Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: «Спадчына» заклікае адмаўляцца ад працы ў выбарчых камісіях


Берасьцейская дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» прыняла зварот да «будучых сябраў выбарчых камісій».

Сябраў камісіяў просяць не пагаджацца на працу ў камісіях:

«Адмаўляйцеся ад гэтай „пачэснай“ ролі сябры выбарчай камісіі пад любой нагодай. Не дазваляйце, каб злачынная групоўка, якая ўтрымлівае ўладу, карысталася вамі для зьдзяйсьненьня чарговага злачынства. Яны хочуць зрабіць вас яго саўдзельнікам. Рэжым упадзе, і адказваць давядзецца ім і вам. Вашае імя будзе пакрытае ганьбай».

У звароце «да настаўнікаў і выкладчыкаў, інжынэраў і тэхнічных працаўнікоў, дырэктараў унівэрсытэтаў і школаў» прадстаўнікі кааліцыі пішуць:

«Напэўна, вас, як і большасьць беларусаў, да нядаўняга часу палітыка не цікавіла. Калі ў 1995–1996 гадах зьнішчалі беларускія сымбалі і Канстытуцыю, калі ў 1999–2000 забівалі свабоду выбару ў асобе законнага старшыні ЦВК Віктара Ганчара, генэрала Юрыя Захаранкі, журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, у вас, напэўна былі справы важнейшыя. [...] Мала хто разумеў, што ўлада ў Беларусі нелегітымная, бо пачынаючы з 1996 году ніводныя выбары і рэфэрэндумы, якія праводзіліся тут, не былі прызнаныя ўсясьветнай супольнасьцю».

Далей у звароце канстатуецца, што «ўсё зьмянілася ў сьнежні 2010 году. Нам усім далі ясна зразумець: у краіне ня толькі ўсталяваная, але і замацаваная дэспатыя рэпрэсіўнага апарату».

Прадстаўнікі кааліцыі «Спадчына» зьвяртаюцца да будучых сябраў камісіяў са сьцьверджаньнем, што «людзі, якія аб’явілі байкот амаральнай уладзе» таксама хочуць, «каб жыцьцё дзяцей і ўнукаў было шчасьлівым і радасным», каб была магчымасьць «сумленна і годна зарабляць».

У звароце яго ініцыятары просяць будучых сябраў камісій задумацца, чаму менавіта іх «прызначылі ў выбарчую камісію»:

«Напэўна, вы — чалавек ціхі і пакладзісты, магчыма, наіўны або залежны ад пасады, кантракту, звычкі. Вас лёгка падмануць або падначаліць, схіляючы да фальсыфікацыяў. Вам давядзецца маніпуляваць з колькасьцю выбарцаў, укідаць бюлетэні або не заўважаць укіданьня, падпісваць пустыя пратаколы і маўчаць пра сваё злачынства».

У звароце кааліцыянты пішуць, што «байкот — гэта шанец аднавіць законнасьць, гэта цьвёрды адказ на гвалт, амаральнасьць, убогасьць, хамства, пражэрлівасьць сёньняшняй улады. Байкот — гэта зразумелае „бывай“ партыям і „рухам“, якія насуперак інтарэсам народу год у год падтрымліваюць уладу, удзельнічаючы ў выбарчым фарсе».

Напрыканцы падпісанты звароту называюць іх «саўдзельнікамі злачынства» і заклікаюць «не падтрымліваць іх ні словам, ні справай».

Берасьцейская дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» была ўтвораная пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. У яе ўваходзяць абласныя арганізацыі БХД, БСДП (Народная Грамада), «Эўрапейскай Беларусі», «Маладой Беларусі», «Беларускага руху».

Кааліцыя выступае за байкот парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца 23 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG