Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэнацкі камітэт ЗША па замежных справах ухваліў праект закону аб увядзеньні жорсткіх санкцый супраць расейскіх афіцыйных асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека.

Калі закон у цяперашнім выглядзе будзе прыняты Кангрэсам і падпісаны прэзыдэнтам, то гэтай катэгорыі расейскіх чыноўнікаў будзе адмоўлена ва ўезьдзе ў ЗША, а іх актывы, разьмешчаныя на тэрыторыі Злучаных Штатаў, будуць замарожаныя. У першую чаргу закон накіраваны супраць некалькіх дзясяткаў расейскіх службовых асобаў, якія, як мяркуецца, датычныя да турэмнага зьняволеньня, катаваньняў і сьмерці юрыста брытанскага інвэстыцыйнага фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага.

Ініцыятар законапраекту сэнатар Бэнджамін Кардын, адзначыўшы аднадушную падтрымку дакумэнта калегамі ад абедзьвюх партый, выказаў упэўненасьць, што палата прадстаўнікоў, якая раней прыняла сваю вэрсію закону, ня будзе супраць больш строгага сэнацкага варыянту.

Першапачаткова ў «Закон Магніцкага» было закладзенае патрабаваньне даводзіць да агульнага ведама імёны тых, хто падпадае пад санкцыі. Аднак у цяперашнім яго варыянце дзяржсакратару ЗША дазваляецца трымаць гэтыя імёны ў таямніцы на сваё меркаваньне — пры ўмове штогадовай справаздачы перад заканадаўцамі аб прычынах засакрэчваньня.

За дзьве гадзіны да сэнацкага галасаваньня незалежная міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House правяла недалёка ад Капіталійскага ўзгорку сусьветную прэм’еру фільму «Архіў Магніцкага: арганізаваная злачыннасьць у расейскіх дзяржаўных органах». 17-хвілінная дакумэнтальная стужка распавядае ня толькі пра абставіны сьмерці Магніцкага, але і пра шакуючыя сувязі паміж арганізаванай злачыннасьцю і расейскімі службовымі асобамі. Стужка зьяўляецца плёнам расьсьледаваньня, праведзенага калегамі Магніцкага, у ёй прадстаўленыя новыя сьведчаньні фальсыфікацый, змовы і забойства юрыста інвэстыцыйнага фонду. Вось як пракамэнтаваў стужку Ўільям Браўдэр, кіраўнік Hermitage Capital:

«Сябры, калегі і дзелавыя партнэры Сяргея Магніцкага стварылі і падтрымліваюць вэбсайт „Недатыкальныя расейцы“. За апошнія некалькі гадоў яны правялі шэраг расьсьледаваньняў і зьнялі фільмы, якія дэталёва паказваюць, хто тыя людзі, якія адказныя за сьмерць Сяргея Магніцкага, і як яны разбагацелі пасьля яго сьмерці. Фільм, які быў паказаны ў дзень прыняцьця „Закону Магніцкага“, — вынік доўгага і дбайнага вывучэньня ўсіх абставінаў гэтай справы».

У стужцы распавядаецца аб крадзяжы групай расейскіх чыноўнікаў ва ўласнай дзяржавы сумы, эквівалентнай 230 мільёнам даляраў ЗША. Вось толькі адзін факт з выяўленай Магніцкім афёры зь незаконным падатковым вяртаньнем: актывы, набытыя кіраўніком інспэкцыі № 28 Фэдэральнай падатковай службы Вольгай Сьцяпанавай адразу пасьля ўхваленьня ёю незаконнага вяртаньня падаткаў, склалі звыш 38 мільёнаў даляраў. Паводле аўтараў фільму, ключавой фігурай, якая стаяла за ашуканскімі схемамі, быў уладальнік колішняга Ўнівэрсальнага банку ашчаджэньняў Дзьмітры Клюеў.

Сярод гасьцей вашынгтонскай кінапрэм’еры пра справу Магніцкага быў сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн:

«Гэтая гісторыя павінна быць расказаная па ўсім сьвеце. Мы ўбачылі пераканаўчыя падрабязнасьці крадзяжу дзяржаўных сродкаў. У фільме паказаная сувязь паміж расейскімі дзяржслужбоўцамі і буйной міжнароднай арганізаванай злачыннай групоўкай пад кіраўніцтвам так званай „групы Клюева“. Паказанае ў гэтым фільме павінна выклікаць трывогу ў кожнага амэрыканца. Мэханізм адмываньня грошай той самы, што ў мэксіканскіх наркакартэляў, у іранскіх і паўночнакарэйскіх гандляроў зброяй. Я накіраваў прэзыдэнту Бараку Абаму ліст з просьбай даручыць яго адміністрацыі падрабязна вывучыць гэтую важную інфармацыю і, калі неабходна, увесьці санкцыі супраць групы Клюева.

Я ўпэўнены, што мы маем усе падставы прыняць „Закон Магніцкага“ ва ўвязцы з наданьнем Расеі рэжыму сталых нармальных гандлёвых адносін з ЗША. Бэн Кардын і многія яго калегі-сэнатары ясна далі зразумець Беламу дому, што нязгодныя з усталяваньнем такога рэжыму, калі „Закон Магніцкага“ ня будзе прыняты ва ўсёй яго цэласьці. Адміністрацыя неаднаразова спрабавала выпусташыць гэты законапраект. Але заканадаўцы адкінулі ўсе гэтыя спробы, у тым ліку ідэю аб невыдаваньні імёнаў чыноўнікаў зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Прадстаўнікі расейскіх уладаў заяўляюць, што гэта антырасейскі законапраект. Але я лічу яго як раз прарасейскім. Я не сумняваюся, што расейскія грамадзяне хочуць прыцягнуць да адказу і пакараць за злачынствы карумпаваных чыноўнікаў. Думаю, яны згодныя з намі ў тым, што карумпаваныя чыноўнікі, якія скралі сотні мільёнаў даляраў у расейскай дзяржавы, не павінны хаваць грошы ў амэрыканскіх банках і выкарыстоўваць іх для паездак у ЗША».

Прэзыдэнт Freedom House Дэйвід Крэймэр спадзяецца, што «закон Магніцкага» стане важным інструмэнтам, які абмяжуе злоўжываньні:

«„Закон Магніцкага“ ня зможа палепшыць сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека ў цэлым. Але ён здольны абмежаваць свабоду дзеяньняў чыноўнікаў, якія злоўжывалі ўладай і спрыялі сьмерці Магніцкага. Яны зрабілі гэта таму, што мелі ўсе гарантыі беспакаранасьці. Падобнае адбываецца ня толькі ў Расеі, але і ў многіх іншых рэгіёнах сьвету. Я думаю, што прыняцьце „Закону Магніцкага“ абавязкова нешта зьменіць у сьвеце ў справе правоў чалавека».
XS
SM
MD
LG