Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Харкаве адбылося пасяджэньне суду ў справе правапарушэньняў у дзейнасьці карпарацыі «Адзіныя энэргетычныя сыстэмы Ўкраіны», якой калісьці кіравала Юлія Цімашэнка.

Ні сёньня, ні раней былая прэм’ер-міністар Украіны не прысутнічала на пасяджэньнях у гэтай справе, паколькі знаходзіцца на стацыянарным лячэньні ў адным зь мясцовых шпіталяў.

Дзяржаўны абвінаваўца ў справе карпарацыі «Адзіныя энэргетычныя сыстэмы Ўкраіны» зьвярнуўся да суду з просьбай прызначыць Цімашэнцы судова-мэдычную экспэртызу, якая вырашыла б, ці былая прэм’ер-міністар можа ўдзельнічаць ў пасяджэньнях суду. Суд задаволіў просьбу абвінаваўцы і прызначыў новае пасяджэньне на 10 ліпеня.

На сёньняшнім пасяджэньні суду ў справе Цімашэнкі прысутнічалі назіральнікі ад Эўрапейскага парлямэнту, экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і былы старшыня Эўрапарлямэнту Пат Кокс. Учора Квасьнеўскі і Кокс наведалі Цімашэнку ў шпіталі.

Юлія Цімашэнка адбывае пакараньне 7 гадамі пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй.
XS
SM
MD
LG