Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстаньне інтэрнэтам: «фіксацыя без прыніжэньня»


Міністэрства сувязі і Саўмін прапануюць дазволіць уладальнікам інтэрнэт-кавярняў і кампутарных клюбаў альтэрнатыўныя спосабы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў — замест пашпарту выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі фота- і відэафіксацыі альбо іншы праграмна-тэхнічны спосаб, у тым ліку SMS-паведамленьне.

«Канкрэтны спосаб ідэнтыфікацыі вызначаецца кіраўніком пункту калектыўнага карыстаньня або ўпаўнаважанай ім асобай», — гаворыцца ў праекце пастановы Савету Міністраў.

Як да такога новаўвядзеньня ставяцца адмыслоўцы?

Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Акавіта» Фёдар Караленка выказаў такое меркаваньне:

«Там прапісана норма такая, што павінны ідэнтыфікаваць карыстальніка. А ідэнтыфікаваць асобу можна шмат якімі спосабамі. Спачатку выбралі пашпарт як самы „тапорны“, але многія яго з сабой ня носяць. А мабільнікі ёсьць ва ўсіх. Вось і вырашылі зрабіць больш зручна для людзей. Бо апошнім часам наведвальнасьць інтэрнэт-кавярняў і клюбаў падае.

Гэта не паслабленьне, гэта проста зручней для карыстальнікаў. Ня трэба будзе з сабой цягаць дакумэнты ўвесь час. Проста праз мабільны тэлефон атрымаць пацьвярджальную SMS, і ўсё. А па сутнасьці гэта нічога не мяняе. Той самы ўказ № 60, які быў прыняты, ён і дзейнічае».

Стваральнік парталу Tut.by, экспэрт у галіне IT-тэхналёгіяў Юры Зісэр кажа, што калі асоба карыстаецца гаджэтам, вядома, каму ён належыць. Калі чалавек прыходзіць у інтэрнэт-кавярню, невядома, хто гэта такі. І калі праз інтэрнэт узарваная бомба, потым гэтага чалавека ня знойдзеш. Калі бомбу можна ўзарваць нават праз SMS, то праз інтэрнэт гэта, маўляў, значна прасьцей:

«Таму сілавікі ўсяго сьвету заўсёды займаюцца фіксацыяй. І ня толькі ў Беларусі гэтаму надаецца такая вага — ва ўсім сьвеце. Проста гэта робіцца ня так груба. Дарэчы, у Францыі таксама ў шмат якія месцы бяз пашпарта ня трапіш. У Італіі, многіх іншых краінах абавязкова вядзецца відеаздымка. Вось і ў нас пераходзяць на прынятыя ва ўсім сьвеце міжнародныя стандарты. Фіксацыя без прыніжэньняў, зручная, простая. Таму гэта ня наша вынаходка, наадварот, мы ад „саўковай“ бюракратыі пераходзім да міжнароднага досьведу. Таму гэта трэба толькі вітаць. А ў нас заўсёды шарахаюцца, шукаюць нейкія падкопы. А тут якраз радавацца трэба».
XS
SM
MD
LG