Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Змрочны антураж візыту ў Каракас»


Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам са сваім малодшым сынам Мікалаем прыбыў 26 чэрвеня з Гаваны ў Каракас. Гэта ўжо трэці візыт кіраўніка Беларусі ў Вэнэсуэлу.

У Каракас Лукашэнкі прыляцелі ўчора ўвечары. Іх сустракалі ў аэрапорце выканаўчы віцэ-прэзыдэнт Баліварыянскай Рэспублікі і дзеці з кветкамі. Напярэдадні кіраўнік Беларусі заявіў, што належыць разам з Уга Чавэсам да адной ідэалёгіі. Ён назваў палітыку Чавэса непераможнай, а свае адносіны зь ім — «вельмі сяброўскімі» і «братэрскімі». Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што выбар маршрутаў для міжнародных вандровак у Лукашэнкі вельмі абмежаваны. Візыт у Вэнэсуэлу адбываецца на неспрыяльным фоне і такія ж чакаюцца пэрспэктывы:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Гэта цяжкая хвароба Чавэса. Па—другое — тое, што ў яго ўвосень выбары. І калі ён зможа ўдзельнічаць, то ня факт, што пераможа. Літаральна днямі, гэта яшчэ больш узмацняе змрочны антураж, Беларусь канчаткова адмовілася ад паставак вэнэсуэльскай нафты. Калі Чавэс так ці іначай адыдзе ад улады, то вельмі хісткія пэрспэктывы, бо амаль што ўсё завязана ў гэтай супрацы на асабістыя стасункі двух лідэраў, і тады ўсё лясьнецца. Усё, што будавалі Менск і Каракас часоў Чавэса, пасыплецца. Што тычыцца нафты, то мы ўбачылі, што, фактычна, гэтая авантура правалілася. З такімі лявацкімі рэжымамі вельмі цяжка доўгатэрміновыя і надзейныя эканамічныя хаўрусы ладзіць».

У беларускіх афіцыйных мэдыях гавораць, што Менск і Каракас нібыта зьвязаныя праектамі на 3 мільярды даляраў. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, тое, што мае Беларусь у Вэнэсуэле, — гэта невялікі аб’ём яе зьнешнеэканамічных зносінаў.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Праекты могуць быць, але мы ведаем, як яны выконваюцца. Нейкія дробныя заводзікі па зборцы невялікай колькасьці машын. Бо ствараліся замест аднаго года — два гады. Альбо калі мы там нейкія пасёлкі будуем, то будуем марудна і не выконваем свае абавязкі ў тэрмін. Нашы эканамічныя сувязі з Вэнэсуэлай ужо неяк завялі. Калі ў 2010 годзе сотні трактароў пастаўляліся зь Беларусі ў Вэнэсуэлу, то ў другім паўгодзьдзі мінулага году былі адзін-два трактары. Была хваля ўздыму, аптымізму ў стасунках з Вэнэсуэлай, пра мільярды даляраў гаварылі. А потым гэта ішло так марудна. Так што гаварыць можна, але насамрэч гэтага не адбываецца».

Камэнтуючы візыты на Кубу, у Вэнэсуэлу і Эквадор, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што Аляксандар Лукашэнка заседзеўся ў Беларусі і гэтыя паездкі — пэўная кампэнсацыя.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

​«Па-другое, там зараз цёпла. Чаму ня зьезьдзіць? Экзатычныя краіны. Да таго ж складаецца канфігурацыя камуністычных і аўтарытарных рэжымаў. І тут патрэбна палітычная падтрымка і псыхалягічны фактар. Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то, вядома, тут могуць быць нейкія плюсы. Але яны настолькі маленькія! У нас побач, пад рукой, ня трэба некуды ляцець, такі велізарны патэнцыял для супрацоўніцтва — гэта краіны Эўразьвязу — што калі ўжо аналізаваць зьнешнюю палітыку, то можна прызнаць яе неэфэктыўнай. Калі мы ня можам наладзіць супрацоўніцтва з найбольш моцным эканамічным рэгіёнам, а спрабуем знайсьці нешта сваё ў такіх далёкіх краінах, то гэта сьведчыць пра тое, што ў нашай зьнешняй палітыцы ёсьць вялікія праблемы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG