Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы і палітыкі працягваюць абмяркоўваць новы праект закону аб органах дзяржаўнай бясьпекі, які прыняты абедзьвюма палатамі і пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго падпіша Аляксандр Лукашэнка.

Дзейны закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» быў прыняты яшчэ ў 1997 годзе. Новы варыянт закону 22 чэрвеня быў прыняты ў другім чытаньні Саветам рэспублікі, што азначае: да ўступленьня закону ў сілу застаўся адзін крок — яго павінен падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Назіральнікі адзначаюць, што новы закон больш падрабязна прапісвае асноўныя аспэкты дзейнасьці КДБ, у тым ліку сачэньне за грамадзянамі, укараненьне сваіх агентаў у палітычныя і грамадзкія арганізацыі, затрыманьні, арышты і ператрусы ў падазроных асобаў, прафіляктычную працу.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла кажа пра законапраект: «Збольшага закон у новай рэдакцыі ня горшы за расейскі, украінскі ці іншых краін. Тут нічога дзіўнага няма, кампэтэнцыя спэцслужбаў пашыраецца, у тым ліку за кошт барацьбы з тэрарызмам, ня кажучы ўжо пра ўнутраную і зьнешнюю выведку ды контравыведку. Усё гэта было і будзе. Але мяне, як праваабаронцу, хвалюе ня столькі сам закон, колькі практыка яго ўжываньня. У дзяржаве, дзе адсутнічае грамадзкі кантроль за дзейнасьцю спэцслужбаў, хаця б у мінімальных формах, немагчыма казаць пра тое, што гэты закон будзе выконвацца з пункту гледжаньня захаваньня правоў грамадзянаў. Дайсьці людзям, чые правы парушаныя, да суду — фактычна немагчыма. Выявіць, на якой стадыі быў парушаны закон — таксама ў нас немагчыма. Прыкладам, праверыць, што адбываецца ў СІЗА КДБ — немагчыма, бо грамадзкасьць туды не пускаюць. Туды можна трапіць толькі ў якасьці асобы, адносна якой вядзецца перасьлед».

Новы закон аб органах дзяржаўнай бясьпекі фактычна пазбаўляе супрацоўнікаў спэцслужбаў адказнасьці за шкоду, нанесеную ў выніку ўжываньня фізычнай сілы, зброі і спэцсродкаў, калі іх дзеяньні праходзілі ва ўмовах «абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі ці крайняй неабходнасьці». А хто будзе вызначаць, ці сапраўды была крайняя неабходнасьць альбо рызыка? Праваабаронца зазначае, што гэта будзе вырашаць сам КДБ, і таму «пацярпелым ад незаконных дзеяньняў будзе амаль немагчыма даказаць адваротнае».

У КДБ застаецца права вырашаць, сярод іншага, такія пытаньні, як тое, ці мае грамадзянін права на выезд за межы краіны. Гары Паганяйла, які сам пабываў у сьпісе невыязных, кажа, што новы закон пашырае права спэцслужбы ўжываць адносна грамадзян гэтак званы прафіляктычны ўлік.

«Адной з падставаў для нявыезду будзе тое, што чалавека паставяць на прафіляктычны ўлік як нібыта схільнага да злачынства, як удзельніка нейкай экстрэмісткай арганізацыі».

​Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч згодны, што практыка забароны выезду за мяжу праз прафіляктычны ўлік будзе пашырацца.

«Ілюзіяў у мяне няма. Прыкладам, мяне могуць паставіць на такі ўлік як нібыта чалавека, здольнага зрабіць злачынства супроць канстытуцыйнага ладу. І буду я стаяць на гэтым уліку хоць усё жыцьцё. І гэта будзе фармальная падстава для абмежаваньня майго права на выезд».

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка гэтак пракамэнтавала новы законапраект аб органах дзяржаўнай бясьпекі.

«Улада імкнецца максымальна ўзаконіць тыя дзеяньні, якія ў прынцыпе яны рабілі і раней. Хапала выпадкаў, калі спэцслужбы пранікалі ў жытло без аніякіх дазволаў і нават без жыхароў. Зараз гэта ўзаконілі, каб пазбавіць сябе крымінальнай адказнасьці. Але, безумоўна, ніякіх лібэралізацыйных працэсаў і надалей ня будзе. Мы бачым па прыняцьці такіх законапраектаў, што краіна рухаецца ў адваротным кірунку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG