Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся візыт Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу, Кубу і Эквадор. Паводле яго прэс-службы, падчас сустрэчаў абмяркуюць гандлёва-эканамічныя адносіны, палітычны дыялёг, супрацу зь іншымі краінамі Лацінаамэрыканскага рэгіёну.

З усіх дзяржаваў Лацінскай Амэрыкі Беларусь найбольш цесна супрацоўнічае з Вэнэсуэлай. Гандлёвы абарот за пяць гадоў вырас больш чым у 200 разоў: з 6 мільёнаў даляраў да 1,3 мільярдаў. Беларусь і Венесуэла ўзаемадзейнічаюць у галінах здабычы нафты і газу, нафтахіміі, энэргетыкі і газыфікацыі, сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, навукі, тэхналёгіяў, адукацыі і культуры. З дапамогай беларускіх спэцыялістаў тут пабудаваныя прадпрыемствы па зборцы грузавых аўтамабіляў МАЗ і трактароў МТЗ, завод па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.

Беларусь і Куба супрацоўнічаюць ў навуковай сфэры, біятэхналёгіях, — паведамляе БелаПАН. Беларусь пастаўляе ў Кубу сельскагаспадарчую і іншую тэхніку. Што да Эквадору, то супраца толькі пачынаецца, Лукашэнка вязе шэраг пэрспэктыўных праектаў.

Паводле інтэрвію Лукашэнкі тэлеканалу «Вэнэсаляна дэ тэлевісьён», Беларусь плянуе ўдзельнічаць у здабычы ў Вэнесуэле прыродных выкапняў, у прыватнасьці фасфарытаў. Беларусь таксама зьбіраецца стварыць у Вэнэсуэле велізарны цэнтар па зьмешваньні калійных ўгнаенняў і продажы іх на ўвесь рэгіён Лацінскай Амэрыкі.

Беларусь, паводле Лукашэнкі, разглядае Вэнесуэлу як пляцдарм для працы ва ўсім рэгіёне Лацінскай Амэрыкі. «І я прапаноўваў свайму сябру Чавэсу, каб ён разглядаў Беларусь як пляцдарм (у добрым сэнсе) па эканамічнай экспансіі ў Эўропу», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка наведваў Вэнесуэлу ў сьнежні 2007 года і ў сакавіку 2010-га. Чавэс прыяжджаў у Беларусь у ліпені 2008-га, верасьні 2009-га і кастрычніку 2010 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG