Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубу, па досьвед самаізаляцыі


Дагабэрта Радрыгес і Аляксандар Лукашэнка на лётнішчы Хасэ Марці

Дагабэрта Радрыгес і Аляксандар Лукашэнка на лётнішчы Хасэ Марці

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам са сваім малодшым сынам Мікалаем прыбыў 25 чэрвеня ў Гавану.

Пасьля візыту на Кубу ён накіруецца ў Вэнэсуэлу і Эквадор. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у цэнтры ўвагі будуць гандлёва-эканамічныя стасункі і палітычны дыялёг. Што зьвязвае рэжымы ў Беларусі і на Кубе?

Паводле інфармацыі, распаўсюджанай у інтэрнэце, Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Гавану на самалёце, які «Белавія» набыла ў Туркмэністане. Гэты самалёт раней належаў туркмэнскаму прэзыдэнту нябожчыку Сапармурату Ніязаву, на ім Лукашэнка змог даляцець да Кубы без дазапраўкі. Кіраўнік Беларусі ў Гаване сустрэнецца са старшынём Дзяржаўнай Рады і Рады міністраў Кубы Раулем Кастра. Афіцыйны Менск гатовы пастаўляць на Кубу сельскагаспадарчую і іншую тэхніку, далучыцца да мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і энэргетычнай сыстэмы вострава, геалягічнай выведкі. Тым часам за мінулы год аб’ём беларуска-кубінскага таваразвароту склаў усяго 50 мільёнаў даляраў, адзначае эканаміст Міхал Залескі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Карысныя выкапні, якімі валодае Куба, да нас не ідуць, бо ў нас няма прамысловай патрэбы ў тым, што яны маюць. І гэта вельмі далёка. Мы ўжо з Вэнэсуэлай крыху пагулялі ў пастаўкі нафты. Так што тут усё досыць драматычна. Усе гэтыя гульні зьвязаныя з тым, што мы ня хочам жыць па-харошаму. І шукаем мы сабе сяброў далёка, не зусім зразумелых, часам падазроных, часам такіх, зь якімі ніхто, апроч нас, не сябруе. На Кубе ёсьць цукровы трысьнёг. Будзем перапрацоўваць гэты трысьнёг. А расейцы ў нас ня хочуць яго купляць — кажуць, давайце цукар з буракоў. І то ня ўвесь, а толькі частку».

У мэдыях пра Кубу згадваюць у сувязі з пратэстамі групы «Жанчыны ў белым». Кожную нядзелю жанчыны ў белых строях моўчкі праходзяць па вуліцах Гаваны з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. У 2010 годзе частку палітвязьняў адпусьцілі на волю ў рамках пагадненьня, заключанага пры пасярэдніцтве каталіцкай царквы. У той час да міжнароднай кампаніі салідарнасьці з кубінскімі палітвязьнямі далучыўся лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Ён заклікаў Рауля Кастра вызваліць кубінскіх палітвязьняў. Спадар Мілінкевіч кажа, што ад Рауля Кастра так і не прыйшло ніякага адказу, а палітвязьні ўсё яшчэ ў турмах. Параўноўваючы сытуацыю ў Беларусі і на Кубе, ён кажа, што сыстэмы вельмі падобныя:

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

«Мае сябры, якія езьдзяць туды па правах чалавека, дапамагаць дысыдэнтам, распавядаюць, што краіна была настолькі ізаляваная ўвесь час, што бальшыня кубінцаў вераць, што яны жывуць у самай шчасьлівай краіне. А вакол суцэльныя ворагі. Яны — востраў, а мы, як кажа ўлада, у цэнтры Эўропы. Таму крыху адрозьніваюцца дыктатуры, але любая дыктатура — гэта ўдар па годнасьці людзей, гэта нялюдзкая ўлада. Таму дыктатуры так лёгка і аб’ядноўваюцца, каб неяк яшчэ пражыць, яшчэ ўтрымацца. У Эўропе нас называюць апошняй дыктатурай. І дыктатары спрабуюць адзін аднаго падтрымаць. Таму адзін да аднаго езьдзяць, каб выправіць хібы сваёй эканамічнай палітыкі. А тут невялікія магчымасьці».

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што гады тры таму разам з Алесем Бяляцкім, які цяпер зьняволены ў Беларусі з палітычных матываў, наведваў Кубу, дзе сустракаўся з кубінскімі дысыдэнтамі. Ён адзначае, што Куба заўсёды падтрымлівае Беларусь пры галасаваньні ў Радзе па правах чалавека ААН:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«На той момант некалькі дзесяткаў палітвязьняў знаходзіліся ў вязьніцах. Гэта вельмі бедная краіна, эканамічна занядбаная. Бачыў людзей, якія па шмат гадоў адседзелі ў турмах у жахлівых умовах. Там даволі шмат людзей, якія ня згодныя з тым, што адбываецца ў краіне. Апроч ідэалягічных блізкасьцяў, Лукашэнку важна знайсьці яшчэ магчымыя крыніцы збыту беларускай прадукцыі. А Куба, Вэнэсуэла і Эквадор найбольш для гэтага падыходзяць. Былі даволі шчыльныя стасункі з Пэру падчас кіраваньня Фухіморы, куды і зброя прадавалася. Таму тут шмат інтарэсаў можа быць найперш эканамічных. І, магчыма, нават заключэньне кантрактаў на продаж зброі».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, які падпісаў пэтыцыі за вызваленьне кубінскіх палітвязьняў, адзначае, што візыт Лукашэнкі на Кубу — хутчэй ідэалягічны:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Лукашэнка шукае новыя пункты апоры для сваёй далейшай палітыкі, і таму яму цікава ведаць досьвед краін, якія таксама знаходзяцца ў самаізаляцыі, якія самі сябе загналі ў кут і ўзурпавалі ўладу. Палітычныя рэжымы на Кубе і ў Беларусі маюць шмат агульнага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG