Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Чашніцкім раёне на Віцебшчыне міліцыя працягвае пошукі жывадзёраў, якія адрэзалі дзюбы некалькім дзясяткам птушанят бакланаў.

Працяг гісторыі з бакланамі, а таксама расповед пра іншыя выпадкі зьнішчэньня зьвяроў і птушак у карысьлівых мэтах — у сёньняшнім рэгіянальным аглядзе. Як да такіх выпадкаў ставяцца прафэсійныя эколягі і проста грамадзяне.


На Новалукомскім возеры, дзе некалькі дзён таму знайшлі дзясяткі маладых бакланаў з адрэзанымі дзюбамі, штодня бывае арнітоляг-аматар Віталь Кашчэеў. Менавіта ён разам зь відэаапэратарам Ігарам Бышневым знайшоў зьнявечаных птушак. Ён жа назіраў, як учора іх лавілі, каб усыпіць. Такое рашэньне прыняла адмысловая камісія, таму што бакланы з пашкоджанымі дзюбамі ня могуць самі здабываць ежу і немінуча загінуць ад голаду, як толькі падрастуць і іх перастануць карміць бацькі.

Але злавіць і ўсыпіць удалося толькі які дзясятак птушак-«падлёткаў», кажа Віталь Кашчэеў:

«Штук 10 злавілі. Тады ж яны запэўнівалі, што гэта можна зрабіць без праблем. А я казаў, што напалову яны ўжо лётныя, могуць пакінуць выспу. Вось зараз па дарозе на выспу мы бачылі толькі штук 5, потым яшчэ 2, аднаго зь іх я злавіў».

Эколяг Віталь Кашчэеў: «Цяпер цяжка ацаніць маштаб страты, нанесенай прыродзе»

Віталь Кашчэеў вызначае колькасьць зьнявечаных птушак так: на высьпе каля 100–150 гнёздаў бакланаў, у кожным гадуюцца па дзьве-тры маладыя птушкі. І прыкладна ў кожным другім-трэцім гнязьдзе браканьеры нанесьлі шкоду. А цяпер падлічыць маштаб шкоды, нанесенай прыродзе, і ўвогуле немагчыма, кажа спадар Кашчэеў:

«Зараз ужо нічога ня вызначыш. Па-першае, яны ўжо лётаюць. Па-другое, на высьпе іх, можа, і ўвогуле ня знойдзеш — нават мёртвых іх могуць знаходзіць зусім у іншых месцах».

«Трафэй, за які рыбгас выплочвае „прэмію“ ў 40 тысяч рублёў, — галава застрэленага баклана»

Чашніцкі райаддзел міліцыі шукае браканьераў-барбараў. Тлумачэньні давалі і Віталь Кашчэеў, і супрацоўнікі рыбгасу «Новалукомскі». Там кажуць, што ў іх быў дазвол ад Міністэрства прыроды на адстрэл бакланаў як прадстаўнікоў непажаданага віду, які бескантрольна нішчыць рыбу — карпа, судакоў, самоў, шчупакоў, якіх тут водзіцца багата. Але «трафэем», за які рыбгас выплочвае «прэмію» памерам 40 тысяч рублёў, лічыцца галава застрэленай птушкі.

Таму сярод мясцовых жыхароў ходзяць самыя супярэчлівыя чуткі, хто б гэта мог паадразаць наддзюбкі ў жывых і даволі моцных птушак. Спадарыня Ірына, жыхарка Новалукомля, разважае так:

Пад падазрэньне трапілі і кітайцы, якія будуюць Лукомскую ДРЭС

«У мяне першая думка была, што гэта неяк зьвязана з кітайцамі, якія будуюць Лукомскую ДРЭС. Яны тут зь зімы, заехалі ў лютым. І вось — такі незвычайны выпадак! Можа, наддзюбкі маладых птушак выкарыстоўваюць ва ўсходняй кулінарыі?»

Другая вэрсія, паводле спадарыні Ірыны, — што нявечылі жывых птушак псыхічна нездаровыя людзі, прычым, верагодна, цэлай групай:

«Я не паверу, што нармальны чалавек пойдзе трушчыць гэтых птушак, адкручваць ім дзюбы! Гэта ж трэба аднаму трымаць, другому — круціць. Прасьцей ужо адсекчы ім галовы сякерай, калі на тое!»

А міліцыянты абяцаюць, што «абавязкова знойдуць барбараў...

І галовы, у такім выпадку, можна здаваць у рыбгас, лічыць спадарыня Ірына. А так — міліцыя зьбірае зьвесткі, ці не бяруць менавіта наддзюбкі ў якіх суседніх рыбгасах. Прычым у прыватных гутарках міліцыянты кажуць мясцовым жыхарам, што абавязкова знойдуць браканьераў.

Як паведамляе БелТА, міліцыя падазрае ў барбарскім учынку чалавека, які ня мае дачыненьня да рыбгасу: нібыта ён «пакалечыў птушак з асабістай непрыязі, бо яны заміналі яму лавіць рыбу». Імя падазраванага міліцыя не называе.

З бакланаў зьдзекаваліся і на Берасьцейшчыне

Актывісты берасьцейскіх арганізацыяў аховы прыроды кажуць, што барбарскае забойства бакланаў пэрыядычна здараецца і на Берасьцейшчыне. Выпадкі жорсткага абыходжаньня з жывёламі ў рэгіёне дасьледаваў Павал Канстанцінаў.

Берасьцейскі актывіст арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Юры Бакур сытуацыю з бакланамі на Віцебшчыне называе ня новай:

У вусьці ракі Лань сьпілавалі дрэвы, дзе гнездавалася найбуйнейшая ў Эўропе калёнія птушак

«Увесь час узьнікаюць такія канфлікты на рыбгасах Берасьцейшчыны таксама. Ёсьць у нас знакамітая калёнія ў вусьці Лані. Там калёнія бакланаў, шэрых чапляў, белых чапляў і нават чырванакніжных птушак. Гэта найбуйнейшая кантынэнтальная калёнія птушак у Эўропе. Але дрэвы, на якіх былі гнёзды з птушанятамі бакланаў, проста сьпілавалі».

Спадар Бакур кажа, што праблема — ня толькі ў выпадках зьнішчэньня папуляцый птушак, але і ў заканадаўчай сфэры:

«Зараз хочуць зьмяніць заканадаўства аб паляваньні і зрабіць яго ўвогуле нейкім барбарскім. Ва ўсёй Эўропе адменена вясновае паляваньне на птушак, а ў Беларусі дагэтуль яно не адмененае».

Праблемы ня толькі ў абыходжаньні з птушкамі

Суразмоўца кажа, што праблемы ўзьнікаюць ня толькі ў абыходжаньні з птушкамі. Спадар Юры тлумачыць, што дагэтуль існуе камэрцыйнае, платнае паляваньне на зуброў у Белавескай пушчы.

Алег Голас, кіраўнік арганізацыі «Наследие», якая займаецца зоаабарончай дзейнасьцю ў Берасьці, кажа, што вельмі часта фіксуюцца і факты жорсткага абыходжаньня з хатнімі жывёламі:

«На вачах у гаспадыні і многіх, хто прысутнічаў у той момант, застрэлілі сабаку. І рэзананс пайшоў настолькі аб’ёмны, што сапраўды дайшоў да пэўных інстанцыяў і былі прадпрынятыя меры, каб ня проста апраўдацца, але правесьці сапраўднае расьсьледаваньне гэтага выпадку».

Патрэбныя супольныя намаганьні ў абароне жывёлы й птушак

Спадар Голас кажа, што жывёл даводзіцца бараніць ад камунальнікаў, якія чыняць адстрэлы, а часам нават ад уласных гаспадароў.

Кіраўнік «Наследия» перакананы, што толькі супольныя намаганьні грамадзкасьці дазваляюць часам пазытыўна разьвязаць праблему захаваньня жывёлаў.

Вядомы беларускі эколяг, кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Terra-канвэнцыя» Валеры Дранчук: «Падрабязнасьці гэтага злачынства мусіць вырашыць суд».

Суразмоўца ўдакладняе:

«Тут праглядаецца магчымасьць суду — разгляду гэтай справы менавіта ў судзе. Па-першае, што гэта за дазвольныя санкцыі былі? Па-другое, хто дзейнічаў, хто выконваў? Як мне падаецца, бязь нейкага пэўнага прыкрыцьця адсякаць дзюбы бакланам ніхто б не асьмеліўся. Тут нейкае прыкрыцьцё ёсьць, і суд бы гэта высьветліў. Бо колькі б мы ні пісалі на форумах, на сайтах у інтэрнэце і гэтак далей — усё гэта праз 2–3 тыдні забудзецца. А суд расставіць кропкі, бо ён правядзе расьсьледаваньне.

Тое, што дзеецца зараз у дзікай (не рэгуляванай) частцы прыроды Беларусі — гэта прыклад таго, што чалавек ізноў-такі ўмешваецца. Калісьці тут выпрамлялі рэкі, а цяпер — хочуць паставіць бакланаў на месца... Магчыма, што ёсьць у прыродзе нейкія віды зьвяроў ці птушак, якія патрабуюць нейкага рэгуляваньня, але калі сюды дамешваецца „чалавечы тэрор“, ды яшчэ крывавы і жорсткі, то, безумоўна, у дадзеным выпадку трэба біць па руках, у тым ліку працэсамі ў судах.

Мы ж бачым, што цяпер людзі самі ня могуць сябе абараніць. Яскравы прыклад гэтага — парк імя 40-годзьдзя Кастрычніка ў сталіцы. Улада робіць жорсткія рэчы, а людзі ня могуць абараніцца. Тым ня менш такія спробы трэба рабіць, бо яны будуць найбольш эфэктыўныя менавіта праз суд, нягледзячы нават на тое, які ён на сёньня ёсьць. Але ж ёсьць канкрэтныя законы, канкрэтныя артыкулы, дзе прапісаныя нормы, абавязкі. І мы маем права апэляваць да іх. І, як мне падаецца, гэтая справа вельмі прыдатная, каб злачынцаў пакараць менавіта праз суд».

Даведка «Свабоды»:

У Беларусі на сёньня адзінае магчымае пакараньне за жорсткае абыходжаньне з жывёлай, калі тая засталася ў жывых — штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў. Яно прадугледжана артыкулам 15.45 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Артыкул «Жорсткае абыходжаньне з жывёлай» прадугледжваецца таксама ў Крымінальным кодэксе. Аднак, паводле зьвестак камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» ўжо шмат часу знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Калі будзе атрымана згода ад Аляксандра Лукашэнкі, то гэты законапраект разгледзіць Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG