Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае звальненьне на «Граніце» — Віталь Пашэчка


Belarus - "Hranit", Mikashevichy, undated

Belarus - "Hranit", Mikashevichy, undated

Зь мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» без папярэджаньня звольнены чарговы сябар суполкі незалежнага прафсаюзу. У Віталя Пашэчкі двое малых дзяцей.

Спадар Пашэчка кажа, што звальненьне для яго стала поўнай нечаканасьцю. Загадзя яго не папярэджвалі, а звольнілі «паводле артыкула»:

«За „парушэньне працоўнай дысцыпліны“. А кантракт у мяне дзейнічае да 2014 году. Падставай паслужыла тое, што ў траўні ў мяне было нейкае дысцыплінарнае спагнаньне. Мяне ніхто нічога не папярэджваў, у мяне ў траўні ніякіх „залётаў“ не было. Я прыйшоў у ноч на працу, а мне майстар заявіў — зайсьці ў аддзел кадраў, маўляў, я звольнены».

Спадар кажа, што ня ведае ні пра якія дысцыплінарныя спагнаньні. Ён кажа, што яму не прапаноўвалі расьпісацца пад гэтымі спагнаньнямі і нават не азнаёмілі зь імі.

Віталь Пашэчка працаваў люкавым у цэху пагрузкі. У яго двое малых дзяцей:

«Дачцэ адзінаццаць месяцаў споўнілася пазаўчора. Будзе падарунак на дзень нараджэньня — будзе тата беспрацоўны...»

Спадар Пашэчка кажа, што плянуе апратэстоўваць звальненьне. Ён перакананы, што яго звольнілі за ўдзел у незалежным прафсаюзе.

Такой думкі прытрымліваецца і кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

«Мы бачым, што ўся сыстэма, усе суды працуюць на здушэньне чалавека. І тыя людзі, якія разам з намі вырасьлі і капаліся ў адной пясочніцы і абралі вось гэты нечалавечы шлях, шлях на здушэньне правоў і свабодаў сваіх суседзяў, сваіх сваякоў, сваіх сяброў, блізкіх, дзеля гэтай сыстэмы, пры ўсёй сваёй неправаце адчуваюць сваю беспакаранасьць. Таму што гэтая сыстэма іх бароніць, як мы пераканаліся ў судах».

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства былі звольненыя актывісты прафсаюзу Алег Стахаевіч, Генадзь Паўлоўскі, Мікалай Карышаў. Звольнілі і жонку сакратара незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Людмілу Літвінку, якая працавала на замене дэкрэтнага адпачынку.
XS
SM
MD
LG