Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах зноў павалілі крыжы


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода былы палітвязень, удзельнік абароны Курапатаў 2001-2002 Васіль Парфянкоў.

Грамадзкі актывіст, абаронца Курапатаў 2002 года, былы палітвязень Васіль Парфянкоў кажа, што яму патэлефанаваў Алесь Макаеў і паведаміў, што ў Курапатах зноў валяць крыжы. Васіль жыве непадалёк і адразу ж накіраваўся ў Курапаты.

«Я пад’ехаў не з так званага цэнтральнага ўваходу, куды можна трапіць праз падземны пераход, а знізу, празь лясную дарогу. Там заўважыў адзін павалены крыж, пайшоў далей, туды, дзе стаяў намёт падчас абароны Курапатаў. Там заўважыў двух хлопцаў, якія плячыма штурхалі крыж. Ім гадоў па 17 — 18. Я крыкнуў : „Што вы робіце?“ І яны пабеглі ў бок рынку „Аквабэл“ і „Бігсу“. Я іх не дагнаў. Выклікаў міліцыю. Група прыехала праз хвілін 20. Яны пачалі фатаграфаваць, як зломленыя гэтыя крыжы».

Васіля Парфянкова ў міліцэйскай машыне апыталі, што ён бачыў, запісалі ягоныя паказаньні.

У выходныя у Курапаты трэба зноў склікаць талаку і аднаўляць крыжы, кажа Васіль Парфянкоў: «Улада ж гэтыя крыжы аднаўляць ня будзе. Будуць аднаўляць людзі. Не хацелася б, каб гэта паўтарылася зноў».


23 красавіка невядомыя вандалы зламалі крыжы.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі шыльду на Крыжы Пакуты.

Што да мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз «лаву Клінтана» ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі яго.

У 2008 годзе актывісты КХП БНФ затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах. Актывісты выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў. Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў».

Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі. 12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў. Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўналетніх навучэнцаў школы і ПТВ.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG