Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо выходныя: Юхнавец у Бахарэвіча, сабантуй у Менску, ангельцы ў Кіеве.


Каляндар Свабоды

Каляндар Свабоды

23-24 чэрвеня. Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У СУБОТУ…

…і нядзелю пераменная воблачнасьць, але без дажджу. Тэмпэратура ўдзень +19 — +22.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу ў эфіры Свабоды «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — эсэ пра Янку Юхнаўца.

У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Юры Дракахруст, лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка разважаюць пра тое, чаго хоча дамагчыся апазыцыя на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах.

Таксама ў нядзелю паўтор апошняй перадачы Званочкі пад загалоўкам «Маўры павінны зьнікнуць».

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

23 чэрвеня

У Беларусі гасьцюе парлямэнцкая дэлегацыя Каралеўства Камбоджа.

У Менску ў парку імя М. Горкага татары і башкіры праводзяць сабантуй. Пачатак а 12.00.

А 12.00 Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы запрашае на фінальны канцэрт конкурсу аўтарскай песні.

У Порт-оф-Спэйн, сталіцы Трынідаду і Табага, пачынаецца чатырохдзённая канфэрэнцыя, арганізаваная Міжнародным інстытутам прэсы і прысьвечаная ролі СМІ ў сучасным сьвеце.

На Эўра-2012 Гішпанія гуляе супраць Францыі ў Данецку.

24 чэрвеня

У Беларусь прыбывае парлямэнцкая дэлегацыя з Малдовы.

На Эўра-2012 Англія гуляе супраць Італіі ў Кіеве.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

23 чэрвеня

1994 — адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Беларусі.

24 чэрвеня

1989 — у Вільнюсе пачаўся I Устаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (сконч. 25.6.1989).

Нарадзіліся:

23 чэрвеня

1938 — Юры Хадыка, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, навуковец.

24 чэрвеня

1796 — Ян Чачот, беларускі і польскі паэт і фальклярыст.

1880 — Іван Краскоўскі (в. Дубічы Царкоўныя, цяпер Гайнаўскі пав. Падляскага ваяв., Польшча), грамадзка-культурны дзяяч, пэдагог.

1900 — Кузьма Чорны, беларускі пісьменьнік.

Памерлі:

23 чэрвеня

1947 — Уладзімер Пічэта, гісторык-славіст, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

24 чэрвеня

1834 — Людвік Тадэвуш Замбжыцкі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830-31гг.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Бадай што ўжо месяц, як у „кватэры“, дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камэра ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там сьветла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у „пульку“. У нас няма ўласнага жыцьця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасьці чалавека робяць яго жыцьцё арганізаваным. А ў нас азіятчына».

Кузьма Чорны, зь «Дзёньніка», запіс 22 лістапада 1944.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Андрэй Пачобут: мяне перасьледуюць з палітычных матываў
Андрэй Пачобут: лепш калёнія, чым «хімія»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG