Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сутак адміністрацыйнага арышту грамадзкі актывіст Іван Амельчанка атрымаў нібыта за нецэнзурную лаянку. Праваабаронцы кажуць пра чарговую хвалю прэвэнтыўных затрыманьняў напярэдадні сьвяткаваньня 3 ліпеня.

27 чэрвеня сястра Івана Амельчанкі Інга перадала яму ў ізалятар на Акрэсьціна перадачу: пітную ваду і рэчы для гігіены. Дакладных абставінаў затрыманьня брата Інга дагэтуль ня ведае. Іванавы сябры кажуць, што яго затрымалі 26 чэрвеня пасьля 14 гадзіны, калі ён выйшаў з кватэры і накіраваўся на прызначаную сустрэчу. Увечары ім стала вядома, што Амельчанку асудзілі на 15 сутак. Чым займаўся Іван з часу выхаду на волю пасьля апошняга арышту?

«Зьезьдзіў дапамагчы маці, тут даў некалькі інтэрвію журналістам, зьбіраў паперы, каб аспрэчваць мінулы арышт. Папрацаваць будаўніком, як было раней, нават не пасьпеў. Усяго ж два тыдні мінула, як выйшаў на волю».

У адным з інтэрвію Іван Амельчанка, вядомы як аўтар пэрформансу «Мусарок» падчас Чарнобыльскага шэсьця, сказаў журналістам, што зьбіраецца і далей выяўляць грамадзкую актыўнасьць, але не ўдакладніў, чым менавіта будзе займацца. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што Іван Амельчанка стаў ахвярай чарговай хвалі прэвэнтыўных затрыманьняў, прымеркаванай да 3 ліпеня.

«Вельмі шкада, што нашы суды і судзьдзі ўцягнутыя ў гэтыя незаконныя дзеяньні. Гэта проста яскрава сьведчыць пра тое, ува што ператварылася прававая сыстэма ў краіне».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч таксама нагадаў пра журналіста «Эўрарадыё» Паўла Сьвярдлова, арыштаванага на 15 сутак нібыта за брыдкаслоўе. Праваабаронца мяркуе, што насамрэч журналіста пакаралі за рэпартаж, у якім было паказана, як непрафэсійна некаторыя міліцыянты ахоўваюць станцыі мэтро ад магчымых тэрарыстаў.

«Яму адпомсьцілі, як зараз Івану Амельчанку працягваюць помсьціць», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.


Наста Лойка

Наста Лойка

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка нагадала пра актывістаў, якія адбываюць у гэтыя дні адміністрацыйныя арышты ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Гэта журналіст Павал Сьвярдлоў, актывісты «Гавары праўду» Павал Вінаградаў і Аляксандар Арцыбашаў, а зараз і Іван Амельчанка. Паводле Насты Лойкі, некаторых зь іх міліцыянты наўпрост папярэджвалі, што іх зноў арыштуюць перад 3 ліпеня. Праваабаронца не выключае новых затрыманьняў:

«Хутчэй за ўсё сьпіс будзе папаўняцца, бо супрацоўнікі міліцыі тым актывістам, якія сядзелі перад прыездам Пуціна, наўпрост пагражалі арыштамі перад 3 ліпеня. Гэта гучала і адносна маладафронтаўцаў, і адносна Івана пэрсанальна. Вось яны пачалі гэтыя пагрозы выконваць».

Івана Амельчанку судзіла судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Марына Запасьнік. У канцылярыі суду сказалі, што камэнтароў да прысуду ня будзе.
XS
SM
MD
LG