Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служыць бы рад...Але толькі ня ў войску


Жыхар Бабруйску Алег Яўзрэзаў дамагаецца альтэрнатыўнай службы. Адбываць тэрміновую вайсковую службу, сьцьвярджае дваццацідвухгадовы бабруйчанін, не дазваляюць перакананьні.

Бабруйскі суд, куды хлопец зьвярнуўся з пазовам супраць рашэньня ваенкамату аб прызыве, не задаволіў яго. Цяпер прызыўнік чакае разгляду справы ў Магілёўскім абласным судзе.

На Магілёўшчыне Алег Яўзрэзаў — першы, хто наважыўся публічна патрабаваць замены тэрміновай вайсковай службы на альтэрнатыўную цывільную. Хлопец лічыць сябе пацыфістам, таму ня хоча служыць ва Ўзброеных сілах. Як успрынялі заяву прызыўніка ў ваенкамаце?

«Там найперш зьдзівіліся, бо ведаюць пра альтэрнатыўную службу ня дужа шмат. Яна сказалі проста, што такога віду службы не існуе і таму мы яе прапанаваць ня можам. У судзе яны казалі, што згодна з указам прэзыдэнта яны мяне маглі забраць толькі на тэрміновую службу».

У судзе Алег Яўзрэзаў дамагаўся адтэрміноўкі прызыву. Ён спадзяецца, што неўзабаве закон аб альтэрнатыўнай службе зьявіцца ў Беларусі:

«Наколькі я ведаю, прэзыдэнт выдаў указ аб тым, каб закон быў прыняты. І ён ужо паступіць на разгляд у парлямэнт неўзабаве. Мяркую, што да лістапада ён будзе зрушаны зь месца».

Такім прызыўнікам, як Алег Яўзрэзаў, бяруцца дапамагаць актывісты кампаніі за альтэрнатыўную цывільную службу. Адзін зь іх — Кірыла Канстанцінаў:

«Па кансультацыі да нас зьвяртаюцца шмат людзей. За год — пад тысячу. А вось людзей, якія мэтанакіравана хочуць прайсьці альтэрнатыўную цывільную службу, — іх ня шмат. Чалавек пятнаццаць набярэцца за год».

Паводле суразмоўцы, скаргі прызыўнікоў з патрабаваньнем альтэрнатыўнай службы суды не задавальняюць, бо няма адпаведнага закону. Тое, што ў Канстытуцыі ёсьць артыкул, які прадугледжвае праходжаньне грамадзянінам альтэрнатыўнай службы, судамі ігнаруецца. А рэакцыя ваенкаматаў на такія заявы прызыўнікоў якая? — пытаюся ў спадара Канстанцінава:

«Некаторыя ўжо сутыкаліся з такімі сытуацыямі, і яны з усьмешкай успрымаюцца, бо ведаюць, што ў прызыўніка нічога не атрымаецца. Але ж гэта валакіта для іх. І ім гэта ня дужа падабаецца. Некаторых спрабуюць калі-нікалі запужаць. Мы вас, маўляў, у Навінкі адправім ці яшчэ куды».

У прэс-службе Ўзброеных сіл Беларусі заявілі: пакуль няма закону аб альтэрнатыўнай службе, дзейнічае іншы закон:

«Закон аб воінскім абавязку: «Воінскі абавязак выконваюць грамадзяне мужчынскага полу незалежна ад паходжаньня, сацыяльнага стану, расавай і нацыянальнай прыналежнасьці, адносінаў да рэлігіі, роду й характару заняткаў, палітычных і іншых перакананьняў. Вось гэта дзейнае на сёньняшні дзень».

А ці абмяркоўваюць магчымасьць замены тэрміновай вайсковай службы на альтэрнатыўную ў Беларускім войску? Адказвае нядаўні вайсковец Станіслаў Рамановіч:

​«Гэтая тэма проста невядомая звычайнаму жаўнеру, дый многім афіцэрам і прапаршчыкам таксама. Асноўная маса жаўнераў лічаць, што лепш служыць тэрміновую службу, чым пяць гадоў прыбіраць недзе ў шпіталях ды прыбіральнях. Такія ў іх уяўленьні. У памяці толькі адзін ці два чалавекі казалі, што каб ведалі раней пра такую службу, то змагаліся б за яе».

Акрамя бабруйца Алега Яўзрэзава, дамагаецца альтэрнатыўнай службы жыхар Ліды Андрэй Чарнавусаў. 1 чэрвеня раённы суд не задаволіў ягонага пазову супраць ваенкамату. У Маладзечне альтэрнатыўнай цывільнай службы патрабуе Сяргей Павал. Яго пазоў раённы суд таксама не задаволіў. Прызыў у войска абскарджвае і Міхаіл Мускі. Цяпер ён у войску й адмаўляецца прымаць прысягу, бо лічыць, што туды трапіў гвалтоўна і незаконна. Мускі гатовы прайсьці альтэрнатыўную грамадзянскую службу. Суд адхіліў патрабаваньні хлопца.
XS
SM
MD
LG