Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН абмяркоўваюць кандыдатуры на спэцдакладчыка па Беларусі

  • Тацяна Поклад

Рада па правах чалавека ААН

Рада па правах чалавека ААН

Прадстаўнік у ААН ад Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Глен Паёт (Glenn Payot) лічыць, што ёсьць высокая верагоднасьць, што спэцдакладчык ААН па Беларусі ўсё ж будзе прызначаны.

Глен Паёт падчас размовы зь беларускімі журналістамі пацьвердзіў, што прызначэньне спэцдакладчыка ААН па Беларусі — вельмі магчымая рэч.

«Беларусь выклікае вялікую заклапочанасьць у Рады ААН па правах чалавека. У Жэнэве мы працуем па разам зь беларускімі актывістамі ужо цягам году дзеля прыцягненьня міжнароднай увагі да праблемаў з правамі чалавека у гэтай краіне. Мы супрацоўнічаем з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Мы адвакатуем пытаньне па Беларусі тут, у Радзе ААН па правах чалавека, цягам апошняга году і ўпэўненыя, што прызначэньне спэцдакладчыка ААН па Беларусі будзе слушным адказам міжнароднай супольнасьці на парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Гэта будзе знак узмацненьня ціску на беларускія ўлады з боку міжнароднай супольнасьці, гэта будзе таксама знак для беларусаў, што пра іх праблемы ведаюць і клапоцяцца ў ААН», — адзначыў дэлегат ААН ад Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.

«Алесь Бяляцкі віцэ-прэзыдэнт нашай арганізацыі (Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, рэд.), — цяпер за кратамі, мы ўважліва сочым за яго справай, але праблема Беларусі — гэта ня толькі пытаньне аб Бяляцкім ці іншых палітвязьнях. За гэтым стаіць значна большая праблема — шматлікія парушэньні правоў чалавека, ад якіх церпіць усё беларускае грамадзтва. Таму мы працуем з Радай ААН па правах чалавека, каб быў прызначаны мандат спэцыяльнаму дакладчыку па Беларусі».

Наколькі рэальны спадзеў, што за рашэньне прызначыць спэцдакладчыка ААН па Беларусі прагаласуе бальшыня?

Паёт лічыць, што цяпер значна павялічыліся шанцы на гэта, бо апошнім часам сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заклапочаныя і краіны Лацінскай Амэрыкі, і Афрыкі, і Азіі, а гэта значная падтрымка.

«Магчыма, што супраць могуць прагаласаваць такія краіны, як Расея, Эквадор, Кітай, Куба. Калі было прынятае рашэньне скасаваць пасаду спэцдакладчыка па Беларусі ў 2007 годзе, тады ж такое самае рашэньне было прынятае адносна Кубы. Тады была палітычная прычына прыняцьця гэтага рашэньня. Што зьмянілася цяпер? Найперш, вельмі значна пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі».

Ці атрымліваецца супраца зь беларускімі ўладамі? Ці ёсьць спадзеў, што афіцыйная Беларусь паставіцца з разуменьнем да працы экспэрта ААН?

«Мы, натуральна, спадзяемся, што беларускія ўлады будуць супрацоўнічаць, але мы не наіўныя настолькі, каб верыць у гэта. Думаю, Менск ізноў заявіць што прызначэньне палітычна матываванае. Але спэцдакладчык зможа наведваць суседнія краіны, там сустракацца з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Добрая справаздача, грунтоўная і праўдзівая, можа быць падрыхтаваная і без візыту ў краіну».

На пытаньне, ці абмяркоўвалая нейкая канкрэтная кандыдатура, Паёт сказаў, што абмеркаваньне ўжо праводзіцца, але імёны не называюцца.

Абмяркоўваецца найперш шэраг крытэраў для выбару кандыдатуры, напрыклад, што спэцдакладчык мае быць не з заходнеэўрапейскай краіны. Гэта мае быць такая кандыдатура, каб у беларускіх уладаў не было б падставы зьвінаваціць яго ў перадузятасьці.

XS
SM
MD
LG