Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя: Знак памяці габрэяў — ахвяраў нацызму апаганіў бадзяга


Апаганены помнік
Апаганены помнік

Ленінскі аддзел унутраных спраў Магілёва не знайшоў падстаў, каб распачаць крымінальную справу па факце апаганьваньня памятнага знаку «Ў памяць аб габрэях Магілёва — ахвярах нацызму».

3 чэрвеня памятны знак больш як напалову быў заліты фарбай.

Як вынікае зь міліцэйскай пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, фарбай памятны знак ненаўмысна абліў мужчына бяз пэўнага месца жыхарства на прозьвішча Лапіцкі.

У пастанове гаворыцца, што Лапіцкі знайшоў ёмістасьць з фарбай ля кантэйнэра са сьмецьцем. Вырашыў спраўдзіць яе якасьць і паставіў трохлітровы слоік на камень, а гэта быў памятны знак. Слоік абярнуў, і фарба вылілася на Лапіцкага і на помнік.

«Лапіцкі ня ведаў, што камень зьяўляецца памятным знакам, і яго дзеяньні былі не скіраваныя на апаганьваньне помніка. Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле матэрыялаў праверкі адмовіць», — гаворыцца ў пастанове за подпісамі капітана міліцыі Воранава і маёра Пахоменкі.

Зацьвердзіў пастанову падпалкоўнік міліцыі Каралёў.

Камэнтаваць міліцэйскую пастанову прадстаўнікі габрэйскай грамады Магілёва пакуль адмаўляюцца. Веры, аднак, у тое, што абліў фарбай памятны знак менавіта бадзяга, у габрэяў няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG