Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласьці працягваецца пошук зламысьнікаў, якія зьнявечылі дзясяткі птушанятаў бакланаў, адрэзаўшы ім наддзюбкі.

Кіраўнік раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Юры Чарнавусаў паведаміў «Свабодзе», што ўчора адлавілі і зьнішчылі 10 скалечаных птушанят.

Юры Чарнавусаў таксама ўпэўнены, што вінаватых у жорсткім абыходжаньні з птушанятамі бакланаў знойдуць і пакараюць.

«Увесь востраў абсьледавалі, і магу вам сказаць з усёй пэўнасьцю, што 10 птушак бакланаў мы злавілі і ўсыпілі. Усё гэта адбывалася афіцыйна, з напісаньнем акту — гэта значыць, афіцыйна ўсё пацьверджана. І нават калі некалькі птушак, няхай нават 10, уцяклі — сплылі, паляцелі — усё роўна гаворку можна весьці больш пэўна — не пра 50 ці 100 скалечаных птушак.

Тое, што здарылася ў Чашніках, — яно і раней было, і яно будзе і надалей, калі не прыняць структурныя меры

І магу з поўнай упэўненасьцю вам сказаць, што асобы, вінаватыя ў гэтым варварстве, будуць выяўленыя і пакараныя — даю вам 100% гарантыю. Гэтае варварства трэба караць, мажліва, нават паводле артыкула Крымінальнага кодэксу. Бо чалавек, які змог гэта зрабіць, ён відавочна неадэкватны. Няма ніякай гарантыі, што ягоныя дзеяньні ня будуць мець адмоўныя наступствы нават на людзей. Бо займацца такім... Адлоўліваць, нават няхай гэты дзясятак, птушак і адрэзваць ім дзюбы — прабачце, але гэта не зусім добра з псыхікай у кожным разе».

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны» Віктар Фянчук мяркуе, што здарэньні, як у Чашніках, бывалі раней і будуць паўтарацца:

«Тое, што здарылася ў Чашніках, — яно і раней было, і яно будзе і надалей, калі не прыняць структурныя меры. Такая практыка, як абмен узнагароды на кавалак цела жывёліны, яна павінна быць спыненая. Бо гэта прыводзіць да такіх вось сытуацый. Калі хоча якаясьці гаспадарка змагацца зь нейкім відам, то яны мусяць наймаць людзей і плаціць ім заробак, а не стымуляваць усіх здабываць жывёлін дзе заўгодна.

Па-другое, важна, каб з тымі відамі жывёл, якія чыняць шкоду на пэўнай тэрыторыі, змагаліся менавіта на той тэрыторыі, дзе яны шкодзяць. Да прыкладу, калі баклан шкодзіць на „Рыбгасе“, то ён і мае права змагацца з птушкай на сваёй тэрыторыі, а ня лезьці ў калёніі ці езьдзіць дзесьці адстрэльваць.

Яны зьбіраюцца яшчэ болей пашырыць сьпіс непажаданых відаў птушак, уключыць туды тры віды драпежных птушак, таксама ўключыць грака і варону
Па-трэцяе, павінен быць прыняты закон аб абыходжаньні з жывёламі. Ён распрацаваны, але дзесьці блукае па калідорах парлямэнту і дагэтуль не прыняты.

Ну, і самае галоўнае, што зараз Міністэрства лясной гаспадаркі пераглядае сьпіс непажаданых відаў птушак і тыя спосабы, якімі зь імі можна змагацца. Таму зараз якраз той час, калі міністэрства можа спыніць тое, што адбываецца. Але, на жаль, мы бачым, што яно ня толькі не зьбіраецца ўсё гэта перапыніць, але ня робіць нават высноваў з таго, што ўжо здарылася ў тых жа Чашніках. Яны зьбіраюцца яшчэ болей пашырыць сьпіс непажаданых відаў птушак, уключыць туды тры віды драпежных птушак, таксама ўключыць грака і варону. Гэта значыць, па-за законам паставяць яшчэ болей птушак, што будзе спрыяць жорсткаму да іх стаўленьню людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG