Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магутны Божа» адкрылі духоўным гімнам беларусаў


З выкананьня гімну паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Міколы Равенскага «Магутны Божа» 26 чэрвеня ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыцьцё міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Гімн «Магутны Божа» грамада слухала стоячы, некаторыя падпявалі. Зводнымі харамі, якія выконвалі гімн, дырыгаваў расейскі музыка, старшыня журы конкурснай праграмы фэстывалю Станіслаў Калінін.

Адкрыў XVII фэстываль «Магутны Божа» старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка. Выступаў ён па-расейску.

«Фэстываль духоўнай музыкі — яркі прыклад нацыянальнай і міжканфэсійнай згоды, міру на беларускай зямлі. Важна тое, што ён аб’ядноўвае людзей розных краінаў і народаў на падставе духоўнасьці, чысьціні ідэяў і намераў...», — адзначыў у выступе Станіслаў Барадаўка.

Зь вітальнымі прамовамі на адкрыцьці фэстывалю выступілі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Магілёўскі й Мсьціслаўскі Сафроній, а таксама пастар рэлігійнай эвангэлічна-лютаранскай грамады Магілёва Іван Масюра.



Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Гэты фэстываль, які нясе хрысьціянскія каштоўнасьці, пакліканы, каб данесьці іх да людзей, каб іх разьвіваць. Сказаць чалавеку аб тым, што ён павінен будаваць сваю будучыню на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Дзякую за аднаўленьне гэтага фэстывалю. Хачу пажадаць гэтаму фэстывалю, голас якога магутна гучыць над магутнай ракой Дняпро, каб ён данёсься да як мага большай колькасьці людзей, каб яны прынялі хрысьціянскія каштоўнасьці і на іх будавалі новы сьвет, новае жыцьцё — новую Беларусь. Няхай цябе блаславіць Бог».

Фэстываль «Магутны Божа» не праводзіўся два апошнія гады. Як заяўляюць у аргкамітэце — празь фінансавыя цяжкасьці.

У сёлетнім фэстывалі бяруць удзел музыкі зь Беларусі, Расеі, Баўгарыі, Вэнэсуэлы, Гішпаніі, Італіі, Польшчы, Сэрбіі, Украіны ды Нямеччыны.

Уладальнік гран-пры атрымае разам з дыплёмам пераможцы конкурсу 1500 даляраў. Завершыцца фэст упершыню за ўсю яго гісторыю на стадыёне "Спартак" 29 чэрвеня.



Упершыню фэстываль духоўнай хрысьціянскай музыкі «Магутны Божа» адбыўся ў 1993 годзе. Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн «Магутны Божа» на мове арыгіналу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG