Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт Андрэя Пачобута і палітычная атмасфэра ў краіне перад выбарамі


21 чэрвеня арыштаваны гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Чым тлумачацца такія дзеяньні праваахоўных органаў? Чаму перад выбарамі ўлады набіраюць новых палітвязьняў? Як гэта паўплывае на адносіны Беларусі з Захадам?

Удзельнікі: намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

Чаму арыштаваны Пачобут?

Валер Карбалевіч: «Андрэй Пачобут ужо адседзеў некалькі месяцаў за кратамі па артыкуле „Паклёп на прэзыдэнта“. І вось зноў. Чым вы тлумачыце такі ўпарты перасьлед вядомага гарадзенскага журналіста?»

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч: «Арышт Пачобута дэманстратыўны. Гэта сыгнал Захаду, што Менск ня будзе прыслухоўвацца да яго патрабаваньняў. Андрэй Пачобут ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці паводле артыкула 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта). Ён быў асуджаны на пазбаўленьне волі з адтэрміноўкай да трох гадоў. І цяпер у дачыненьні да яго будзе прымяняцца кваліфікацыя па другой частцы артыкула — як да асобы, якая раней зьдзяйсьняла падобныя злачынствы. Усё ўскладняецца тым, што новая крымінальная справа ўзбуджаецца ў пэрыяд, калі ня скончылася адтэрміноўка па папярэдняй крымінальнай справе. Цяпер яму пагражае ад 3 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. І варыянтаў выкарыстаньня абмежаваньня волі тут, напэўна, не атрымаецца».

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Аляксей Кароль: «Тут трэба адзначыць два складнікі. Па-першае, Пачобут, які быў асуджаны па гэтым жа артыкуле, не скарыўся. Ён таленавіты аўтар, ягоныя артыкулы былі ўплывовымі. І ўлады вырашылі адпомсьціць.

Другі чыньнік: Пачобут — журналіст. Гэта сыгнал усім мэдыям, журналістам перад выбарамі. Улады ўспрымаюць незалежныя мэдыі як галоўнага праціўніка».

Чаму перад выбарамі ўлады набіраюць новых палітвязьняў?

Карбалевіч: «Ужо амаль год у краіне і ў Эўропе абмяркоўваецца праблема вызваленьня палітвязьняў. Але шанцы на амністыю палітзьняволеных невялікія. Падаецца, цяпер ня гэтае пытаньне выходзіць на першы плян. Цяпер галоўная праблема — гэта прадухіленьне зьяўленьня новых палітвязьняў. Гэта зьвязана з выбарамі, ці з адносінамі з Расеяй, ці зь нечым іншым?»

Стэфановіч: «Апошнім часам улады хваравіта ўспрымаюць апэляцыю беларускіх грамадзян да краін ЭЗ з патрабаваньнем санкцый ці крытычнай ацэнкай сытуацыі ў Беларусі. Вось толькі што было вынесена папярэджаньне праваабаронцу Андрэю Бандарэнку па артыкуле „Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь“.

Увогуле вонкавы фактар моцна ўплывае на ўнутраную сытуацыю ў краіне. І на фоне палітычнай і эканамічнай падтрымкі з боку Пуціна магчымасьць уплыву ЭЗ мінімальная. У такой сытуацыі цяжка чакаць вызваленьня палітвязьняў.

Паводле прынятага закону аб амністыі ніхто з палітвязьняў ня можа выйсьці на волю. Цікава, што Лукашэнка заклікаў не рабіць палітыкі з закону аб амністыі. Насамрэч гэты закон спрэс палітызаваны. Бо ніколі раней у пералік артыкулаў, на які не распаўсюджваецца амністыя, ня ўпісвалі артыкул 342 (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Гэта нязначнае злачынства, якое пастаўленае ў адзін шэраг з такімі злачынствамі, як забойства, бандытызм, тэрарызм. А паводле гэтага артыкула асуджаны Павел Севярынец, дзевяць чалавек, якія атрымалі тэрміны з адтэрміноўкай альбо ўмоўныя (Халіп, Рымашэўскі, Някляеў і інш.). А тых, хто мог бы трапіць пад амністыю, зрабілі грубымі парушальнікамі рэжыму адбыцьця пакараньня. І, адпаведна, яны ня могуць разьлічваць на амністыю.

Дарэчы, Пачобут быў пэрсаніфікаваны ў законе аб амністыі. Там пазначана, што амністыя не распаўсюджваецца на людзей, асуджаных паводле артыкула „Паклёп на прэзыдэнта“. Можа, яны загадзя ведалі, што Пачобут будзе арыштаваны. Таму колькасьць палітвязьняў можа павялічыцца, а ня зьменшыцца».


Выбары і ўзмацненьне рэпрэсіяў

Карбалевіч: «Магчыма, перад выбарамі ўлады імкнуцца стварыць сытуацыю крэпасьці ў аблозе? А як грамадзтва рэагуе на палітычныя рэпрэсіі?

Кароль: «Выжываньне рэжыму залежыць ад адносін з Расеяй. Дарэчы, да прэвэнтыўных рэпрэсіяў беларускія ўлады падштурхоўваюцца пратэстнымі хвалямі ў Маскве. Любыя выбары, нават самыя недэмакратычныя, могуць выявіць грамадзкае незадавальненьне. А палітвязьні выконваюць ролю закладнікаў, па якіх можна весьці торг з Захадам.

Гульня ў лібэралізацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў прывяла да таго, што грамадзтва пачало пазбаўляцца страху. І гэта напалохала ўлады. Дапамога Расеі дазваляе ўладам аднавіць парушаны сацыяльны кантракт, зноў абяцаць 500 даляраў. А калі рэпрэсіі не закранаюць людзей і іхнія сем’і, то яны ўспрымаюцца аддалена. Людзі займаюцца выжываньнем».

Карбалевіч: «Як гэта паўплывае на адносіны Беларусі з Захадам? Бо пытаньне палітвязьняў — галоўнае ў дачыненьнях Менску з ЭЗ і ЗША. Зусім нядаўна беларускія ўлады былі гатовыя таргавацца з Захадам па гэтым пытаньні, шэраг палітзьняволеных былі вызваленыя. Але апошнім часам усё памянялася».

Стэфановіч: «Вялікую ролю адыграла паляпшэньне дачыненьняў з Расеяй. А магчымасьці ўплыву з боку ЭЗ моцна мінімізаваныя. Бо існуюць вялікія эканамічныя праблемы ў самім Эўразьвязе. Таксама адцягвае ўвагу сытуацыя ў Сырыі. Таму цяпер Беларусь не на першым месцы ў прыярытэтах Эўропы. Паводле маіх зьвестак, эўрапейскія палітыкі і дыпляматы чакаюць амністыі, спадзеючыся на вызваленьне палітвязьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG