Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Каліноўскі: «Плошча — беларускі катарсіс»


Валер Каліноўскі ў адну з начэй сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы Менску

Валер Каліноўскі ў адну з начэй сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы Менску

У 2006 годзе слова «плошча» зьмяніла свой першапачатковы сэнс, што, на добры розум павінна быць зафіксавана ў тлумачальных слоўніках. Пасьля акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на Кастрычніцкім пляцы Плошча стала сынонімам народнага вулічнага супраціву. Радыёхроніка масавага пратэсту ў сакавіку 2006-га сталася кнігай сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Яе ўкладальнік Валер Каліноўскі сёньня нашым госьцем.

— Валер, вы тады зрабілі шмат рэпартажаў з таго пляцу, з тае Плошчы. А на вашу думку, чым сталі для Беларусі тыя тры сакавіцкія дні і чатыры начы?

— Што ж, сапраўды, нашыя рэпартажы з Плошчы былі жывымі, мы паведамлялі нашым радыёслухачам і чытачам нашага сайту пра падзеі Плошчы-2006 у рэжыме рэальнага часу. Кнігу «Плошча» мы складалі па гарачых сьлядах, і вось цяпер зь пэўнай гістарычнай пэрспэктывы, а прайшло ўжо болей за 6 гадоў, сапраўды можна паспрабаваць ацаніць гэтую падзею ў ланцугу найноўшай гісторыі
І таму я зусім не выключаю, што лукашэнкаўскі рэжым знойдзе канец на Плошчы — на наступнай, ці на адной з наступных ...

барацьбы за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Яна заняла ў гэтым ланцугу значнае месца. У 2006-м менская Плошча сталася рэалізацыяй беларускага натхненьня, якое ішло з пераможнага кіеўскага Майдану 2004-га. Гэта было беларускае паўстаньне за волю і годнасьць, толькі не крывавае, а паўстаньне духу, адчайны выклік уладам і заклік да нацыі: «Людзьмі звацца!». Гэта было паўстаньне, якое ўлады прагназавана задушылі, але перажылі яны яго вельмі складана. Мы памятаем, як Лукашэнка пасьля Плошчы некалькі тыдняў не зьяўляўся на экранах і адкладваў сваю інаўгурацыю. Плошча паказала народу альтэрнатыву, паказала, што ёсьць нязгодныя з дыктатурай, што іх шмат. Удзельнікі Плошчы былі самаахвярнымі і дамагаліся справядлівасьці, яны былі ідэалістамі, магчыма, наіўнымі, але калі такіх наіўных і самаахвярных ідэалістаў не застанецца, то што чакае нашую нацыю, ці застанецца ў яе будучыня? Плошча-2006 нарадзіла Плошчу-2010. Гэтым разам улады зрабілі ўсё, каб не паўтарыўся сцэнар 2006 году, пайшлі на правакацыі, разгоны, арышты, парвалі адносіны з Захадам, якія нібыта адбудоўваліся ў 2008— 2010 гадах, але не далі людзям паставіць намёты, стварыць такі ж востраў свабоды, які быў у 2006 годзе. Многія палітолягі дагэтуль спрабуюць знайсьці адказ, чаму Лукашэнка так брутальна разагнаў дэманстрацыю 19 сьнежня 2010 году? Мой варыянт адказу — таму што ён баўся паўтарэньня Плошчы 2006 году, баяўся росту салідарнасьці сярод незадаволеных ягоным праўленьнем, ланцуговай рэакцыі і, урэшце, рэвалюцыі, якая скінула б яго з трону. І таму я зусім не выключае, што лукашэнкаўскі рэжым знойдзе канец на Плошчы — на наступнай, ці на адной з наступных.

— Вы назвалі Плошчу-2006 беларускім паўстаньнем, натхнёным кіеўскім Майданам... І тут мне прыгадваюцца тагачасныя загалоўкі ў газэтах і на сайтах — айчынных і замежных: Тэрыторыя Свабоды, Плошча дэмакратыі, Краіна ў краіне... Аляксандар Лукашук назваў кругласуткавыя рэпартажы з Плошчы «нацыянальнай акустыкай менскага цуду». А наколькі далёка чуцён быў розгалас гэтай падзеі, дзякуючы згаданай акустыцы, — у беларускай глыбінцы, у замежжы?

— Беларусы ў 2006 годзе ехалі на Плошчу з усіх куткоў краіны, рэпрэсіўныя органы арыштоўвалі людзей на далёкіх подступах да Плошчы, у самых розных
мая сяброўка з Варшавы Ганна Энгелькінг распавяла, што ў тыя дні яе 6-гадовы сын Юзік клаў у свой заплечнік тэрмас і казаў маме: паехалі ў Менск на Плошчу ...

гарадах. Думаю, што амаль усе беларусы пачулі голас Плошчы, але толькі самыя рашучыя і адчайныя далучаліся да пратэстоўцаў. У тыя дні Плошча сталася падзеяй нумар адзін для большасьці народу, і трэба прызнаць, што яна падзяліла беларусаў: хтосьці спачуваў дэманстрантам, хтосьці выступаў супраць іх чыну — падтрымліваў уладу. Прыкладам такога падзелу думак, прыкладам вострага напалу эмоцыяў сталіся тэлефанавананьні на тэлефон-аўтаадказьнік Свабоды, частка зь якіх увайшла ў кнігу «Плошча». А для замежжа менская Плошча ў 2006 годзе сталася тэмай нумар адзін у СМІ; рэпартажы, фотаздымкі з Плошчы стаялі на першых палосах сусьветных выданьняў. У дэмакратычным сьвеце тыя падзеі выклікалі вялізную хвалю салідарнасьці. Неяк пасьля Плошчы мая сяброўка з Варшавы Ганна Энгелькінг распавяла, што ў тыя дні яе 6-гадовы сын Юзік клаў у свой заплечнік тэрмас і казаў маме: паехалі ў Менск на Плошчу, завязем гарбаты і бутэрбродаў, міліцыянты ня будуць мяне абшукваць, бо я яшчэ маленькі... Тады міліцыянты арыштоўвалі людзей за тэрмасы і бутэрброды, якія яны несьлі для паўстанцаў. Людзі ў замежжы спачувалі беларусам, якія стаялі на Плошчы, паважалі за іх рашучасьць. Тыя падзеі — сапраўды адна з падставаў нацыянальнага гонару.

— Маленькі паляк, які пакуе заплечнік і зьбіраецца ў Менск — кранальны факт... Вы ўжо сказалі, што Плошча-2006 нарадзіла Плошчу-2010. Тады месца дзеяньня перанеслася да Дому Ўраду, на Плошчу Незалежнасьці. Калі параўнаць гэтыя дзьве Плошчы — чым яны розьніліся, чым былі падобныя?

— У 2010 годзе была спроба паўтарэньня досьведу 2006-га году, магчыма, са спадзевам на больш пазытыўны вынік. Гэта было такое ж паўстаньне беларускага духу і волі, масавы выступ тых беларусаў, хто прагнуў справядлівасьці. Як і ў 2006-м, людзі прыйшлі на заклік апазыцыйных кандыдатаў, але галоўная роля належала ім, а не палітыкам. Плошча-2010 была меней арганізаваная, чым яе папярэдніца ў 2006-м. У 2010-м шмат гаварылі пра Плошчу, але мала рыхтаваліся да яе, куды больш рыхтаваліся ўлады. І гэта прадэманставаў вынік. Дагэтуль у беларускіх турмах сядзяць вязьні апошняй Плошчы, у тым ліку кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Доўга сядзелі і за першую Плошчу, у прыватнасьці, Аляксандар Казулін. І тут трэба прызнаць, што ўзровень жортскасьці і брутальнасьці ўладаў у барацьбе з Плошчай, у падаўленьні пратэстаў за апошнія гады значна ўзрос.

— Слова Плошча проста не магло ня трапіць у «Слоўнік Свабоды». У сваім эсэ, разважаючы над фэномэнам Плошчы, філёзаф Валянцін Акудовіч гаворыць, што тады на цэнтральным менскім пляцы не намёты былі пастаўленыя, а — трагічная драма, і акцэнтуе ўвагу менавіта на эстэтычным зьмесьце Плошчы. Калі браць пад увагу гэты аспэкт, што вам як відавочцу запомнілася?

— Плошча-2006 была прыгожай, там гучала найлепшая музыка, там гаварылі па-беларуску, там былі прыгожыя і годныя людзі. Там ішла барацьба дабра і зла. На Плошчы часамі адчувалася эўфарыя, а часамі паняверак, Плошча хвалявала ўсіх, яна нахтняла, яна расчароўвала, яна выклікала радасьць, а часам сьлёзы, яна сапраўды была народнай драмай, і ў фінале яна зрабіла пэўнае ачышчэньне, на жаль, няпоўнае. Калі гаварыць у эстэтычных катэгорыях, то Плошча сапраўды сталася беларускім катарсісам. Што да нейкіх асобных актаў гэтай драмы, то іх запомнілася шмат, цяжка сказаць, які зь іх самы прыгожы — можа, эпізод, калі хлопец зь бел-чырвона-белым сьцягам ехаў паўз Плошчу на даху аўтобуса, а можа, калі людзі цьвёрда трымаліся ў суровую сьнежную завею, або калі ўначы хлопцы з Плошчы прарываліся праз кардоны міліцыі па ваду. Плошча была пэрымэтрам гераізму, там было шмат станоўчых герояў, моцных пачуцьцяў і прыгожых эпізодаў.

— Я прыгадваю той час і ўспамінаю, які шквал званкоў абрынуўся тады на Радыё Свабода. Іх не пасьпявалі даваць у эфір. Многія з тых званкоў улучаныя вамі ў кнігу. Які іхні асноўны матыў?

— Званілі людзі з рознымі меркаваньнямі, у тым ліку супрацьлеглымі, выказваліся і «за», і «супраць» пратэстаў, але асноўны матыў большасьці тэлефанаваньняў я дазволю сабе сфармуляваць наступным чынам: людзі ў асноўным казалі, што выбары прэзыдэнта 2006 году былі несумленныя, што Лукашэнка іх сфальшаваў, каб застацца ва ўладзе, што мужныя людзі выйшлі пратэставаць на Кастрычніцкую плошчу, але шкада, што іх не падтрымала большая частка народу... Тыя тэлефанаваньні на Свабоду сапраўды сталіся нечым унікальным, такім калектыўным народным голасам, які быў зафіксаваны на нашым радыё і адлюстраваны ў кнізе «Плошча».

— Плошча, літаральна запоўненая народам, уся ў бел-чырвона-белых сьцягах... Здавалася, крытычная маса дасягнутая... Як бы вы ацанілі дзеяньні лідараў Плошчы-2006 — Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна ў тыя дні?

— Лідары не чакалі такой масавай рэакцыі на іх заклік да пратэсту, яны дзейнічалі асьцярожна, у першы дзень яны людзей рапусьцілі. Мілінкевіч і Казулін не хацелі радыкалізаваць падзеі, яны выступалі за мірны пратэст, не хацелі крывавых сутыкненьняў і ахвяраў. Але яны адгукаліся на запыты Плошчы, патрабаваньні людзей заставацца, ставіць намёты. Лідары відавочна расьлі разам з агульнымі настроямі Плошчы. А тое, што яны ўтрымалі гэтыя пратэсты ў мірным рэчышчы, то гэта несумненная іх заслуга. Мілінкевіч і Казулін змагаліся не за ўладу для сябе, а за волю і дэмакратыю для беларускага народу. Плошча-2006 завяршылася маральнай перамогай гэтых людзей і тых, хто пайшоў за імі.

— Многім запомніўся арыштаваны і адвезены ў пастарунак Звон Свабоды — гэта ўспрымалася вельмі сымбалічна. Але Плошча не маўчала. Фактычна яе голасам сталі журналісты Свабоды, іншых незалежных выданьняў. Як бы вы ацанілі працу вашых калегаў — вашых суатараў па кнізе «Плошча»?

— Мы былі часткай Плошчы, мы нават былі яе "спэцназам«— перш за ўсё таму,
Мы мерзьлі разам з усімі пратэстоўцамі бяссоннымі начамі, мы радаваліся і засмучаліся, ад гэтых чалавечых пачуцьцяў нельга было абстрагавацца ...

што прысутнасьць журналістаў на Плошчы так доўга стрымлівала агрэсіўныя дзеяньні рэальнага спэцназу. Зразумела, што мы былі голасам Плошчы, мы даносілі інфармацыю пра тыя падзеі ўсяму народу і сьвету. Мы мерзьлі разам з усімі пратэстоўцамі бяссоннымі начамі, мы радаваліся і засмучаліся, ад гэтых чалавечых пачуцьцяў нельга было абстрагавацца. Гэта ж перажывалі і журналісты амэрыканскіх, францускіх, чэскіх СМІ, зь якімі я працаваў на Плошчы, і якія казалі мне пра свае эмоцыі. Гэта была сапраўды экстрэмальная праца, але плённая і захапляючая. Нам падавалася, што творыцца гісторыя, і мы бачылі сябе сьведкамі гэтага.

— І апошняе пытаньне — традыцыйнае. Што з «Бібліятэкі Свабоды», на вашу думку, вартае перавыданьня?

— Многія кнігі з названай сэрыі сталі рарытэтамі, у тым ліку і «Плошча». Я вітаў бы перавыданьне «Плошчы», але тут я хацеў бы выказацца на карысьць кнігі Ўладзімера Арлова «Імёны свабоды», прысьвечанай драматычным лёсам змагароў за волю і незалежнасьць Беларусі.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG