Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду — у Менску на Арт-сядзібе


5 і 6 ліпеня прайшлі прэзэнтацыі новай кнігі ў Бібліятэцы Свабоды «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — пра першае публічнае аб’яднаньне моладзі новага часу (1980). Гэта завяршальны акорд у сэрыі сёлетніх прэзэнтацыяў на 10-я ўгодкі Бібліятэкі Свабоды.

6 ліпеня прайшла дыскусія вакол новай кнігі на Арт-сядзібе (вул. Куйбышава, 22).

Карэспандэнт Свабоды Іна Студзінская перадае зь месца падзеі:

«У Арт-Сядзібе сёньня даволі шмат народу, публіка розная, І тыя, хто ўчора былі, і новыя. У чым розьніца ад учора? Сёньня выступаюць ня толькі ўдзельнікі «Майстроўні», але і іншыя, якія бачылі «Майстроўню» звонку.

Уражаньнямі падзялілася Валянціна Трыгубовіч. Яна тады працавала ў газэце «Голас Радзімы». Яна тады апублікавала вялікі артыкул, на вокладцы газэты быў вялікі здымак Вячоркі з казой на Каляды. Яна распавяла, што ў той час была ў іншым аб’яднаньні — «На паддашку» зь Яўгенам Куліком. Маўляў, вось удзельнікі «На паддашку» кніжку ня выдалі, а майстроўцы зрабілі.

Як заўважыў выкладчык БДУ Ігар Запрудзкі, менавіта ўспаміны, матэрыялы вельмі важныя, што калісьці прыйдзецца пісаць сапраўдную гісторыю Беларусі, якой няма. Ён параіў пісаць мэмуары, таму што ў памяці ўсё сьціраецца. І вось гэтыя аўтэнтычныя сьведчаньні ўдзельнікаў вельмі важныя.


Вельмі цікавы выступ Ірыны Дубянецкай, яна распавяла, чаму не была ў «Майстроўні». Схадзіла на адно паседжаньне. Паводле яе словаў, Ларыса Сімаковіч там усіх строіла, маўляў, давай Вінцук, сьпявай, Сяржук, сьпявай… Яна ня ведала, што такое Сяржук і Вінцук, думала, што гэта мянушкі і прозьвішчы, бо моладзь ня ведала беларускіх імёнаў. Але вельмі шкадуе яна, што ня трапіла ў «Майстроўню» пасьля першага, які стаў апошнім, пікету, 13 чэрвеня 1984 — супраць разбурэньня былога будынку тэатру, дзе была пастаўлена першая беларуская опэра «Сялянка». У тым месцы цяпер стаіць гатэль «Эўропа». Вось моладзь тады выйшла і не давала разбурыць гэты будынак «з пагонямі», які ў Менску людзі ведалі. Вось тады яна пашкадавала, што яна ня там.


А Вячорка распавёў, як паводзілі сябе міліцыянты, яны ня ведалі, што рабіць зь пікетоўцамі, іх прывезьзі ў міліцыю. Ларысу Сімаковіч адпусьцілі пакарміць дзіцёнка, а яна прынесла сала. І кажа, было такое зьдзіўленьне міліцыі, што ж рабіць?»




"Майстроўцы" сьпявалі, як і ў 80-ыя. Рэпартаж з прэзэнтацыі 5 ліпеня





Майстроўня — аватар свабоды


"Майстроўня дала аватар свабоды, які цяпер заўсёды будзе на мапе Беларусі, разам з выспай філяматаў і філярэтаў, вулканам паўстаньня Каліноўскага, морам Нашай Нівы, гарамі БНР, далінамі Грамады і ТБШ, крыніцамі Саюзу беларускіх патрыётаў, садамі мастакоў, музыкаў і паэтаў, якія вырасталі ў нежывых, як на Месяцы, пустынях русіфікацыі і дэспатыі ды ператваралі мёртвы ляндшафт у родны кут" — з прадмовы дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука да кнігі Сяргея Дубаўца.


Дубавец: Сам час яе клікаў, і яна прыйшла


"Гэтая гісторыя пачалася на Каляды напрыканцы 1980-га. Так безнадзейна пуста было на Цэнтральнай плошчы ў Менску, так халодна й цёмна, што раптоўны натоўп калядоўнікаў, які ўваліўся ў гэтую халодную цёмную пустату, выглядаў ці то дурным жартам, бо тады не жартавалі, ці то збоем у адзінстве часу й месца, ці то праўдзівым цудам.« — з прадмова Сяргея Дубаўца да кнігі «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду».

Ніна Здановіч: «Гэтая кніга — прыклад для моладзі, як і што рабіць нацыянальнага»


Ніна Здановіч

Ніна Здановіч

«Майстроўня да выхаду кнігі заставалася нашымі асабістымі ўспамінамі і віртуальнай прасторай, якая існавала дзякуючы перадачам, якія былі на радыё. А пакаленьне „майстроўцаў“ — гэта пакаленьне, якое прывыкла да папяровай кнігі. Віртуальная прастора — гэта толькі дадатак да матэрыяльнай прасторы. Таму выхад кніжкі — такі бальзам на душу тым, хто памятае сваё юнацтва, неаддзельнае ад ідэяў Майстроўні, ад таго энтузіязму, ад таго ўздыму патрыятычнага, які быў дзякуючы таму, што існавала Майстроўня.

Ігар Марачкін: «Мы першыя бралі шлюб у нацыянальных строях і па народным звычаі»


Ігар Марачкін

Ігар Марачкін

«Гэта той час, тая наша маладосьць, каторая заўсёды будзе цешыць нас. Тое, што мы рабілі ў той час, мы рабілі шчыра, мы рабілі без усякай карысьлівасьці. У нас была вера ў ідэю, якую мы стараліся спраўдзіць і данесьці іншым. Таму мы з галавой кінуліся ў гэты вір. Вывучалі народнае мастацтва, гісторыю Беларусі, мову, пашыралі кола сяброў, далучалі да сябе ўсё новых і новых.

Ірына Марачкіна: Назву «Майстроўні» я прапанавала па аналёгіі з заходнебеларускай суполкай


Ірына Марачкіна

Ірына Марачкіна

Мы сабраліся і абмяркоўвалі, як бы нам назвацца. Кожны павінен быў прыдумаць сваю назву. Я ў той час была захопленая пэрыёдыкай Заходняй Беларусі, начыталася «Шляху моладзі» і іншых заходнебеларускіх выданьняў. Таму і сказала, што наша дзейнасьць вельмі падобная да дзейнасьці Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні ў Вільні. Мы і сьпяваем, мы і ставім спэктаклі, мы і найперш беларуская суполка. Гэтая назва зачапіла, спадабалася. Я думаю, што назва атрымалася цікавая і запамінальная.


Алена Анісім: «Спадзяюся, кніга пра „Майстроўню“ будзе важная ня толькі нам»



Алена Анісім

Алена Анісім

«Прыемна ўражаная выхадам гэтае кнігі і ўвогуле самім праектам, таму што гэта была наша маладосьць, шчырасьць, адкрытасьць, наша надзея, наша мара, наша спадзяваньне. Увогуле — мы жылі гэтым».





Івашкевіч: «Майстроўня» была асяродкам прадукаваньня людзей з нацыянальнай сьвядомасьцю


«Куды б іх лёс ні кідаў, яны ўсю гэтую беларушчыну, якая ўмацавалася ў іх сэрцах і душах падчас «Майстроўні», несьлі і нясуць усё сваё жыцьцё, незалежна ад таго, чым яны займаюцца«.






Лойка: Па кнізе Дубаўца нашчадкі будуць вывучаць гісторыю




«Майстроўня» хоць і маленькая, хоць, магчыма, і незаўважная для кагосьці была ў свой час, але яна зрабіла вельмі важную справу. Сёньня ў краіне беларуская мова — дзяржаўная. Гэта таксама заслуга і нашай «Майстроўні».






Вінцук Вячорка: «Майстроўня» ўзьнікла ў самыя змрочныя часы брэжнявізму



«Найперш гэта спроба сабраць уражаньні людзей: эмоцыі, пачуцьці, успаміны тых, на каго „Майстроўня“ зрабіла вялікі, а магчыма, і вызначальны ўплыў пры выбары беларускай пазыцыі. І ў гэтым сэнсе і для ўдзельнікаў працэсу, і для маладзейшых пакаленьняў зьяўленьне гэтай кнігі будзе падзеяй».




Харэўскі: Ідэалы «Майстроўні» — гэта якраз тое, чаго люта бракуе ў нашы цяжкія дні




​«Вось гэтыя ідэалы, якія цьвелілі нас 25 гадоў назад, тых, хто хадзіў у «Майстроўню», — рамантычныя, узьнёслыя, ідэалістычныя, — гэта якраз тое, чаго нам люта бракуе ў нашы няпростыя і цяжкія дні. Таму гэта ўзорны праект, і, канечне, гэта падарунак нам, тым, хто ў нейкай ступені быў датычны да «Майстроўні».




«Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» ў PDF-фармаце



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG