Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка — пра пасьмяротныя выданьні Васіля Быкава


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

Гэта напраўду нонсэнс, што пісьменьнік такой велічыні пакідае па сабе столькі неапублікаваных твораў.

Штосьці, як аповесьць «Аўганец» альбо дзёньнікавыя «Пункціры жыцьця», было ўпершыню надрукавана толькі пасьля сьмерці творцы (так, на старонках часопісу «Дзеяслоў» шмат гадоў выдавалася недрукаваная спадчына Народнага пісьменьніка). Штосьці, як прыпавесьці, у некаторых зь якіх Быкаў раскрыўся як сатырык, і апавяданьні, выходзіла ў пэрыёдыцы, але далёка ня ўсё — у асобных кнігах. Апошнім прыжыцьцёвым выданьнем Васіля Быкава была аўтабіяграфічная «Доўгая дарога дадому».

Разам з Быкавым сышла Эпоха. І цяпер, празь дзевяць год пасьля сыходу, мы працягваем наноў адкрываць для сябе шматгранныя творчасьць і асобу Пісьменьніка.


Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. — Менск, Саюз беларускіх пісьменьнікаў; Масква, ТАА «Выдавецтва «Время». Т. 1 — 9

На сёньняшні момант выйшла дзевяць з чатырнаццаці меркаваных тамоў Поўнага збору твораў. То бок — ужо больш за тое, што сам Васіль Уладзімеравіч хацеў пабачыць, склаўшы плян-праспэкт выданьня свайго васьмітомавага Збору — аповесьці, раман, апавяданьні, прыпавесьці, мэмуары, дзёньнікі... У сьвежы, дзявяты том, увайшлі кінасцэнары. Наперадзе — літаратуразнаўчыя артыкулы, прамовы, публіцыстыка, інтэрв’ю, ліставаньне...

І ці ж ня нонсэнс, што выданьне збору твораў Народнага пісьменьніка ажыцьцяўляецца не дзяржавай, а сіламі грамадзкасьці й незалежнага Саюзу пісьменьнікаў?


Быкаў на Свабодзе. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — 2-е выд., дапоўненае. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2005

Чытаючы гэтую кнігу, касьцяк якой і асаблівую каштоўнасьць складаюць свабодаўскія гутаркі з Васілём Быкавым ад 1991 году, дзіву даесься, наколькі празорлівымі былі ягоныя прагнозы й ацэнкі сытуацыі. Нават у 1993 годзе, яшчэ да ўсяго, ён ня меў аніякіх ілюзіяў («Прадчуваньні мае самыя змрочныя, і я толькі хачу, каб яны ня спраўдзіліся» — такія словы вынесеныя ў загаловак інтэрв’ю).

Адзін з разьдзелаў кнігі называецца «Пасьля Быкава», дзе на пяцідзесяці старонках зьмешчаны своеасаблівы дайджэст — тэксты перадачаў, што склалі абсяг ад першага эфіру пасьля сьмерці пісьменьніка, да саракавінаў. Вось жа, складаецца ўражаньне, што з сыходам Васіля Быкава сапраўды пачалася новая эпоха — Эпоха пасьля Быкава. Бяз Быкава ў кагосьці нібыта разьвязаліся рукі: ужо ўвосень вяшчаньне БТ перайшло на расейскую, быў забаронены Ліцэй, зацкаваны Саюз пісьменьнікаў, пачалася чыстка школьных праграмаў, ціск на незалежную прэсу...

Думаецца, Быкаў ня быў пэсымістам. Проста — добра дасьведчаным аптымістам, і ніколі ня хлусіў — ні сабе, ні свайму чытачу альбо, у дадзеным выпадку, — слухачу.


Васіль Быкаў. Бліндаж: аповесьці. Бібліятэчка «Дзеяслова». — Менск: выд. В. Хурсік, 2006

Кнігу склалі незавершаная аповесьць «Бліндаж» і нідзе, акрамя газэтнага варыянту 1958 году, не друкаваная дэбютная аповесьць «Апошні баец».

Гэтыя два творы — як полюсы, між якіх нацягнутая ніта ўсёй творчасьці пісьменьніка. Схэматычны «Апошні баец», хутчэй прыгодніцкі экшн пра вайну, практычна пазбаўлены псіхалягізму, які сам Быкаў ацэньваў звышкрытычна (казаў, што гэта «вельмі кепская аповесьць», бачыў у ёй фальш і жаданьне пачаткоўцы «абы надрукаваць, абы патрафіць» і не ўключаў у зборы твораў), і адкладзены ў 87-м «Бліндаж», пра які пісьменьнік думаў ледзь не да апошняга свайго дня... Між імі — штодзённая праца, жорсткая самакрытыка і... Божы дар, цалкам аддадзены служэньню свайму народу, Літаратуры, Праўдзе.


Юрась Залоска. Праўда як рэлігія. — Менск: Медисонт, 2010. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»).

Запісваючы ў сярэдзіне 1990-х гутаркі з Васілём Быкавым, былы журналіст, супрацоўнік газэты «ЛіМ», а цяпер праваслаўны сьвятар Юрась Залоска, мажліва, і сам не да канца разумеў, наколькі па-прароцку надзённа будуць гучаць быкаўскія словы цяпер, амаль праз дваццаць год. У анатацыі да кнігі зазначана: «Гэта нацыянальная споведзь „песыміста ў адносінах да пакалення свайго веку“ і валадара беларускай нацыянальнай ідэалогіі будучыні — вялікага літаратара, мастацтвазнаўцы, філосафа, палітыка, грамадзяніна і прарока». Ці ёсьць яшчэ ў нашай літаратуры постаць, пра якую ў падобных словах ня будзе і ценю мастацкага перабольшаньня? І ці зьявіцца?..





Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў: Невядомыя творы, незавершанае, нататнікі за 1957-1972 гады. — «Гарадзенская Бібліятэка», 2012, вып. 15

​Штосьці падказвае, што нават такі дыхтоўны, як вышэй згаданы, збор быкаўскіх твораў наўрад ці будзе поўным і вычарпальным. Бо — ці ж вычарпальны акіян?.. Напрыклад, ня так даўно сыны Васіля Ўладзімеравіча перадалі дасьледніку і біёграфу Быкава Сяргею Шапрану «вялікі чамадан з рукапісамі і машынапісамі», што склалі аб’ёмную таміну гарадзенскага архіву пісьменьніка.

У гэтай кнізе — перадгісторыя і пачатак вялікай Быкаўскай эпапеі. На маю думку, гэтае выданьне будзе карысным перадусім маладым літаратарам — як узор стаўленьня і да творчасьці, і да сябе як творцы. Вось невялічкая цытата з творчай аўтабіяграфіі, дзе Васіль Быкаў апісвае свае пачуцьці ад таго, як у 36 год ён стаў аўтарам першае кнігі: «Дзіўна было, як непадобна да ранейшага выглядала ўсё на друкаваных старонках, як гэта было слаба, наіўна, нецікава і коснаязыка. Здавалася, я пісаў ня так, я шмат чаго не пазнаваў. Нібы гэта былі не мае творы, а чые іншыя. Часам я кідаўся да машынапісных арыгіналаў, здавалася мне, у кнізе папсавалі, паблыталі, але не, усё там было дакладна, як у арыгінале. Незвычайная нейкая метамарфоза, ілюзія пераўтварэньня са стратай якасьці! Пасьля я перажыў іх шмат і ўжо не зьдзівіўся, а тады гэта ўразіла моцна і надоўга».

І кожны, хто знаёмы з пазатэкставымі фактамі творчасьці Быкава, ведае, што ў гэтых словах няма какецтва. Падобнае самакрытыкі, часам блізкае да самаедства, знаходзім скрозь — і ў дзёньніках ды мэмуарах, і ў пранізьліва спавядальных ліставаньнях, да якіх Быкаў ставіўся, можа, ня менш сур’ёзна, чым да мастацкіх тэкстаў.

Разам з Быкавым сышла Эпоха. Патасна сказана, але ці шмат тут перабольшаньня? Вядома ж, гэтымі пяцьцю пунктамі пасьмяротныя выданьні Васіля Быкава не вычэрпваюцца. І дай Бог, каб публікацыі быкаўскіх твораў не спыняліся ніколі. Але вось чаго напраўду бракуе — тое актуальных літаратуразнаўчых працаў. Ці да рэшты зразумелы нам гэты празаік? Ці расчытаны далей за словы «прарок» і «сумленьне нацыі»? Рызыкну выказаць сумнеў. Ці ладзяцца канфэрэнцыі, быкаўскія чытаньні? Ці абараняюцца, зрэшты, сёньня дысэртацыі па яго творчасьці? Ці будзе 90-я гадавіна з дня народзінаў Быкава адзначацца на дзяржаўным узроўні? У мяне няма адказаў на гэтыя пытаньні. Але — каб жа ж мае змрочныя прадчуваньні ня спраўдзіліся!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG