Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэя Пачобута ўчора ўвечары з ізалятара часовага ўтрыманьня перавялі ў гарадзенскую турму. Ягоная жонка Аксана сёньня занесла яму перадачу, але з Андрэям не пабачылася. У панядзелак зь ім павінен сустрэцца адвакат.

Аксана Пачобут панесла перадачу мужу ў турму а 8-й гадзіне. Распавядае, што сёньня ёй пашэнціла, было няшмат людзей, як зазвычай бывае ў выходныя. На месяц па-ранейшаму можна зрабіць перадачу на 30 кіляграмаў, але некаторыя правілы зьмяніліся.

«Я яшчэ пакуль у сябе не прыйшла і ня вельмі сьцяміла, што яму трэба. Тым больш з Андрэям не размаўляла, бо можа ў яго ёсьць якія-небудзь пажаданьні. Пабачыла, што хатняга харчаваньня нельга перадаваць, то занесла ваду, напоі, садавіну...».

Напісала чарговы ліст. Кажа, што ўвесь дзень на нагах. Малодшы сын, якому два гады і чатыры месяца, шукае бацьку па кватэры, прыносіць ёй тэлефон, каб яна тату тэлефанавала. Старэйшая дачка, якой 12 гадоў, трымае ўсё ў сабе і сварыцца на маці, калі тая пачынае плакаць.

Пасьля ператрусу ў хаце застаўся адзін стары ноўтбук без клавіятуры, Аксана кажа, што хоць з цяжкасьцю, але сама чытае навіны, якія датычаць справы ейнага мужа.

«Мне, канешне, вельмі цяжка цяпер, але пакуль я бачу, што людзі салідарныя і падтрымліваюць яго. Але ўсё ж я сябе настройваю на тое, што гэтым разам яго пасадзяць на гадоў пяць, як ня болей, і трэба мне неяк вучыцца з гэтым жыць. Бо інакш пазьней гэта пяройдзе ў маю бытавую праблему, як ён паедзе ў калёнію... Ну вось, неяк так...».

У непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў, дзе Андрэй узначальвае галоўную Раду арганізацыі, усе абмяркоўваюць арышт. Мечыслаў Яськевіч, сваяк і сябра Пачобута, сёньня сказаў, што ў панядзелак зьбярэцца Рада і адрэагуе на арышт.

Ён кажа, што апошнім часам Пачобут часта казаў, што яго могуць ізноў арыштаваць, асабліва пасьля таго, калі ўлады жорстка разагналі пікет супраць русіфікацыі польскае школы.

Мечыслаў Яскевіч

Мечыслаў Яскевіч

Яскевіч: «Улады хочуць, каб тут ніякага духу не было, бо яшчэ сёньня гэты дух непакорных палякаў ёсьць. Ну і, вядома, што яны будуць шукаць прычынаў. А Андрэй сам сказаў, што ўжо шукаюць, бо лазяць па ягоных тэкстах».

Сябры Саюза палякаў хоць і спадзяюцца, што справа Пачобута павінна скончыцца для яго бяз цяжкіх наступстваў, але ўсё больш насьцярожвае тое, што афіцыйная прэса нездарма пачала пра гэта паведамляць. Кажа журналістка Гражына Шалкевіч:

«Мы ўсе разумеем, што сытуацыя цяпер нашмат складанейшая, чым была летась. Адзін з крымінальных артыкулаў датычыць паклёпу на прэзыдэнта, а другі дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Мы вось тут гэта абмяркоўвалі і прыходзім да высновы, што па першаму яго яшчэ можа абараніць адвакат, то па-другому абвінавачваньню рэальна могуць асудзіць».



Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня ў ягонай кватэры, супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG