Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек заўжды шукае сабе падобных»


Гарадок. Маладзечанскі раён

Як шкада, што я не пасьпеў сфатаграфаваць унікальную шыльду каля мястэчка «Гарадок». Пра яе мне распавядаў Антон Астаповіч. Перад уездам у старажытнае мястэчка красавалася фанэра зь яркімі літарамі: «Аграгарадок Гарадок». Паэтычны твор мясцовай вэртыкалі прыбралі далей ад вачэй.

Гарадок — мястэчка, дзе надзвычайная канцэнтрацыя гістарычных помнікаў. Тут ёсьць старажытнае замчышча, якое сваімі памерамі саступае хіба толькі Наваградку.




Тут на беразе маляўнічай сажалкі захаваўся мураваны млын, які належаў Тышкевічам.



Тут дзе-нідзе скрозь асфальт праглядаецца старая брукаванка.



Тут яшчэ засталіся некранутыя старасьвецкія двухпавярховікі. І нават будынак дыхтоўнай мураванай сынагогі на беразе Бярэзіны, дзе цяпер месьціцца ўправа СВК.



Стары краязнаўца Іван Выдрыцкі выступіў маім правадніком.



— СВК тут разьмяшчаецца, у гэтым будынку.

— Гэта сынагога?

— Была сынагога. Такая ж сынагога была справа. Мясцовыя жыхары разабралі на цэглу. Адзін падмурак застаўся. Калодзеж стаіць з тых часоў яшчэ. Добрая вада была.

80-гадовы пан Выдрыцкі на ўсё жыцьцё запомніў 42-гі год.

— У 42-м годзе, як і паўсюль па Беларусі, сталі расстрэльваць габрэяў. У нядзелю за сьняданьнем я, брат і бацька пачулі стрэлы кулямётныя. Я зацікавіўся — а што такое? Аказалася расстрэльвалі габрэяў. А напярэдадні я бегаў недалёка ад габрэйскіх могілак і бачыў канаву доўгую. Вышынёй мэтры два і шырынёй дзесьці мэтра паўтара. Я нават туды лазіў! Не ўяўляў, што такое потым можа быць! А як пайшоў у нядзелю паглядзець, што там — дык усе разышліся, хто выконваў гэту апэрацыю. І зямля хадзіла хадуном. Каго мёртвым, каго паўжывым засыпалі пяском. Расстралялі нашых габрэяў.

У Гарадку нават ёсьць свой этнаграфічны музэй.



Дзе сярод ручнікоў і калаўротаў маю ўвагу прыцягнулі даваенныя польскія падручнікі геаграфіі. З мапамі Польшчы ад мора да мора.



А таксама фатаздымкі старога гарадка. З высокім касьцёлам.



Ванда Вікенцьеўна Калыска, увішная, гумарная бабулька, ня можа дараваць партызанам спаленага касьцёла і разбураных вуліц мястэчка.



— Немцы адступалі, і ніводнага дома не спаліў адступаючы. Прыляцелі гэтыя прыдуркі зь вёсак, алькаголікі розныя ў лес пазашываліся. У іх ні радыё не было, яны ня ведалі, дзе вайна, у якім месцы фронт ідзе. І зрабілі ласку. Папалілі. Што немец вернецца, і яму тут дзецца ня будзе дзе. А пасьля — «немцы спалілі». Ніякія ня немцы. Палілі нашыя п’янчугі зь вёсак. Увесь Гарадок. Такія дамы былі габрэйскія харошыя. І людзі харошыя. Суседзі.

Дарэчы, паняцьці «партызан» і «бандыт» старая Калыска зусім не атаясамлівае.

— Наляталі, нажываліся і ляцелі ў пушчу са сваімі барышнямі.

— Ну трэба ж ім было нешта есьці.

— Есьці — гэта адно. Было некалькі сапраўдных партызан. Палонных застаўшыхся. Прыходзіць. «Можа, гаспадыня, ёсьць нешта пераадзецца і паесьці». А гэтыя прыляталі. Дзіцячую адзежу, пасьцель. Што было ў хаце — усё грэблі пад грабёнку.

Я не аднойчы чуў, што драўляныя клязэты ў беларускіх вёсках зьявіліся толькі падчас акупацыі. Але не даваў гэтаму веры. Ды вось што распавяла пані Ванда пра нямецкі цывілізацыйны ўклад у беларускую культуру.

— Я помню, гэта было. У габрэяў не было. Яны былі вельмі чыстыя, вельмі акуратныя. А наш беларус... Можа, што беднавата жылі. Пайшлі за хлеў, аправіліся, сьвіньняў выпусьцілі. Як прыйшлі немцы — усё. Калі ў цябе няма туалета, дык ён цябе так вычысьціць! Праз галаву гумай. Што ж ты за гаспадар такі, заразу разводзіш! І яны прымушалі зрабіць абавязкова. Давалі тэрмін. Каб за тыдзень быў туалет. Няма дошак? Ідзі нарэж. Лесу бяры колькі хочаш, бясплатна.

Даваенныя часы старая Ванда ўспамінае як нейкую казку. І канец той казцы для яе, як і для многіх заходнікаў, паклаў 39-ты год.

— Дзень і ноч рабілі. Усё мелі. Ніхто нас не чапаў. Пакуль вайна не пачалася, пакуль рускія не прыйшлі. А рускія прыйшлі — і да канца дзён нічога тут добрага няма. Ой, што тварылася! Як прыйшлі рускія, абозы пайшлі. І людзі такія бедныя. Яны ні чарта ня мелі. Чаму яны іх хапалі? Ішлі і ішлі падводамі. Маразы былі саракаградусныя. Дзеткі маленькія. Колькі павывозілі людзей! Абозы ішлі. Глядзіш праз концы і чакаеш, мо заўтра нас павязуць. А колькі іх паўмірала на Сыбіры. Вось вам і рускія, вось вам і немцы. Яшчэ болей давілі, чым тыя немцы.

— А мы зноў інтэгруемся з Расеяй. Вы ў курсе?

— У курсе. Зараз ізноў у магазынах будуць толькі вымя і капыты.

Марыя Язэпаўна Вараняева, самая старая жыхарка гарадка. Ёй хутка 86. Але і яна ня памятае, што ў дваццатыя гады тут дзейнічала беларуская гімназія.



— Тут, у Гарадку была габрэйская школа. А беларускай не было. Толькі была гімназія ў Радашковічах. Потым яе закрылі. Мой брат старэйшы там вучыўся. У беларускай гімназіі. А потым прыехаў, я запомніла, з чамаданчыкам зайшоў і кажа — усё, гімназію закрылі. Мама заплакала. Ніякіх беларусаў палякі не прызнавалі. Ва ўсіх вёсках усе гаварылі толькі на беларускай мове. А яны ўсё роўна. Толькі польская.

— А не даходзілі чуткі зь мінулага, з 19-га стагодзьдзя пра Дуніна-Марцінкевіча, пра Камілу?

— Пра гэта я чула. Пра дачку. Што яна тут школу адкрывала.

Сям’я Марыі — сям’ партызанская. Яна сама год правяла ў партызанскім лягеры. Мне падаліся вельмі цікавымі яе развагі наконт масавасьці партызанскага руху ў Беларусі.

— Што было? Карміцца трэба было партызанам. У бедных, па-мойму, яны ня бралі. Толькі ў зажытачных і якія былі праціўнікамі, якія за немцаў. А ведаеце, як гэтыя партызаны зьявіліся? Немцы як ішлі тут і займалі Беларусь, яны ж акружалі цэлыя дывізіі. І столькі было палонных. І ўсе гэтыя палонныя пайшлі па вёсках. У кожнай хаце быў палонны. У кожнай. Якія больш заможныя, выкарыстоўвалі іх для работы. На мой погляд, адкуль так партызаншчына разьвялася ў Беларусі? Яны саветаў баяліся. Што яны адкажуць за тое, што трапілі ў палон. Дык яны ўсе сталі зьбірацца ў партызаны. А так ніякай партызаншчыны і не было б. Не такія ўжо беларусы актыўныя ваякі былі. Яны прывыклі на зямлі, спакойныя такія. А тут атрымалася так, што болей і болей ішлі. Бо немцы перасьледавалі. Ужо пад канец уся моладзь пайшла. 16-ці, 17-ці гадоў. Перад вызваленьнем Беларусі.

У Гарадку карэннае насельніцтва ўсё больш замяняецца сталічнымі дачнікамі. Але трапляюцца і такія, хто прыехаў сюды на сталае жыхарства зусім здалёку. Сярэдняга веку ўсьмешлівы спадар, які калоў дровы на сваім панадворку, прадставіўся Іванам. 23 гады таму ён кінуў родны Архангельск дзеля беларускай жонкі. Працуе на «Маладэчнамэблі».



— Калгас ёсьць. Але што толку? Калі зарплаты няма ні фіга? Засталіся толькі тыя, каму дзявацца няма куды. А хто быў разумнейшы, усе тыя пасыходзілі. Пасі кароў увесь дзень. А грошы ж трэба. У мяне трое дзяцей, я паўсюль шукаў падпрацовак. Дзе можна, я там. Неяк выцягнулі дзяцей. Цяпер ужо лягчэй.

На пытаньне, сярод якога народу жывецца ўтульней, Іван адказаў, як філёзаф.

— Розьніцы ў прынцыпе няма. Калі сам чалавек кантактны, ён сам такіх людзей шукае. Калі ён добры, ён добрых шукае. Калі злы, то ён паўсюль іх знойдзе. Ці то ў Амэрыцы, ці то ў Азіі. Чалавек шукае сабе падобных. Будзеш добрым, то і да цябе будуць добра ставіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG