Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак Малчанаву пакінулі ў сіле


Аляксандар Малчанаў

Аляксандар Малчанаў

Менскі абласны суд пакінуў прысуд Аляксандру Малчанаву без зьмены. 26 чэрвеня адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Малчанава на прысуд у паўтара гады калёніі строгага рэжыму, вынесены яму 9 красавіка Жодзінскім гарадзкім судом.

Як паведамляе БелаПАН, адвакат Малчанава з-за хваробы ў суд не зьявіўся. На судовым пасяджэньні таксама не было самога Малчанава. Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька заявіла:

«Нягледзячы на тое, што ў Аляксандра нядаўна памерла маці, і ў яго дома застаўся бацька-інвалід, суд пакінуў прысуд у сіле. Як выявілася, пры разглядзе касацыйнай скаргі судзьдзі ўпершыню пачулі, што ў Малчанава памерла маці . Аднак на рашэньне суда гэта не паўплывала».

Малчанаў прымаў удзел у акцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 года. Быў затрыманы 6 студзеня 2011 у сябе дома ў Барысаве. Абвінавачваўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў абразе дзяржаўных сымбаляў Беларусі.

2 Сакавіка 2011 судзьдзя Фрунзенскага суду Менска Тацяна Чаркас за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 года асудзіла Малчанава на тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 14 верасьня 2011 года ён быў вызвалены згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні.

9 красавіка гэтага года Малчанаў асуджаны Жодзінскім гарадзкім судом на паўтара гады калёніі строгага рэжыму. Ён абвінавачваўся крадзяжы мэталялому за закінутага цэха ў Жодзіне.

Адміністрацыя СІЗА Жодзіна адмовілася адпусьціць Малчанава на пахаваньне маці, якая памерла 9 чэрвеня ад каранарнай недастатковасьці.
XS
SM
MD
LG