Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя выявіла кола падазраваных, якія маглі адрэзаць наддзюбкі птушанятам бакланаў. Пакуль ніхто не затрыманы. Але тыя, хто жадаў жорсткага пакараньня катам, што зьнявечылі птушак, могуць усьцешыцца.

Нагадаю некалькі водгукаў з форуму «Нашай Нівы»: «Трэба насы адразаць у такіх вырадкаў». І яшчэ: «ушлёпкаў знайсьці і паадразаць ім тое, чым яны размножваюцца». І яшчэ: «За тое, што зроблена з гэтымі птушкамі, трэба садзіць за краты».

Пакараньне, выглядае, будзе.

Мне ад гэтага ня радасна.

Мне здаецца, вось-вось можа адбыцца яшчэ адна несправядлівасьць.

Я не падпісваў гэтую пэтыцыю да пракуратуры Віцебскай вобласьці. Зараз пад ёй — 11 тысячаў подпісаў. Здаецца, дзеяньні міліцыі выкліканы менавіта супольнай рэакцыяй беларускага Сеціва на жорсткасьць рыбакоў. Што, дарэчы, вельмі добра.

Пэтыцыю я не падпісаў не таму, што жорсткі па натуры. Не таму, што лічу, што птушанятам бакланаў можна адразаць дзюбы. Не, я таксама быў вельмі ўзрушаны. І крануты гэтым вось тэкстам, які рэкамэндую прачытаць.

Аднак, зьвяртаючыся да пракурораў з патрабаваньнем пакараць рыбакоў, вы, людзі, нешта ня тое прыдумалі.

Хто вінаваты ў тым, што невядомыя (якіх вельмі проста знайсьці) скалечылі маленькіх бакланаў? Ці з жорсткасьці яны гэта рабілі? Ці з «пачуцьця асабістай непрыязі», як ужо мільганула недзе ў афіцыйных крыніцах? Дык не! Ужо ўпамянуты тэкст Вольгі Цімохінай канстатуе:

«Бакланы — птушкі вельмі нязручныя для рыбгасаў… Таму рыбгасы выплачваюць прэмію добраахвотніку, які прад’явіць наддзюбкі альбо лапкі… Аж у 50 000 прэмія».

І «Інтэрфакс», са спасылкай на Акадэмію навук:

«Людзям, якія адстрэльваюць бакланаў, выплачваюць грошы. Дзеля таго, каб пацьвердзіць колькасьць адстраляных птушак, патрэбна прынесьці нейкае пацьверджаньне, напрыклад, лапкі птушкі».

Такім чынам, высьвятляецца, што нехта вырашыў, што бакланы — птушка «шкодная». Першыя дні ў апісаньнях гэтай гісторыі фігуравала дужа цікавае азначэньне — «непажаданы птушыны від». І яшчэ адно, таксама з афіцыйнага дыскурсу — «пустазельная птушка» («сорная птица» — па-руску)

Людзі праявілі «літасьць» да рыб, адрэзаўшы дзюбы птушкам

Людзі праявілі «літасьць» да рыб, адрэзаўшы дзюбы птушкам

На бакланаў абвяшчаюць «паляваньне». І гэта — ў той час, як навукоўцы з Акадэміі навук зьвяртаюць увагу, што ў Эўропе бакланы пастаўлены на пан’эўрапейскі ўлік, там адбываецца рэгулярны маніторынг іх колькасьці. Аднак у нас — «пустазельная птушка» ды «непажаданы від».

Гэтыя акалічнасьці тлумачаць простым вясковым мужыкам. Бакланы, маўляў, палююць на рыбу. На нашу рыбу. З-за іх у вас, мужыкі, нічога ня ловіцца. А таму нясіце іх дзюбы, а мы вам — грошы.

Натуральна, мужыкі пачынаюць ліквідацыю «непажаданага птушынага віду». Бо ім так растлумачылі. Яны пільна паслухалі, паверылі. Але ці можна і патрэбна караць менавіта гэтых мужыкоў? На мой погляд — не.

На мой погляд, караць трэба тых, хто прыдумаў выраз «непажаданы від», «пустазельная птушка». Бо для майго вуха абодва гучаць заалягічным фашызмам.


Караць трэба тых, хто прызначаў плату за дзюбы птушак.

Бо мужыкі (ці гэта быў адзін мужык, як сьцьвярджае міліцыя?) прыйшлі, пабачылі тыя цёплыя камячкі птушанят у гнёздах і нават забіць не змаглі. Забыліся і пра тое, што рыбу цягаюць (іх, мужыкоў, рыбу), і пра «непажаданы від». І вырашылі не забіваць. Адсекчы дзюбы і пакінуць жывымі. Ня браць грэх на душу. Хай яшчэ пажывуць, пакуль дарослыя бацькі кормяць. Мужыкі не разумелі, што так яны робяць яшчэ горш, што потым трэба будзе тых птушанят бакланаў шукаць, «усыпляць і утылізаваць», як паведамляецца ў афіцыйных крыніцах, з тлумачэньнем, што гэта — «гуманізм», бо інакш тыя сканаюць маруднай сьмерцю.

Пішу «караць трэбы тых, хто прызначаў плату за дзюбы». Пішу і дзіўлюся сабе. Ці караць іх трэба? А можа проста — выхоўваць? Адукаваць? Тлумачыць, што такое навакольны сьвет, прырода, лес, возера, як трэба да іх ставіцца? Беларусы ж — народ літасьцівы, няма сярод нас дурняў-садыстаў. А таму, як заўзятаму будысту, мне хочацца верыць, што ўсе заганы — ад невуцтва.

Год гадаваць жывёлу, даваць ёй мянушкі, усьміхацца ёй, а потым – забіць на мяса

Год гадаваць жывёлу, даваць ёй мянушкі, усьміхацца ёй, а потым – забіць на мяса

І нават ня проста ад невуцтва. Ад іншага, чым нашае, уяўленьня аб міласэрнасьці.

У мінулым сваім тэксьце я адзначаў тую вялікую бездань, што аддзяляе сьвет вёскі ад сьвету горада. У гэтай канкрэтна гісторыі пра скалечаных бакланаў сутыкнуліся два сьветы: гарадзкі, зь яго літасьцівасьцю ды нежаданьнем ведаць пра сьмерць жывёлаў, нават тых, што мы ямо штодня, і вясковы, у якім да лясоў, азёр ды іх насельнікаў ставяцца як да скаціны на падвор’е.

Кацянят у вёсцы кладуць у мех ды жывымі закопваюць у зямлю. Такія ўяўленьні аб літасьці. «Бо інакш яны памруць з галадухі». Коцікі адтуль, з-пад зямлі, пішчаць некалькі гадзінаў, і чалавеку з гораду падаецца, што за такое судзіць мала. За такое трэба саміх закопваць. А вясковыя ніякай праблемы ня бачаць.

Дарэчы, самае страшнае — калі чалавек зь вёскі, з яе нормамі маралі, пераходзіць у сьвет гораду. І да самага скону ён пакутуе ад успамінаў пра кацянят, якіх закапала бабка на разорах, а ён ня мог нічога зрабіць, бо гэта ж зрабілі «дарослыя» ды «дасьведчаныя». Ці ня так тлумачыцца інфэрнальны выпадак з «катом Някляева»? Забіваў у адным сусьвеце, зразумеў, скалануўся — у другім?

Кацянят у беларускай вёсцы кладуць у мех ды жывымі закопваюць у зямлю

Кацянят у беларускай вёсцы кладуць у мех ды жывымі закопваюць у зямлю

Вы, гараджане, можаце сабе ўявіць, як гэта — год гадаваць жывёлу, даваць ёй мянушкі, усьміхацца ёй, а потым — забіць на мяса? А ў вёсцы так робяць штогод. Дарэчы, паглядзіце фільм «Жыла-была адна баба», шмат што стане ясьней.

З бакланамі паступілі так, як робяць з жывёлай з падвор’я. З кацянятамі, якім ня жыць, бо здохнуць з галадухі. Людзі праявілі «літасьць» да рыбаў, адрэзаўшы дзюбы птушкам.

У нацыі ўзьнікла траўма і гэта вельмі добра. Вяскоўцы, «мужыкі», увесь Чашніцкі раён, паглядзеў на гэтую гісторыю вачыма горада і скалануўся. Дзякуй богу, краіна, насычаная этыкай вёскі, кіруецца з гарадоў.

Спадзяюся, гэтае цемрашальскае стаўленьне да прыроды як да падвор’я, на якім чалавеку вырашаць, якой жывёле жыць, якой — паміраць, хутка зьнікне зусім. Але да той пары трэба не караць, а адукоўваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG