Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія ўлады падвысілі алімпійскі стымул. Чым адкажуць спартоўцы?


Крыху больш чым празь месяц у Лёндане стартуюць юбілейныя, 30-я па ліку летнія Алімпійскія гульні.

Для беларускіх атлетаў гэтая Алімпіяда таксама адметная — 10-я ў сувэрэннай гісторыі краіны. У актыве спартоўцаў ужо блізу паўтары сотні алімпійскіх ліцэнзій, аднак кваліфікацыйны адбор будзе працягвацца да сярэдзіны ліпеня. Як спадзяюцца спартовыя функцыянэры, агулам беларусы здабудуць на Алімпіяду-2012 блізу 180 пуцёвак у 24 відах спорту. Узамен улады абяцаюць салідныя прызавыя.

Перад беларускімі алімпійцамі пастаўленая задача заваяваць у брытанскай сталіцы 25 мэдалёў — прычым як мінімум 5 зь іх павінны быць вышэйшай вартасьці. На папярэдніх Гульнях 2008 году ў Пэкіне не хапіла адной узнагароды, каб адрапартаваць пра два дзясяткі прызавых месцаў: агулам заваявана 4 залатыя, 5 срэбных і 10 бронзавых мэдалёў.

Нягледзячы на наступствы фінансавага крызісу, на тле падвышанай плянкі патрабаваньняў і дзеля стымуляваньня спартоўцаў істотна павялічаны памер прэміяльных у параўнаньні з папярэднімі стартамі чатырохгодзьдзя. Як расказаў Генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Георгій Катулін, пачынаючы з гэтага алімпійскага цыклю ўладальнік залатой узнагароды атрымае ад дзяржавы на 50 тысяч даляраў болей, чым раней:

«Калі мы першы раз удзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай,
Уладальнік залатой узнагароды атрымае 150 тысяч даляраў ...

прызавыя складалі наступныя сумы: за залаты мэдаль — 15 тысяч даляраў, за срэбны — 7,5 тысячы, за бронзавы — 5 тысяч. Згодна з апошнім указам прэзыдэнта аб падтрымцы спартоўцаў-алімпійцаў, у Лёндане ўладальнік залатой узнагароды атрымае 150 тысяч даляраў, срэбнай — 75 тысяч, бронзавай — 50 тысяч. На папярэдніх гульнях прэміі, адпаведна, складалі 100 тысяч даляраў, 50 тысяч і 30 тысяч».

Дагэтуль уладальнікам залатых мэдалёў гэтаксама давалі кватэры ў Менску, але гэтым разам падобныя абяцаньні не гучаць — мабыць, падвышаны ганарар прадугледжвае самастойнае вырашэньне жыльлёвай праблемы.

Узроўнем прызавых Беларусь апярэджвае шмат якія краіны. Так, заможная Расея абяцае сваім чэмпіёнам 130 тысяч даляраў за першае месца, срэбная і бронзавая пазыцыі ацэненыя ў 82 тысячы і 56 тысяч даляраў. Украінскія спартоўцы заробяць, згодна з мэдалёвым ранжырам, 85 тысяч, 61 тысячу і 42 тысячы даляраў. А вось у ЗША грашовае ўзнагароджаньне каторы ўжо год трымаецца на адзнацы 25 тысяч даляраў. Некаторыя эўрапейскія краіны ўвогуле лічаць удзел у Алімпіядзе справай гонару. Так, у Швэцыі і Нарвэгіі імёнамі мясцовых чэмпіёнаў называюць геаграфічныя аб’екты, а фінансавую дапамогу ў прыватным парадку могуць аказваць спонсары. Вышэй за астатніх цэняць сваіх алімпійцаў у Сынгапуры, Малайзіі і Казахстане — па 500 тысяч, 300 тысяч і 250 тысяч даляраў за першае месца.

У Беларусі галоўныя мэдалёвыя спадзяваньні спартовых чыноўнікаў і заўзятараў на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях зьвязаныя найперш з выступамі лёгкаатлетаў, штангістаў, весьляроў, барцоў, стралкоў, гімнастаў. Упершыню ў гісторыі на Алімпіяду трапілі беларускія футбалісты. Пры гэтым адмыслоўцы не выключаюць сэнсацый — дастаткова згадаць алімпійскія подзьвігі спрынтаркі Юліі Несьцярэнкі і цяжкаатлета Андрэя Арамнава. Праўда, як паказвае практыка, такія «стрэлы» застаюцца збольшага адзінкавымі: Несьцярэнцы ў наступныя гады так і не ўдалося паказаць нават блізкі вынік, а Арамнаў не прайшоў выпрабаваньня «меднымі трубамі». Як кажа іншы алімпійскі чэмпіён Леанід Тараненка, трэнэрам важна ня толькі падрыхтаваць таленавітага выхаванца, але і ўратаваць яго ад наступстваў раптоўнай славы:

«Былі ў нашым відзе такія выбітныя атлеты, як Варданян, Захарэвіч. Увогуле вельмі шмат спартоўцаў таленавітых, але Арамнаў — гэта супэрталент. На дзіва, ён гэты талент мэтанакіравана закопвае. Вядома ж, каб яго ўратаваць, трэба ўжываць самыя крутыя меры і празь нейкі час паспрабаваць яго агульнымі намаганьнямі вярнуць. На жаль, там трэнэры нацыянальнай каманды самастойна зрабіць нешта ня ў сілах, некаторыя зь іх проста забыліся, што такое пэдагогіка, псыхалёгія, калі ў іх у вачах толькі даляры і кіляграмы. Гэта няправільна. У наш час такога не было. Памылка ў тым ліку і грамадзтва, што ён столькі разоў п’яны пападаецца за рулём. Ён не павінен быў увогуле сядаць у такім стане ў машыну! Хай ён супэрталенавіты чалавек у спорце, але ж нельга дэманстраваць усёдазволенасьць».

Напярэдадні ад’езду беларускіх алімпійцаў у Лёндан крымінальны скандал напаткаў штаб лёгкаатлетычнай зборнай. Нягледзячы на надзвычайную адказнасьць моманту, кампэтэнтныя органы прынялі рашэньне арыштаваць галоўнага трэнэра нацыянальнай каманды Анатоля Бадуева. Часовым выканаўцам абавязкаў прызначаны дзяржаўны трэнер Аляксандар Трашчыла. Бадуеву інкрымінуюцца як мінімум два злачынствы — прымус да дачы хабару і нямэтавае выдаткоўваньне спонсарскіх сродкаў. Пры тым, што заслугі спартовага спэцыяліста бясспрэчныя: пад кіраўніцтвам менавіта Анатоля Бадуева нацыянальная каманда заваявала на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне найбольшую колькасьць мэдалёў — сем. Яшчэ да затрыманьня адмысловец заяўляў, што сёлета ягоныя выхаванцы могуць скарыць і гэты рэкорд.
XS
SM
MD
LG