Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэтрын Эштан і Дональд Туск выступілі ў абарону Пачобута


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Вярхоўны камісар Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан і прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск выступілі ў абарону затрыманага 21 чэрвеня ў Горадні беларускага карэспандэнта «Газэты выборчай» (Варшава) Андрэя Пачобута.

Эштан, у прыватнасьці, заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў апазыцыі і незалежных СМІ, паведамляе Польскае радыё. Яна адзначыла, што гэта ня першае затрыманьне журналіста, а абвінавачаньні, выстаўленыя яму, упісваюцца ў агульную карціну перасьледу апазыцыі і незалежных СМІ ў Беларусі. Эштан заклікала Менск спыніць перасьлед і дазволіць грамадзянам рэалізоўваць права на грамадзкую і журналісцкую дзейнасьць.

Туск заявіў, што за справай Пачобута сочаць польскія дыпляматычныя службы, і выказаў шкадаваньне, што Польшча чарговы раз павінна ціснуць на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з затрыманьнем апазыцыянэраў. Прэм’ер паведаміў, што на апошняй сустрэчы Вышаградзкай групы зьвярнуўся па падтрымку да калег з Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны і атрымаў «поўную салідарнасьць».

22 чэрвеня Туск абмеркаваў сытуацыю вакол Пачобута з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель. Кіраўнік польскага кабінэту разьлічвае на эфэктыўнасьць размовы: раней у падобных выпадках Беларусь, паводле яго слоў, саступала пад ціскам усяго Эўразьвязу і яго рэзкай крытыкі, піша БелаПАН.

Між тым, прэсавы сакратар беларускай амбасады ў Варшаве Аляксей Зелянко заявіў, што спробы ціску на беларускую сыстэму юстыцыі беспэрспэктыўныя.
XS
SM
MD
LG