Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўразьвязу пашырыць санкцыі супраць Сырыі, беларускае пытаньне не разглядаецца


Канфлікт вакол зьбітага Сырыяй зьнішчальніка ВПС Турцыі і абраньне прэзыдэнтам Эгіпту аднаго зь лідэраў «Братоў-мусульман» Мухамеда Мурса стануць сёньня галоўнымі тэмамі пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў замежных спраў 27 краін супольнасьці.

Рада будзе абмяркоўваць пэрспэктывы ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Дамаску. Аднак пасьля інцыдэнту са зьбіцьцём Сырыяй 22 чэрвеня турэцкага зьнішчальніка і заявы Анкары пра намер вынесьці праблему ў аўторак на разгляд Рады НАТО сытуацыя прыняла новы абарот. Дзяржавам супольнасьці трэба выпрацаваць адзінае бачаньне праблемы.

Інцыдэнт тэарэтычна можа быць выкарыстаны як падстава, каб разьвязаць замежную ваенную інтэрвэнцыю ў Сырыі. Аднак міністар замежных спраў Нідэрляндаў Уры Разэнталь, прыбыўшы на нараду, заявіў, што пытаньне ваеннага ўмяшаньня ў сырыйскі канфлікт на сустрэчы міністраў ня будзе абмяркоўвацца

На сёньняшні дзень Анкара рэагуе на сытуацыю максымальна стрымана. Прэзыдэнт краіны Абдуллах Гюль у мінулую суботу прызнаў, што самалёт мог ненаўмысна на кароткі час парушыць паветраную прастору Сырыі.

У любым выпадку абмеркаваньне гэтага інцыдэнту на міністэрскай сустрэчы Эўразьвязу, 21 з 27 краін якога — таксама і сябры НАТО, стане зьверкай пазыцый перад брусэльскім пасяджэньнем Паўночнаатлянтычнай рады на ўзроўні паслоў 26 чэрвеня.

Другім прадметам абмеркаваньня на Радзе ЭЗ у Люксэмбургу стане сытуацыя ў Эгіпце.

Як заявіла ў 24 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бясьпекі ЭЗ Кэтрын Эштан, Эўразьвяз гатовы працаваць з новым прэзыдэнтам, прадстаўніком «Братоў-мусульман» Мухамедам Мурса.

Як выглядае, беларускага пытаньня ў парадку дня паседжаньня няма. Раней паведамлялася, што Эўразьвяз не выключае пашырэньня свайго чорнага сьпісу неўязных асобаў зь Беларусі, калі рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў рэжыму ў гэтай краіне будуць працягвацца.

«Вызваленьне двух палітычных вязьняў не перакінула мяча на бок Эўразьвязу. Мяч па-ранейшаму застаецца ў Менску. Мы можам пашырыць сьпіс людзей пад візавай забаронай», — заявіў інтэрнэт-выданьню «EUObserver» Гунар Віганд, прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешнепалітычнай дзейнасьці ў Брусэлі. Як лічаць назіральнікі, адсутнасьць беларускага пытаньня ў парадку дня сёньняшняга паседжаньня міністраў ЭЗ сьведчыць пра тое, што эўрапейскія палітыкі спадзяюцца, што ў выніку амністыі, прымеркаванай да 3 ліпеня, на волю могуць выйсьці некаторыя з палітзьняволеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG