Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва: «Калі такое пішуць, то і расстраляць маглі ня тых!»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці расстралянага за тэрарызм Уладзіслава Кавалёва атрымала з Генпракуратуры ліст з фактычнымі памылкамі і без адказу па сутнасьці.

Любоў Кавалёва прасіла, каб Генпракуратура дала належную ацэнку працы стваральнікаў фільму «Мэтро», паказанага па БТ на ўгодкі выбуху на станцыі «Кастрычніцкая». Гэты фільм яна лічыць паклёпніцкім, і доказы гэтага выкладзены ёю на некалькіх інтэрнэт-сайтах.

Аднак у адказе за подпісам намесьніка генэральнага пракурора Аляксея Стука — ён і выступаў як дзяржаўны абвінаваўца на працэсе па справе Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — уласна пра фільм нічога не сказана. Толькі тое, што гэты фільм «грунтуецца на матэрыялах крымінальнай справы, па якой Вярхоўны суд вынес абвінаваўчы вырак, і ён ужо ўступіў у законную сілу».

Маці Ўладзіслава Кавалёва лічыць, што адказу па сутнасьці яна не атрымала. І ўвогуле атрыманы па пошце ліст з Генпракуратуры расцэньвае як абразу і зьдзек са здаровага сэнсу:

«Пачынаючы з другога абзаца ліста вядзецца пра нейкіх „Д.Г.Ковалёва“ і „В.Ю.Коновалова“. Хто гэта? Ва ўласнаручна падпісаным спадаром Стукам лісьце напісана, што гэтых людзей абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні тэракту і яшчэ шэрагу злачынстваў. Расстралялі ж за гэта майго сына Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава. Хіба маюць права адказныя прадстаўнікі ўстановы, якая паклікана сачыць за выкананьнем законнасьці, так памыляцца? Што застаецца меркаваць пра якасьць іхнае працы? Калі ў Генпракуратуры такое пішуць, дык і расстраляць маглі ня тых!»

Апрача гэтых памылак, Любоў Кавалёва зьвяртае ўвагу і на наступныя дэталі:

«Я пісала толькі пра фільм. Таму мне незразумела, чаго раптам спадар Стук піша мне пра тое, што „высновы суду наконт вінаватасьці асуджаных грунтуюцца на поўна і ўсебакова матываваных доказах“ і што „падставаў для арганізацыі праверкі законнасьці і абгрунтаванасьці прысуду няма“. Мой зварот адносна фільму — гэта ж не наглядная скарга, яе ўвогуле яшчэ не падавалі!

І яшчэ: чамусьці спадар Стук піша, што я ня маю права зьвяртацца са скаргай наконт перагляду справы майго сына. Так, ня маю, бо ў СІЗА КДБ незразумелым дагэтуль чынам зьніклі дзьве даверанасьці на маё імя, якія Ўлад склаў разам з адвакатам і якія мусіла падпісаць кіраўніцтва ізалятара. Такім чынам, мяне пазбавілі магчымасьці заступіцца за сына, якога я лічу несправядліва асуджаным і бязьвінна расстраляным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG