Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зорка Карабоба» Віктара Шэймана


Віктар Шэйман

Віктар Шэйман

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавес на знак падзякі Віктару Шэйману за асабісты ўнёсак у рэалізацыю пагадненьняў паміж урадамі дзьвюх краін уручыў яму ордэн «Зорка Карабоба».

Узнагароджаньне адбылося ў вайсковай акадэміі гарнізона «Фуэртэ цівуна», падчас урачыстасьцяў, прысьвечаных сьвяткаваньню Дня Баліварыянскай нацыянальнай арміі і 191-годдзя бітвы пры Карабоба, паведамляе tut.by.

У сваёй прамове, адрасаванай Шэйману, вэнэсуэльскі прэзыдэнт адзначыў яго заслугі ў «ініцыяваньні новых сумесных праектаў, накіраваных на наданьне дадатковага імпульсу двухбаковым адносінам». Пры гэтым Чавес нагадаў, што праца сумеснай камісіі (з беларускага боку яе ўзначальваў Віктар Шэйман) праходзіла напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Каракас.

Ордэн «Зорка Карабоба,» мае адну ступень, уручаецца вайсковым і грамадзянскім асобам за асаблівыя заслугі перад Узброенымі сіламі і Вэнэсуэлай. Ён выкананы ў выглядзе срэбнай трыццацідвухканцовай зоркі, носіцца на ланцугу. На адным баку ордэна — мэдальён з выявай герба Ўзброеных сіл, на ўнутраным — надпіс «Зорка Карабоба».

Бітва пры Карабоба, адбылася 24 чэрвеня 1821 года і прывяла да канчатковай перамогі насельніцтва Вэнэсуэлы над каляніяльнымі войскамі Гішпаніі.

Віктар Шэйман, бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі, з 2009 года працуе памочнікам прэзыдэнта Беларусі па асаблівых даручэньнях, зьяўляецца сустаршынёй беларуска-вэнэсуэльскай камісіі па супрацоўніцтве. Раней Шэйман працаваў сакратаром Рады Бясьпекі, генэральным пракурорам.

З 2004 году Шэйман зьяўляецца неўязным у краіны Эўразьвязу і ЗША. Яго падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999–2000 гадах.
XS
SM
MD
LG