ліст быў кімсьці правераны. Я ўдакладняў на мясцовай пошце: там кажуць, што нічога падобнага не рабілі».

Што ж зробіш, калі камусьці са службовых асобаў так востра спатрэбілася інфармацыя з раскладам нашых перадач. А вы, спадар Віктар, не засмучайцеся: мы вышлем вам яшчэ адзін ліст з каляндарыкамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG