Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыя — Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Вэнэсуэлу намякнуў, што разглядае свайго малодшага сына Мікалая як пераемніка на прэзыдэнцкай пасадзе. На самой справе ніякай сэнсацыі няма, ці, дакладней, гэтай сэнсацыі гадоў так пяць.

У красавіку 2007 году на вялікай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытаньне рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча, сказаў:

«Самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца».

І праз год Лукашэнка паўтарыў, што прэзыдэнтам Беларусі стане яго малодшы сын.

І што новага ў параўнаньні з тымі заявамі было сказана ў Каракасе? Нічога. Тады было сказана нават больш пэўна.

Праўда, казаў і іншае, у пэўным сэнсе адваротнае. Напрыклад, 3 гады таму, у ліпені 2009 году ў інтэрвію аўстрыйскай Die Presse на пытаньне пра Колю-пераемніка Лукашэнка адказаў:

«У нас гэта немагчыма. І калі я гаварыў пра свайго малыша, то гэта быў звычайны жарт. Але журналісты гэта ўспрынялі чамусьці сур’ёзна».

Прасьцей за ўсё сказаць, што шчыры быў, калі казаў пра пераемніка ўсур’ёз, а аўстрыйцу проста дурыў галаву, кажучы тое, што замежнік хацеў пачуць. Але неабавязкова так.

Хутчэй за ўсё гэтыя супярэчлівыя заявы — такія пробныя шары і адначасна вынік унутраных супярэчнасьцяў кіраўніка Беларусі.

Праблема пераемнасьці, спадкаемства — самая складаная і балючая для аўтарытарнай неманархічнай улады. У манархіі прасьцей — мэханізм перадачы ўлады асьвечаны стагодзьдзямі, «кароль памёр, хай жыве кароль». Хаця і там, калі мэханізм псуецца, часам ліюцца рэкі крыві, як тое было, напрыклад, падчас вайны Чырвонай і Белай Ружаў у сярэднявечнай Англіі.

Ну дык, здаецца, у чым праблема? Мянялі Канстытуцыю колькі разоў, хіба складана памяняць на манархію? Праблема ў тым, што моц манархіі — у яе традыцыйнасьці, у масавай сьвядомасьці — адвечнасьці: гэта так, бо гэта было так заўсёды. А не ў хутка, ad hoc, прынятай паперцы.

З другога боку, тое, што думка ўсіх аўтарытарных уладароў схіляецца да перадачы ўлады менавіта сынам, радні, зусім невыпадкова. Гэтыя ўладары ўпарта выпустошваюць ня толькі палітычную, але і грамадзянскую прастору. У выніку ў грамадзтве зьнікаюць ці робяцца вельмі слабымі так званыя «даўгія» сувязі, людзі не давяраюць адно аднаму, пакладаючыся толькі на сваіх, на вузкае кола сяброў і сваяцтва.

Але ж уладары — ня толькі архітэктары, але і частка свайго грамадзтва, яны ж такія самыя. Яны таксама лічаць, што нікому нельга давяраць, што нож у сьпіну ўсадзіць самы блізкі, каму ты паверыў. Сябры? Ну на ўладным Алімпе з гэтым і пры дэмакратыі праблематычна, а ўжо пры дыктатуры... Застаецца адно: сваё семя, свая кроў. Таксама могуць здрадзіць бацьку і ягонай справе, але ня можа чалавек ужо нікому ня верыць. І вось бачым ужо трэцяга правадыра з дынастыі Кімаў у Паўночнай Карэі, Ілхама Аліева ў Азербайджане, Башара Асада ў Сырыі і многіх іншых. І развагі іх калегаў — Назарбаева, Карымава і г. д. Пра адно: каму зь людзей сваёй крыві перадаць уладу? Прычым, перадаць, каб трывала, каб ня скінулі празь месяц ці праз паўгода. Бо ж сапраўднай манархічнай шматвяковай легітымнасьці няма.

Так што Лукашэнка ў сваіх развагах зусім не ўнікальны ні ў кепскім ні ў добрым сэнсе, звычайны дэспат, заклапочаны звычайнай для дэспатаў праблемай.
Абцяжаранай яшчэ і асаблівасьцямі грамадзтва, якім давялося кіраваць. Памятаеце фразу з інтэрвію Die Presse: «У нас гэта немагчыма». Ня тое, што неканстытуцыйна, недэмакратычна ці што ён сам гэтага ня хоча. Дарэчы, ў верасьні 2007 году падчас апытаньня НІСЭПД у рэспандэнтаў высьвятлялі, як яны ставяцца да таго, каб пераемнікам А. Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта праз пэўны час стаў ягоны сын. Станоўча адказалі 16%, адмоўна — 68%, больш за дзьве траціны. Пры гэтым электаральны рэйтынг самога А. Лукашэнкі ў тым годзе складаў паводле апытаньня НІСЭПД 46%. Гэта значыць, што нават сярод яго прыхільнікаў ідэю перадачы ўлады ад іх куміра ягонаму сыну падтрымліваў толькі прыблізна кожны трэці. Малавата будзе. Праз год, у 2008-м, пытаньне было паўторанае, а лічбы атрымаліся, як укапаныя: за — 16%, супраць 67%.

Ну так, пярэчаньні вядомыя — апытаньні лухта, Лукашэнка ўсім кіруе, усім загадае і ўсё будзе так, як ён хоча. З такім вычвараным абагаўленьнем цяжка пагадзіцца і цяпер. Але ж размова не пра цяпер. А пра потым, калі яго ня будзе. А народны настрой — будзе. І прычым вось такі. І настрой ўладнай эліты будзе.

Усё ж пляны азіяцкіх уладароў перадаць уладу дзецям маюць больш трывалы грунт у тамтэйшых культурах. Мяне ўразіў нядаўні расповед грузінскага калегі, як сын кіраўніцы нацыянальнага цэнтру іспытаў праваліўся на іспыце ў магістратуру. Дык прэзыдэнт Саакашвілі яе запрасіў і сказаў на ўсю краіну: «Вы кепская маці, але выдатны чыноўнік — прыклад для ўсіх». Зьвярніце ўвагу на першую частку ўхвалы, крыху іранічную. А крыху і не. Не ўяўляю, дарэчы, такую ўхвалу ў вуснах беларускага прэзыдэнта. Не Лукашэнкі асабіста, а любога. Прэзыдэнт, хай ён будзе сто разоў рэфарматар, як ні шчыра жадаў бы ён зламаць народныя забабоны і традыцыі, усё роўна іх дзіця.

Там гэта натуральна, як паветра і шчодрая грузінская зямля: ну зразумела ж, што трэба цягнуць радню, што радня — гэта сьвятое. Іншых паводзінаў людзі не зразумеюць. Дырэктар базы гародніны думае, як перадаць пасаду радні, ну а прэзыдэнт... Як атрымаецца, зразумела, але памкненьне ператварыць уладу ў спадчынную ўспрымаецца публікай арганічна.

На думку многіх расейскіх экспэртаў прычынай тамтэйшага выбуху пратэсту сталі нават ня вынікі студзеньскіх думскіх выбараў (ну так — фальсыфікаваных, але што за дзіва і навіна), а публічнае нахабнае «вяртаньне ўлады» Мядзьведзевым Пуціну на зьезьдзе «Единой России». А здавалася б чаму? Улада і яе перадача — гэта ж справа ўлады, а вы, быдла, тут пры чым і што вам да таго? А вось аказалася пры чым і да таго.

Так што неабавязкова Лукашэнка быў зусім ужо няшчырым з аўстрыйскім журналістам, калі казаў «у нас гэта немагчыма». Але і інакш, зь яго пункту гледжаньня, немагчыма. Вось і пакутуе, небарака, над гэтай невырашальнай дылемай.

Так што, мяркую, яшчэ не адзін раз пачуем і намёкі на Колю-пераемніка, і тлумачэньні, што гэта жарт. «Кергуду, бамбарбія... шутка» — як казаў герой «Каўкаскай паланянкі».
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG