Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніч абраны ў выканкам міжнароднага прафцэнтру


Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

Старшыня прафсаюзу супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч быў абраны сябрам выканаўчага камітэту найбуйнейшага ў сьвеце прафсаюзнага аб’яднаньня IndustriALL.

19 чэрвеня ў Капэнгагене прайшоў устаноўчы зьезд новага міжнароднага прафсаюзу IndustriALL. Новая арганізацыя аб’яднала арганізацыі былых міжнародных прафсаюзных фэдэрацый: Міжнароднай фэдэрацыі супрацоўнікаў мэталюргічнай прамысловасьці, Міжнароднай фэдэрацыі прафсаюзаў работнікаў хімічнай і горназдабываючай прамысловасьці, энэргетыкі і іншых галін (ICEM) і Міжнароднай фэдэрацыі работнікаў тэкстыльнай, гарбарнай і лёгкай прамысловасьці (ITGLWF). IndustriALL прадстаўляе інтарэсы 52 мільёнаў працоўных ва ўсім сьвеце.

Усяго ў Выканкаме будуць працаваць 60 прафсаюзных прадстаўнікоў, сярод якіх, у тым ліку, 2 расейцы і 1 украінец.

Фядыніч адзначыў, што стаць сябрам кіруючага органу найбуйнейшага прафсаюзнага аб’яднаньня сьвету — гэта высокі гонар і вялікая адказнасьць.

«Будучы сябрам выканкаму IndustriALL, я змагу наўпрост інфармаваць сусьветную грамадзкасьць аб праблемах нашага прафсаюзнага руху. Акрамя таго, беларускія незалежныя прафсаюзы ў маёй асобе будуць прымаць непасрэдны ўдзел у прыняцьці рашэньняў на міжнародным узроўні», — сказаў Генадзь Фядыніч.

У працы зьезду таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі — старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Мікалай Зімін, віцэ-старшыні БНП Іван Пярмінаў і Юры Швец, старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Сяргей Чаркасаў і старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў.
XS
SM
MD
LG