Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ заклікала Беларусь правесьці справядлівыя выбары


Камітэт у палітычных пытаньнях Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы выступіў з заявай наконт будучых выбараў у Беларусі.

«У сувязі з маючымі адбыцца парлямэнцкімі выбарамі 23 верасьня 2012 года ў Беларусі Камітэт па палітычных пытаньнях і дэмакратыі заклікае беларускія ўлады адкрыць палітычную прастору і выконваць свае абавязацельствы перад АБСЭ адносна стандартаў свабодных і справядлівых выбараў, выбарчай рэформы, свабоды СМІ і захаваньня правоў чалавека.

Камітэт шкадуе, што Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ў апошні час вырашыла, што не будзе ніякіх зьменаў у выбарчае заканадаўства да парлямэнцкіх выбараў, у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Камітэт таксама выказвае сур’ёзную заклапочанасьць з нагоды арыштаў абаронцаў правоў чалавека, палітычных апанэнтаў і журналістаў, якія працягваюцца ў Беларусі, і шкадуе, што некаторыя зь іх застаюцца ў турме, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі з боку Парлямэнцкай Асамблеі і міжнароднай супольнасьці ў цэлым з патрабаваньнем вызваліць іх і аднавіць іх правы», — цытуе заяву Камітэта ПАРЭ прэсавая служба Рады Эўропы.

Камітэт ПАРЭ заклікаў беларускае кіраўніцтва спрыяць дэмакратычным і справядлівым парлямэнцкія выбарам, свабодзе выказваньня меркаваньняў, асацыяцый і сходаў, а таксама захаваньню палітычных правоў для ўсіх апазыцыйных рухаў.

Камітэт ПАРЭ таксама настойліва заклікаў улады Беларусі дазволіць міжнародным назіральнікам прыбыць у краіну для маніторынгу выбараў, а таксама дапусьціць міжнародных абаронцаў правоў чалавека для кантролю за выкананьнем асноўных свабодаў у пэрыяд выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG