Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары як ростані для апазыцыі


Чаго хоча дамагчыся апазыцыя на парлямэнцкіх выбарах, практыкуючы байкот, удзел у выбарах ці ціск на праўладных дэпутатаў? У якой ступені гэтыя стратэгіі могуць паспрыяць посьпеху на прэзыдэнцкіх выбарах? Ці магчымы такі посьпех у грамадзтве, дзе рэжуць дзюбы жывым птушанятам бакланаў?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намесьніца старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка.

Прапануем вам поўны тэкст перадачы

Хто чаго хоча дамагчыся?


Дракахруст: Парлямэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 23 верасьня. Тым ня менш спрэчкі сярод дэмакратычных сілаў наконт стаўленьня да гэтых выбараў, іх значэньня як пачаліся задоўга да абвяшчэньня даты, гэтак і працягваюцца дагэтуль. Удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў на гэтую праблему. Сп. Кастусёў — за ўдзел, сп-ня Палажанка — за байкот, сп-ня Карач — за тое, каб ня ўдзельнічаць у выбарах, а ціснуць на абраных праўладных дэпутатаў. А чаго вы хочаце дамагчыся, дзейнічаючы паводле абранай вамі стратэгіі?

Кастусёў: Партыя БНФ вылучае нашых кандыдатаў на ўмове, што за 5 дзён да галасаваньня мы нашых кандыдатаў будзем здымаць, калі ўлады ня выканаюць нашых патрабаваньняў. Дакладней, калі ў краіне застануцца палітзьняволеныя і калі нашых прадстаўнікоў ня ўключаць у разнастайныя камісіі. Такія нашы задумкі. Але асноўная мэта — гэта выкарыстаньне выбарчай кампаніі як нагоды для працы з насельніцтвам, як інфармацыйнай нагоды. Таму што ўдзел альбо вылучэньне нашых кандыдатаў дае легітымную магчымасьць для працы з насельніцтвам, каб данесьці пазыцыю Партыі БНФ, каб данесьці нашы погляды, нашы меркаваньні на тое, што адбываецца ў краіне, чаму адбываецца зьбядненьне насельніцтва, чаму адбыўся абвал беларускага рубля. Спрэчкі паміж рознымі пазыцыямі, я лічу, ня варта рабіць, таму што вынікі выбараў мы ведаем ужо цяпер — дэпутаты будуць прызначаныя. І тым, якая будзе кампанія — байкоту, альбо вылучэньня кандыдатаў — мы ніякім чынам на вынікі выбараў не паўплываем. Наша задача — паўплываць на сьвядомасьць людзей.

Дракахруст: Наста, якая ваша мэта? Вось чаго вы хочаце дамагчыся байкотам?

Палажанка: Моладзевыя актывісты і лідэры вырашылі аб’яднацца ў адну электаральную кампанію ў дадзеных парлямэнцкіх выбарах — «Ігнор-2012». Мне здаецца, што гэта абсалютна сумленна і лягічна, таму што можна бачыць, што з апошніх электаральных кампаній, у прыватнасьці, з прэзыдэнцкіх выбараў, высновы зрабілі толькі прадстаўнікі ўлады. Толькі яны зразумелі, што лібэралізацыя ім не на руку, толькі яны зразумелі, што пашырэньне свабоды больш ня пройдзе ў нашай краіне, прынамсі па тым сцэнары, па якім яно было раней. Цяпер абсалютна бачна, і спадар Кастусёў гэта падкрэсьлівае, што мы не ўплываем на вынікі выбараў. Калі мы не ўплываем на іх, дык навошта нам гуляць па тым сцэнары, які існуе? Моладзевыя актывісты, у прынцыпе, нічым не перашкаджаюць тым партыйцам, каторыя вылучаюцца, паколькі галоўны наш «мэсыдж» павінен быць аднолькавы, незалежна ад таго, ідзеш ты на выбары альбо ты іх байкатуеш. Мы людзям гаворым, што выбараў няма.

Гэта значыць, што калі чалавек ідзе на выбары, калі яму адкрываюць дзьверы, ён мае 30 сэкунд, каб патлумачыць, што выбараў у нашай краіне няма. І ягонае прозьвішча чалавек не пабачыць у бюлетэні, як спадар Кастусёў зазначыў, што за 5 дзён людзі будуць здымацца.

Кампанія байкоту — гэта такая самая кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» з тым самым пасланьнем. Наш «мэсыдж» ня будзе адрозьнівацца, мы таксама будзем тлумачыць, што адбываецца ў краіне, што адбываецца з палітвязьнямі, мы будзем распавядаць, чаму ў гэтым фарсе нельга ўдзельнічаць. Але інфармацыйную кампанію можна весьці заўжды, незалежна ад таго, ёсьць выбары ці не. Працаваць зь людзьмі трэба пастаянна.

Дракахруст: Вольга, і нарэшце ваша пазыцыя. Вы, наколькі я зразумеў, і супраць удзелу, і ў пэўным сэнсе супраць байкоту, як нейкай кампаніі. Вы спадзеяцеся сабраць такі банк дадзеных адносна праўладных дэпутатаў, і вось хай яны адкажуць перад народам за абяцаньні, якія яны даюць. Чаму вы лічыце, што гэта будзе больш пасьпяхова, чым кампаніі, якія вядуць вашы калегі?

Карач: Цяпер беларускі парлямэнт зьяўляецца такім добрым і вельмі камфортным месцам для чыноўнікаў высокага рангу перад пэнсіяй. Яны прыходзяць у гэты парлямэнт і нічога ня робяць, але маюць высокі сацыяльны статус і ні за што не адказваюць. Я лічу, што гэтая наша стратэгія будзе больш пасьпяховай, абапіраючыся менавіта на наш вопыт кампаніі «Дэпутатаў — да адказу». Мы ўжо паўтара года працуем з дэпутатамі розных узроўняў і цісьнем на іх. Цяпер беларускі парлямэнт знаходзіцца ў зоне нябачнасьці.

Усё, што робіцца ў дзяржаве, удала сьпіхваецца на Аляксандра Лукашэнку і на тое, што ён адказны за ўсё, што адбываецца. Гэта, зразумела, задавальняе і Аляксандра Лукашэнку, і задавальняе людзей, якія падымаюць рукі і галасуюць «за». Але прабачце, ёсьць пэўныя рашэньні пэўных людзей. Напрыклад, я хацела б нагадаць пра сумнавядомыя законы аб пашырэньні паўнамоцтваў КДБ, пра адмену льготаў і шмат іншых законаў, якія прымаліся канкрэтнымі людзьмі, якія маюць канкрэтныя прозьвішчы, імёны, і якія наогул ня робяць ніякіх справаздачаў перад сваімі выбарцамі.

Парлямэнцкая кампанія — рэпэтыцыя прэзыдэнцкай?


Дракахруст: Рэдактар газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч напісаў, што апазыцыі варта было б разглядаць сваю дзейнасьць падчас гэтай кампаніі як падрыхтоўку да прэзыдэнцкай. Гэтая думка выказвалася і ў палітычных колах. У сьвятле гэтай прапановы — у якой ступені рэалізацыя абранай вамі стратэгіі будзе спрыяць посьпеху на прэзыдэнцкіх выбарах? Чым будзе спрыяць?

Палажанка: Мы заўжды павінны казаць людзям праўду. Мы павінны казаць ім пра тое, што выбараў у нашай краіне няма, што б мы ні рабілі, якія б намаганьні ні прыкладалі. Іх няма і ня будзе да таго часу, пакуль ёсьць гэтая ўлада. Мы павінны раскрываць ім тыя праблемы, якія ёсьць. Чаму на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах акцэнт рабіўся на Плошчу? Таму што нам паказвалі, што любымі іншымі легальнымі шляхамі мы нічога ня зможам дамагчыся. Можна дамагчыся нечага толькі тады, калі мы будзем дэманстраваць прынцыповасьць і еднасьць, тады, калі ў нас будзе плян таго, што мы робім, калі мы маем адказных людзей і лідэраў, якія не баяцца браць на сябе адказнасьць і разумеюць, дзеля чаго яны пайшлі на тую або іншую сьцежку.

мы ня мусім легалізаваць тое, што яны называюць «парлямэнт»

Таму я перакананая, што актывізацыя маладых людзей у гэтай кампаніі «Ігнор-2012» спародзіць маладых лідэраў, якія могуць браць на сябе адказнасьць. Безумоўна, у будучыні гэта паўплывае на фармаваньне каманды, якая будзе працаваць на прэзыдэнцкай кампаніі. Тое, наколькі добра спрацуюць людзі падчас парлямэнцкай кампаніі, будзе дапамагаць нам на прэзыдэнцкіх выбарах. Але таксама варта разумець, што мы сваімі ідэямі ня мусім легалізаваць тое, што робіць улада, мы ня мусім легалізаваць тое, што яны называюць «парлямэнт».

Вельмі цікавая кампанія спадарыні Карач. І мне яна можа быць цікавая толькі адным — тым, каб людзі ведалі, хто, якія канкрэтныя асобы стаяць за тымі незаконнымі рашэньнямі, за тым жа законам аб масавых мерапрыемствах, законам аб КДБ і шэрагам іншых. Няма самастойнага парлямэнту, які можа даваць справаздачу аб сваіх дзеяньнях. Ёсьць марыянэткавыя людзі, якія робяць тое, што ім скажуць, і людзі павінны іх ведаць. Людзі павінны ведаць тую вялікую структуру марыянэтак — ад мясцовых саветаў да парлямэнту, якая дзейнічае не на карысьць сваёй краіны. Яны дзейнічаюць толькі таму, што яны баяцца, ня ведаюць, як жыць інакш, і атрымоўваюць за гэта грошы.

Дракахруст: Наста, а наколькі вы ўлічваеце фактар псыхалягічнай інэрцыі? Вось зараз вы абвяшчаеце, што выбараў няма, трэба іх байкатаваць, бо гэта ня выбары, а фарс. Праходзіць тры гады і вы кажаце: «Людзі, ідзіце на выбары, галасуйце за нашага кандыдата». Яны паціснуць плячыма, маўляў, што за моладзь такая: учора не хадзіце, сёньня — хадзіце, заўтра зноў не хадзіце.

Тыя самыя выбары таксама будуць фарсам. А на тыя выбары вы будзеце заклікаць.

Палажанка: Розьніца ў тым, што парлямэнцкая кампанія не выклікае такога вялікага інтарэсу, які выклікае прэзыдэнцкая кампанія. Гэта факт. І людзі ня ходзяць так галасаваць, як яны ходзяць на прэзыдэнцкую кампанію. Людзі не цікавяцца беларускай палітыкай настолькі, наколькі яны цікавяцца ёй падчас прэзыдэнцкіх выбараў. І ўсе цудоўна разумеюць, што прэзыдэнцкія выбары асацыююцца зь нейкім адным вялікім шанцам, які даецца краіне адзін раз на пяць гадоў. Парлямэнцкія выбары асацыююцца толькі з магчымасьцю інфармацыйнай кампаніі.

Дракахруст: Вольга, а ваш адказ? Гэтая ваша кампанія «Дэпутатаў да адказу» — фактычна пропуск гэтых выбараў, чым ён дапаможа вам на прэзыдэнцкіх выбарах?

Карач: Мы не заклікаем усіх кінуць свае кампаніі і далучыцца да нашай. На мой погляд, шмат гадоў па розных аб’ектыўных і ня вельмі прычынах апазыцыю зьбівалі ў адну такую кучку, у нейкі натоўп, каб яна рабіла адну і тую ж стратэгію ці адну і тую ж кампанію. І гэта насамрэч прыводзіла да кепскіх вынікаў, бо людзі не атрымоўвалі магчымасьці ў тым ліку і нарабіць памылак і атрымаць свой
калі аналізаваць прэзыдэнцкія выбары 2010 году ці вось гэтую парлямэнцкую кампанію, якая цяпер ідзе, то ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, сапраўды, яны правальныя

асабісты досьвед. На мой погляд, калі аналізаваць прэзыдэнцкія выбары 2010 году ці вось гэтую парлямэнцкую кампанію, якая цяпер ідзе, то ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, сапраўды, яны правальныя. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, на мой погляд, гэтыя кампаніі маюць вялікі сэнс. У першую чаргу нашай задачай зьяўляецца тое, каб людзі, якія цяпер сядзяць у парлямэнце, ці потым пойдуць кандыдатамі ў мясцовыя саветы, ці пойдуць кандыдатамі ў парлямэнт наступнага скліканьня — каб яны, па-першае, адчувалі адказнасьць, па-другое, каб яны ведалі, што гэтае месца ня ёсьць такое цёплае і камфортнае. І, па-трэцяе, вопыт Украіны паказаў, што нават калі ў краіне адбываюцца свабодныя выбары, але калі не пабудаваны фундамэнт для працы грамадзкіх палітычных інстытутаў, то атрымліваецца, у прынцыпе, той самы вынік, які быў і пры адсутнасьці падліку галасоў. На гэтай кампаніі мы працуем на доўгатэрміновую пэрспэктыву, у тым ліку і на прэзыдэнцкія выбары, бо будзе зьбірацца ўся інфармацыя, якую мы зможам сабраць, у тым ліку і па камісіях — ня толькі па кандыдатах.

Наша праблема, праблема дэмакратычных сілаў, я кажу наша, таму што гэта агульная віна, у тым, што ў нас кожная кампанія ня мае сувязі зь іншымі кампаніямі. Вось у нас праходзяць прэзыдэнцкія выбары, пачынаецца нейкая іншая кампанія, якая пачынаецца з нуля і ня мае ніякіх сувязяў з папярэднімі кампаніямі. Наша арганізацыя задумалася пра тое, каб зрабіць так, каб гэтая сувязь была.

Кастусёў: Я ўжо казаў, што Партыя БНФ ідзе на гэтыя выбары з мэтай выкарыстаньня іх як інфармацыйнай нагоды. Мы ідзем да людзей, каб праясьніць ім сытуацыю ў Беларусі, патлумачыць, чаму адбыўся абвал у эканоміцы, чаму адбыўся абвал ва ўзроўні жыцьця насельніцтва. Але мы ідзем ня толькі з гэтым. Мы яшчэ ідзем са сваімі напрацоўкамі, напрацоўкамі на рэспубліканскім і мясцовым ўзроўнях, якія могуць альбо дазволяць вывесьці беларускую эканоміку з крызісу. Мы хочам паказаць выбаршчыку, што Партыя БНФ — гэта тыя людзі, якія здольныя вывесьці эканоміку з крызісу, якія здольныя ўзьняць
Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі сярод насельніцтва, сярод выбарцаў, зьнікла адно цікавае палітычнае пытаньне: " А хто, калі ня ён?"

узровень жыцьця насельніцтва. І ў нас ёсьць канкрэтныя прапановы, напрацоўкі, якія ўжо зроблены і робяцца надалей. Таму ў людзей падчас парлямэнцкіх выбараў будзе магчымасьць азнаёміцца з гэтымі напрацоўкамі і ў значнай ступені вось гэтыя нашы прапановы адыграюць станоўчую ролю падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Бо нашы напрацоўкі не аднадзённыя, а яны тычацца і далейшай пэрспэктывы. На сёньняшні дзень у нас ужо распрацаваная стратэгія дзейнасьці партыі, распрацаваныя рэформы розных галін вытворчасьці.

Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі сярод насельніцтва, сярод выбарцаў, зьнікла адно цікавае палітычнае пытаньне: " А хто, калі ня ён?" Вось калі да 2010 году людзі задавалі такое пытаньне, то пабачыўшы вялікую колькасьць кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, пабачыўшы вялікую колькасьць людзей, здольных узяць на сябе адказнасьць за кіраваньне краінай, людзі цяпер, пасьля выбараў, гэтае пытаньне не задаюць. Мы павінны паказаць, што Партыя БНФ — гэта тыя людзі, якія здольныя вывесьці краіну з тупіку. І калі прыйдзе час прэзыдэнцкай кампаніі, то людзі будуць гэта памятаць, нашы напрацоўкі і прапановы будуць успрымацца станоўча, што адыграе сваю ролю.

Ці ёсьць у апазыцыі плян на выпадак стыхійнага выбуху?


Дракахруст: Напярэдадні думскіх выбараў у Расеі ў 2011 годзе апазыцыя таксама ні на што не спадзявалася. На выбарах і сапраўды не адбылося нічога
экстраардынарнага. Але потым — адбылося. Нечакана як для ўлады, гэтак
і для апазыцыі. Ці ня можа такое адбыцца ў Беларусі? І калі адбудзецца — наколькі да гэтага гатовая апазыцыя са сваімі разнастайнымі стратэгіямі?

Карач: На гэтых парлямэнцкіх выбарах рэвалюцыйнай сытуацыі няма. У мінулым годзе сапраўды быў эканамічны крызіс. Насельніцтва было больш рашуча настроенае і адчуваўся пачатак нейкай хвалі, якая, у прынцыпе, не пайшла, але адчуваньне вялікай незадаволенасьці было. Магчыма насельніцтва нейкім чынам прыстасавалася да сытуацыі. І каб пайшлі нейкія пратэсты, каб пайшла нейкая
На гэтых парлямэнцкіх выбарах рэвалюцыйнай сытуацыі няма

рэакцыя, трэба, каб была ўвага насельніцтва на тое, што адбываецца. На мой погляд, цяпер для насельніцтва гэтыя выбары нябачныя. У людзей проста няма цікавасьці да гэтага. І тое, што ёсьць розныя стратэгіі — гэта шанец, што нейкім чынам магчыма будзе прыцягнуць хоць нейкую ўвагу людзей да палітычнага жыцьця Беларусі. Парлямэнт — орган, які ў пэўным сэнсе ўсё ж такі ўплывае на лёс кожнага чалавека. Я лічу, што масавых пратэстаў падчас і пасьля парлямэнцкіх выбараў не адбудзецца. Але, я думаю, што ў любым выпадку, калі пойдзе хваля, то, нават калі дэмакратычныя сілы будуць ня вельмі гатовыя да гэтай сытуацыі, то народ усё роўна вылучае новых лідэраў. І будуць нейкія новыя лідэры, якія павядуць народ.

Дракахруст: Наста, у вас ёсьць нейкі «Плян Б» на малаімаверны, але ўсё ж магчымы выпадак? Вось у той самай Расеі — гэта ж былі ня першыя фальсыфікаваныя выбары. Але раней народ спакойна на гэта глядзеў, людзі кшталту Ксеніі Сабчак усьміхаліся: «Да ну, палітыка — гэта адстой, каму гэта цікава?» А раптам аказалася, што не адстой. І расейская апазыцыя, якая ўвесь час паўтарала горкаўскае «бура, хутка грымне бура», аказалася да той буры ня надта гатовая. «Пляну Б», хай кепскага, не было. А ў вас ёсьць?

Палажанка: Ведаеце, я б не сказала, што яны зусім не былі гатовыя. У прынцыпе, мы маглі бачыць некаторых прадстаўнікоў апазыцыі, якія былі разам зь людзьмі. Ня ведаю, наколькі яны былі гатовыя, але паводзілі яны сябе годна. Нельга параўноўваць фактар страху ў нашых краін. Нельга параўноўваць тое, праз што прайшлі беларусы. Аднак сапраўды — маўклівыя акцыі мінулага году прадэманстравалі, што ня лідэры клясычнай беларускай апазыцыі будуць узначальваць формы такіх пратэстаў. Гэта факт. Гэта было яскрава бачна па тым, што адбывалася летась. Ня дзякуючы беларускай апазыцыі і яе лідэрам людзі сталі выхадзіць на плошчу і ня дзякуючы ім яны там засталіся. Людзі ішлі ў турму за сябе і за сваю будучыню, фармаваліся новыя лідэры, моладзевыя актывісты, якія засталіся ў беларускай палітыцы. Гэта і ёсьць будова грамадзянскай супольнасьці. Так і павінна быць. Я перакананая ў тым, што беларускія партыі ня мусілі ўзначальваць тыя пратэсты, якія былі ў мінулым годзе. Іх рэакцыя яскрава выяўляла, ці будуць яны ісьці разам з народнымі пратэстамі ці не.

Кастусёў: Трэба прызнаць, што беларускае грамадзтва яшчэ не гатовае да рэвалюцыйных падзей. Я лічу, што дзякуючы ўдзелу ў выбарчай кампаніі, дзякуючы таму, што нашы кандыдаты будуць працаваць зь людзьмі, мы зможам
маўклівыя акцыі мінулага году прадэманстравалі, што ня лідэры клясычнай беларускай апазыцыі будуць узначальваць формы такіх пратэстаў

данесьці людзям сваю пазыцыю, што іх лёс знаходзіцца ў іх руках. Яны павінны самі прыняць рашэньне, як яны будуць далей жыць. Дзякуючы гэтай выбарчай кампаніі нашы кандыдаты, нашы актывісты будуць таксама атрымліваць навыкі, досьвед працы зь людзьмі. Ня так проста падрыхтаваць чалавека, які быў бы гатовы ўзначаліць тую або іншую кампанію, альбо стаць лідэрам якога-небудзь руху ці падзеі. Людзей таксама трэба вучыць кіраваць працэсамі. Усё гэта, на маю думку, паспрыяе таму, што калі ў 2015 годзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі распачнуцца такія падзеі, як у Расеі летась і сёлета, то прадстаўнікі Партыі БНФ будуць гатовы ўзначаліць гэтыя падзеі і стаць лідэрамі ў рэгіёнах і ў цэнтры. Толькі практычная дзейнасьць дазволіць атрымаць навыкі, досьвед для ўзначаленьня.

Палітыка і зьнявечаныя бакланы


Дракахруст: На гэтым тыдні шмат каго ўзрушыла жахлівая гісторыя са зьнявечанымі бакланамі. За забойства гэтых птушак выдаюць прэмію. І вось былі знойдзеныя шмат птушанятаў бакланаў з адпілаванымі наддзюбкамі: адпілоўвалі, здавалі, атрымлівалі прэміі. Не забівалі нават. Прычым, заўважце — не Лукашэнка ж загадваў адпілоўваць. І рабілі гэта ня нейкія сатрапы рэжыму — простыя, звычайныя людзі. Ці нелюдзі, садысты, а астатнія — добрыя нармальныя? Ці ўсё ж такія вось мы і таму і выбары ў нас такія?

Кастусёў: Мяне таксама ўзрушылі гэтыя падзеі. На жаль, тое, што адбылося каля Навалукомля, сьведчыць аб тым, што маральныя прынцыпы, ня толькі там, на Віцебшчыне, але і маральныя прынцыпы на ўсёй Беларусі сярод насельніцтва падаюць. Гэтаму ёсьць і іншыя прыклады. Раней на вёсцы ніколі не рабаваў сусед суседа, ня кралі маёмасьць адно аднаго. Гэта быў прынцып паміж вясковымі жыхарамі. На жаль, цяпер і гэтыя прынцыпы парушаюць. Гэтыя падзеі якраз
Раней на вёсцы ніколі не рабаваў сусед суседа, ня кралі маёмасьць адно аднаго. На жаль, цяпер і гэтыя прынцыпы парушаюць

сьведчаць аб паніжэньні маральных каштоўнасьцяў. Я спадзяюся, што судовыя і сьледчыя органы разьбяруцца і прымуць меры да тых, хто гэта зрабіў. Усё ж такі спадзяюся, што гэта будзе. На жаль, вінаватыя ў гэтым, у першую чаргу, беларускія ўлады, прадстаўнікі якіх самі не выконваюць гэтыя маральныя прынцыпы. Я часта бачу, як нашыя беларускія чыноўнікі парушаюць тое беларускае заканадаўства, за якое яны самі галасуюць, як прадстаўнікі беларускай улады раскрадаюць дзяржаўныя сродкі, альбо сродкі, якія выдзеленыя на будаўніцтва жыльля на вёсцы або ў горадзе. Усё гэта прывяло да таго, што на больш нізкім узроўні простага насельніцтва, не чыноўнікаў, не дэпутатаў, адбываецца тое, што здарылася на Віцебшчыне.

Дракахруст: Наконт судовых органаў прыгадваецца формула старажытных рымлян: бясьсільныя законы там, дзе кепскія норавы. Наста, вось калі Рыгор мае рацыю і сапраўды мы назіраем проста падзеньне маральных прынцыпаў, то так здаецца, што гэтыя людзі ня надта і парушылі закон. Гэтыя птушкі, яны як бы на адстрэл. Іх можна адстрэльваць, за іх нават узнагароджваюць. А тое, што пры гэтым іх мучылі, ну што ж, гэта жыцьцё. Калі гэта сапраўды так, калі гэта такое падзеньне маралі, то тады на што ж вы спадзеяцеся?

Палажанка: Мне здаецца, што нельга на падставе гэтай гісторыі гаварыць пра падзеньне маральных прынцыпаў. Я не кажу, што яно не адбываецца, я кажу, што гэта адбываецца даўно. Мы гаворым пра тое, што нас узрушыла дадзеная гісторыя. Гэты сапраўды жахліва. І мы бачым, што нейкі свой дабрабыт, свой эгаізм людзі ставяць вышэй за ўсё астатняе. Але ў прынцыпе, на што мы наракаем? Я згодная са спадаром Кастусёвым пра прэтэнзіі да ўладаў, пра пэўнае выхаваньне людзей, пра тую сытуацыю, у якую іх загналі і якую яны лічаць нармальнай.

каб беларускія палітыкі выконвалі сваё слова і гэтак жа актыўна разьвівалі тэму вызваленьня палітвязьняў, як яны рабілі гэта напачатку, то ўсе яны даўно былі б на свабодзе. А так нас цяпер цікавяць бакланы

Якія прэтэнзіі мы маем да саміх сябе? Нас узрушваюць гісторыі пра зьнявечаных бакланаў, але ці ўзрушвае кожнага палітычнага лідэра сытуацыя зь беларускімі палітвязьнямі? Ці патэлефанавалі вы іх сваякам, ці даведаліся, якія навіны, ці пазванілі вы жонцы Андрэя Пачобута, ці выказалі ёй сваю падтрымку, ці робіце вы ўсё тое самае, каб яны выйшлі на свабоду так, як вы рабілі ў першыя дні свайго вызваленьня, калі самі выйшлі з турмы? Ці ведаеце вы цяпер тую сытуацыю, якая цяпер адбываецца ў беларускіх турмах?

Я лічу, што калі мы будзем выказваць прэтэнзіі самі сабе, за нейкія свае маральныя якасьці, за тое, што мы робім дзеля таго, каб было добра хаця б тым людзям, якіх ты добра ведаеш, якія калісьці сядзелі з табой за сталом перамоваў. Калі гэтыя прэтэнзіі будуць выказаныя да сябе і будуць нейкія дзеяньні да гэтага, то тады мы можам разважаць пра нейкую маральную сытуацыю маральных каштоўнасьцяў у грамадзтве. Бо пачынаць трэба зь сябе.

Я лічу, што каб беларускія палітыкі выконвалі сваё слова і гэтак жа актыўна разьвівалі тэму вызваленьня палітвязьняў, як яны рабілі гэта напачатку, то ўсе яны даўно былі б на свабодзе. А так нас цяпер цікавяць бакланы. Нас цяпер цікавіць, наколькі вялікая розьніца паміж стратэгіямі на тых выбараў, якіх не існуе. У прынцыпе, я кажу, што размову пра маральныя якасьці пачынаць трэба з саміх сябе.

Карач: У нашым грамадзтве існуе шмат мітаў, асабліва мітаў пра сялянаў, людзей зь вёскі, як такіх мудрых людзей, не сапсаваных цывілізацыяй, якія жывуць у згодзе з прыродай. Зразумела, што гэтая сытуацыя з бакланамі выклікае эмацыйную рэакцыю менавіта ў гарадзкіх жыхароў. Але калі ўсё ж вярнуцца да жыцьця ў вёсцы, то ў іх стаўленьне да жыцьця, і ў прыватнасьці, да жывёлаў, трохі іншае.

Калі для селяніна гэтая птушка ці гэтая жывёла зьяўляецца сьмецьцем, то, зразумела, што пытаньне пра тое, што яны там мучыліся, не стаіць

Я б хацела нагадаць, што кацянят у беларускіх вёсках закопваюць жывымі. Проста выкопваюць ямку, кідаюць жывымі, а зьверху яшчэ паскачуць. Таму, калі мы разважаем пра нейкія маральныя прынцыпы, то трэба мець на ўвазе, што ў беларускіх вёсках зусім іншая сыстэма адліку, калі можна так сказаць. Я не абараняю сялянаў і іх жорсткае стаўленьне да жывёлаў, але для іх баклан — гэта птушка-сьмецьце.

Сяляне вось гадуюць парсючка, ён прывязаны да сваіх гаспадароў, кожную раніцу весела сустракае іх, бегае вакол, пакуль не атрымоўвае ежу. А па восені гэтых парсючкоў усе масава пачынаюць рэзаць. І ніхто не гаворыць пра тое, што гэтых парсючкоў трэба шкадаваць. Ці карову, якая стала старая і не дае больш малака — яе завозяць на мясакамбінат. Нам проста трэба пазбаўляцца ад мітаў, што людзі ў вёсках такія жаласьлівыя, высокамаральныя і шкадуюць усё, што вакол.

Калі для селяніна гэтая птушка ці гэтая жывёла зьяўляецца сьмецьцем, то, зразумела, што пытаньне пра тое, што яны там мучыліся, не стаіць. У нас, гарадзкіх жыхароў, гэтая гісторыя выклікае жах, патрабаваньне пакараць гэтых людзей, але ў вёсцы гэта ўспрымаецца як цалкам нармальныя дзеяньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG