Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры Магілёўшчыны выступілі за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў


Кааліцыя аб’яднаных дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны выступае за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Такая пазыцыя была агучаная 22 чэрвеня пасьля паседжаньня каардынацыйнай рады кааліцыі. Між тым два дзясяткі прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў рэгіёну ўжо гатовыя вылучыцца кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў. Апазыцыянэры заяўляюць, што іх удзел у выбарчай кампаніі абмяжуецца толькі інфармацыйнай працай з насельніцтвам.

«Умовы, якія кааліцыя выстаўляла, улада на дадзены момант ня выканала, таму мы пацьвердзілі сваю ранейшую пазыцыю адносна выбараў у Палату прадстаўнікоў — гэта іх байкот. Ня вызваленыя палітвязьні, ня зьмененае выбарчае заканадаўства. Будуць вылучацца і кандыдаты, але не для таго, каб змагацца за месцы ў Палаце, а каб весьці інфармацыйную кампанію. Іншай магчымасьці данесьці нашу праўду пра сытуацыю ў краіне ў нас проста цяпер няма. Будзем заклікаць выбарцаў ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Каля дваццаці кандыдатаў гатовыя ўключыцца ў такую працу. Мы будзем актыўна ўдзельнічаць у назіраньні. Будзем вылучаць кандыдатаў у акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. Гэта будзе адным з паказчыкаў, ці гатовыя ўлады мяняць цяперашнія правілы гульні. Але, паўтаруся, мы не разглядаем гэтыя выбары як сапраўдныя, бо ў нас няма падстаў іх лічыць такімі», — заявіў пасьля паседжаньня каардынацыйнай рады кааліцыі яе старшыня Юры Новікаў.

Як паведаміў Юры Новікаў, неўзабаве кааліцыя дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны выкажа сваю пазыцыю адносна выбараў у адмысловым звароце да грамадзкасьці.

Кааліцыя дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны аб’ядноўнае мясцовыя апазыцыйныя палітычныя арганізацыі, недзяржаўныя прафсаюзы і няўрадавыя аб’яднаньні. Яна была заснаваная для каардынацыі дзейнасьці суб’ектаў палітыкі падчас электаральных кампаніяў. Утварылі яе ў 2001 годзе. Пра байкот сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў апазыцыянэры Магілёўшчыны заявілі 5 сакавіка 2011 году. Сёньня гэтая пазыцыя была пацьверджаная.
XS
SM
MD
LG