Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску забаранілі пікеты супраць катаваньняў


26 чэрвеня, у Міжнародны дзень барацьбы супраць катаваньняў, праваабаронца Павал Левінаў зьбіраўся правесьці інфарммацыйныя пікеты ў трох раёнах абласнога цэнтру. Але ўсе тры раённыя адміністрацыі даслалі адмовы на яго заяўкі.

Паводле Паўла Левінава, мэтай пікету было інфармаваньне грамадзянаў пра выкананене Рэспублікай Беларусь Канвенцыі супраць катаваньняў, жорсткага і зневажальнага абыходжаньня. Усе тры акцыі праваабаронца хацеў правесьці ў найбольш людных месцах Віцебску. Праз гэта яму і адмовілі: людныя месцы ў цэнтры гораду не ўваходзяць у пералік тых, што вызначылі для правядзеньня вулічных акцый раённыя адміністрацыі.

«З Кастрычніцкага райвыканкаму мне напісалі, што пікет забараняюць паводле дзвюх прычын. Па-першае, я хацеў правесці яго ў раёне плошчы Свабоды, а вызначанае ўладамі месца — гэта ўскраінны парк Мазурына. Які там можна ладзіць пікет у будзённы? Па-другое, забаранілі пікет, бо я не прыклаў дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і медыкамі. Гэта так. Але ў мерапрыемстве мусіў браць удзел усяго адзін чалавек — асаібіста я. Няўжо патрэбна мабілізаваць усе гэтыя структуры, калі я прыклаў да заяўкі пісьмовае абяцаньне ня парушаць грамадзкі парадак, не засьмечваць вуліцу і самастойна сачыць за станам уласнага здароўя?», — адкамэнтаваў адмову спадар Левінаў.

З Першамайскай і Чыгуначнай раённых адміністрацый таксама прыйшлі адмовы — праўда, Павал Левінаў атрымаў іх са спазьненьнем, а не за пяць дзен да імпрэзы, як патрабуе заканадаўства. Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што ў двух дакумэнтах гаворыцца пра забарону акцыі ад імя намесьнікаў старшыні раённай адміністрацыі, а вось з Чыгуначнай адміністрацыі давялося атрымаць «ананімку».

«Паводле закону, пытанне пра масавыя акцыі мусіць вырашаць старшыня адміністрацыі або намесьнікі. Аднак з аднаго адказу вынікае, што кіраўніцтва не хоча браць на сябе адказнасьць за адмову: там напісана, што забарону на пікет наклала „адміністрацыя“. Вось такое абагульненьне», — гаворыць Павал Левінаў.

Ён зьбіраецца аспрэчваць забароны на пікеты да Міжнароднага дня барацьбы супраць катаваньняў у раённых судах Віцебску.
XS
SM
MD
LG