Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: У Беларусі ўжываюцца катаваньні фізычныя і маральныя


Праблема катаваньняў для Беларусі «застаецца вельмі актуальнай».

Такое меркаваньне выказаў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаваньняў, які быў абвешчаны Генасамблеяй ААН у 1997 годзе і адзначаецца ва ўсім сьвеце 26 чэрвеня.

Як сказана ў адмысловай рэзалюцыі ААН, гэты міжнародны дзень накіраваны на поўнае выкараненьне катаваньняў і забесьпячэньне эфэктыўнасьці Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, прынятай ААН у 1984 годзе.

Беларусь ратыфікавала Канвэнцыю ў студзені 1987 года, аднак, на думку праваабаронцаў, праблема катаваньняў у краіне стала яшчэ больш актуальнай.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года яна асабліва ўзмацнілася, падкрэсьлівае Стэфановіч:

«Зьмяшчэньне былых кандыдатаў у СІЗА КДБ можна лічыць катаваньнямі і бесчалавечным абыходжаньнем. Гэта і неабгрунтаванае ўжываньне фізычнай сілы (прасьцей кажучы, зьбіцьцё), і тое, што затрыманых ставілі на „расьцяжку“ практычна голымі пры мінусавай тэмпэратуры, і шмат іншага — пра гэта распавялі кандыдаты ў прэзыдэнты », — нагадаў праваабаронца.

Катаваньні, адзначыў Стэфановіч, ўжываліся і да адміністрацыйна затрыманых і пасьля падзеяў 19 сьнежня: «Шматгадзіннае стаяньне на марозе, тварам да сьцяны, безь ежы, вады і магчымасьці схадзіць у прыбіральню — гэта таксама катаваньні».

Па словах праваабаронцы, беларускія праваахоўныя органы сыстэматычна выкарыстоўваюць катаваньні як спосаб дамагчыся прызнальных паказаньняў:

«Людзей зьбіваюць, ужываюць так званую „ластаўку“, калі ногі прасоўвалі праз скаваныя кайданкамі за сьпіной рукі, апранаюць мяшок на галаву, пазбаўляючы паветра».

Стэфановіч асабліва вылучыў выпадкі, калі маральныя катаваньні ўжываюцца да зусім невінаватых людзей:

"Гэта адносіцца да праблемы сьмяротнага пакараньня. Сваякам не выдаецца цела пакаранага чалавека для пахаваньня, не выдаюцца яго асабістыя рэчы. У гэтым выпадку існуе рашэньне ААН аб тым, што такія дзеяньні таксама прыроўненыя да катаваньняў«,— падкрэсьліў праваабаронца.

У большасьці ж выпадкаў, адзначыў Стэфановіч, праблема катаваньняў у Беларусі носіць «лятэнтны характар»:

«Часта людзі проста не зьвяртаюцца ў пракуратуру і да праваабаронцаў па факце катаваньняў, таму што ведаюць: расьсьледаваць прымяненьне катаваньняў з боку праваахоўных органаў будуць самі праваахоўныя органы. Пацярпелыя не вераць, што катаваньням будзе дадзеная належная ацэнка, і нехта панясе за гэта адказнасьць», - растлумачыў праваабаронца.

Сытуацыя, па яго словах, пагаршаецца тым, што ў беларускім заканадаўстве не прапісаны сам тэрмін «катаваньні» і, адпаведна, не прадугледжана адказнасьць за іх прымяненьне.

«У нас ёсьць толькі артыкул „Перавышэньне службовых паўнамоцтваў “, дзе ў частцы трэцяй прапісаны і гвалтоўныя дзеяньні, але асобнага артыкула аб катаваньнях няма, і гэта вялікая праблема. Праваабаронцы ўжо доўгі час дамагаюцца ўвядзеньня паняцьця» катаваньне ў заканадаўства», — паведаміў Стэфановіч.

Праваабаронца выказаў надзею на тое, што Беларусь наведае спэцдакладчык ААН па пытаньнях катаваньняў і жорсткага абыходжаньня.

«Хай бы ён сустрэўся з дзяржаўнымі структурамі, з намі, з грамадзянскімі актывістамі, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Можа, тады б справа зрушылася з мёртвай кропкі», — выказаў меркаваньне Валянцін Стэфановіч.
XS
SM
MD
LG