Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белаазёрску прайшлі слуханьні пра шкодную вытворчасьць


У Белаазёрску падчас грамадзкіх слуханьняў пра будаўніцтва заводу па вытворчасьці сьвінцу абмеркавалі справаздачу аб узьдзеяньні будучага заводу на навакольнае асяродзьдзе.

Паводле гаспадароў будоўлі, завод будзе бясшкодны для людзей і прыроды. Аднак мясцовыя грамадзкія актывісты ставяцца да гэтага скептычна.

Сытуацыю камэнтуе актывіст кампаніі «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў, які таксама прысутнічаў на слуханьнях у Белаазёрску:

«Экалягічная экспэртыза, ацэнка ўзьдзеяньня — гэта ўсё паперы. Мы паслухалі праўду пра тую дакумэнтацыю, якая абвешчаная нам як ідэальная для падрыхтоўкі і запуску небясьпечнай вытворчасьці. Я, у прынцыпе, задаволены, што слуханьні ўсё ж правялі. Прыкладна сто чалавек удзельнічала. Аднак калі раптам здарыцца аварыя, як на „Пінскдрэве“, напрыклад, мы будзем тады бачыць, наколькі ўсё, што казалі нам, будзе бясьпечным. Таму мы будзем вельмі сур’ёзна назіраць за працай гэтага аб’екту ня толькі ў часе будаўніцтва, але і надалей. Лічу, што існаваньне гэтага заводу ня будзе паляпшаць экалягічную сытуацыю гораду Белаазёрску і ўсяго Бярозаўскага раёну».



Правядзеньня грамадзкіх слуханьняў у справе будаўніцтва заводу па вытворчасьці сьвінцу ў Белаазёрску дабіваліся мясцовыя актывісты руху «За свабоду». Кіраўнік руху па Берасьцейшчыне Зьміцер Трацьцяк арганізоўваў у Белаазёрску збор подпісаў, ліставаўся зь мясцовымі ўладамі і Міністэрствам прыроды.

У выніку ціску грамадзкасьці Міністэрства прыроды пастанавіла спыніць будаўніцтва заводу. У праектнай дакумэнтацыі на будоўлю экспэртыза міністэрства выявіла парушэньні. Акрамя таго, Міністэрства прыроды абавязала правесьці належныя грамадзкія слуханьні пра ацэнку ўзьдзеяньня будучага заводу на навакольнае асяродзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG