Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: Перакананы, што Бяляцкага не зламаюць


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алеся Бяляцкага ў калёніі абмяжоўваюць у кантактах зь вязьнямі. Падобная практыка ціску была адпрацаваная яшчэ на пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя, кажуць былыя беларускія палітвязьні.

Паводле актывістаў арганізацыі «Плятформа», якая займаецца абаронай правоў зьняволеных у Беларусі, на праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай калёніі пачалі ціснуць, абмяжоўваючы яго кантакты зь іншымі вязьнямі калёніі. Вось што распавяла актывістка «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч:

«Да нас прыйшоў ліст ад зьняволенага, які літаральна ў суботу вызваліўся з Бабруйскай калёніі. Ён там паведамляе, што адміністрацыя папраўчай установы вельмі пільна адсочвае кантакты Алеся з асуджанымі. Усіх вязьняў, зь якімі Бяляцкі кантактуе, проста размаўляе ці працуе побач, выклікаюць у штаб калёніі для прафіляктычных гутарак. Ім кажуць, каб не падтрымлівалі з Алесем ніякіх кантактаў, нават размоў каб не вялі. Таксама былы асуджаны напісаў, што Алесь добра разумее гэтую сытуацыю і спрабуе зьвесьці да мінімуму гэтыя кантакты, каб не пашкодзіць людзям».

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук пацьвердзіла тое, што раней Алесь казаў пра захады адміністрацыі калёніі па абмежаваньні ягоных кантактаў зь іншымі вязьнямі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін сутыкнуўся з такой практыкай падчас свайго зьняволеньня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Казулін згадаў, як у калёніі «Віцьба-3», дзе ён адбыў каля двух гадоў, вязьняў ня толькі папярэджвалі пра забарону кантактаў зь ім, але і каралі тых, хто не падпарадкоўваўся:

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«Могуць пакараць карцэрам, могуць перавесьці ў іншую калёнію, хоць гэта лічыцца форс-мажорам, бо мусіць вязень адбываць пакараньне ў адной калёніі. Калі я быў у „Віцьбе-3“, 7 вязьняў перавялі ў іншыя калёніі толькі таму, што яны працягвалі са мной кантактаваць, нягледзячы на забарону».

Аляксандар Казулін згадаў, што сярод пакараных за кантакты зь ім вязьняў быў і загадчык гаспадаркі атраду — асоба ў турэмнай герархіі далёка не апошняя. Ня ўсе вязьні гатовыя памяняць маральныя прынцыпы на «хлебную» пасаду, мяркуе Аляксандар Казулін. «Жыцьцё не забараніць, і пустэчу вакол чалавека, калі ён ставіцца па-людзку да іншых, стварыць немагчыма. Хіба толькі зьмясьціць чалавека ў ПКТ ці карцэр», — кажа Аляксандар Казулін.

Дзеля чаго турэмшчыкі не дазваляюць кантактаў адных вязьняў зь іншымі?

«Я раней ужо казаў: іх мэта — зламаць чалавека. Зламаць асобу. На гэта там скіраваная ўся сыстэма. Турма — не для слабых людзей. Калі слабы туды трапляе, ён становіцца яшчэ слабейшым. Але перакананы, што Бяляцкі ўсё вытрымае».

Праваабаронца зь «Вясны» Ўладзімір Лабковіч кажа, што падобныя захады дзеля абмежаваньня кантактаў ужываліся і ўжываюцца зараз адносна іншых палітвязьняў: Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Мяркую, гэта, на жаль, такая агульная практыка. Дзеля таго, каб аказваць на людзей псыхалягічны ціск. Магчыма, каб прымусіць іх напісаць прашэньні аб памілаваньні. Магчыма, проста каб такім чынам псыхалягічна ламаць кожнага чалавека. Ці абмежаваць размовы зь людзьмі. Бо Алесь Бяляцкі — праваабаронца, а яны баяцца, што ён можа дапамагаць іншым вязьням змагацца за іхнія правы. Але мы пра гэта можам толькі меркаваць, бо дакладнай інфармацыі няма, сыстэма вельмі закрытая».
XS
SM
MD
LG