Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба выключаць са сьпісаў неўязных у краіны Эўразьвязу тых людзей, якія болей не працуюць на былых пасадах? Гэтае пытаньне зноў стала актуальным пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога пазбаўленыя пасадаў 14 судзьдзяў, у тым ліку тры судзьдзі са сьпісу неўязных.

Сёньня зноў згадваюць прапанову кіраўніцы «Офіса за дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольгі Стужынскай наконт істотнай карэкцыі сьпісу неўязных у Эўразьвяз. Да 27 чэрвеня спадарыня Стужынская ў Вашынгтоне і на тэлефанаваньні пакуль не адказвае. Але раней яна казала, не называючы канкрэтных прозьвішчаў, што яе прапанову падтрымліваюць некаторыя беларускія экспэрты і аналітыкі. Сярод іх нібыта і Андрэй Ягораў — дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі.

Спадар Ягораў, зь якім я сёньня размаўляў, кажа, што ён не выступае за скарачэньне сьпісу неўязных:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Сьпісы неўязных складаюцца Эўрапейскім Зьвязам. І падстава для ўключэньня — пэўныя парушэньні правоў чалавека, якія дапусьцілі людзі ў Беларусі. Гэта азначае пэрсанальную адказнасьць такіх людзей. Яны рабілі правапарушэньні, яны ажыцьцяўлялі незаконныя дзеяньні. Таму, я мяркую, няма і падставаў выключаць іх са сьпісаў.

Санкцыі скіраваныя пэрсанальна. Гэта ж караецца не пасада судзьдзі, а пэўны чалавек, які, будучы судзьдзём, дапусьціў і парушэньні закону, і парушэньні правоў чалавека. І менавіта асабіста да такіх людзей прымаліся абмежавальныя меры».

Сярод зьвольненых судзьдзяў і Тацяна Паўлючук. Яе добра ведае актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч:

Міхаіл Пашкевіч

Міхаіл Пашкевіч

«Яна была рэкардсмэнам па колькасьці палітычных прысудаў у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Я магу многае зразумець. Але калі судзьдзя выносіць вырак літаральна за дзьве сэкунды, то што гэта?! Я і спадзяюся, што незалежна ад таго, уязная яна ці неўязная, незалежна ад пасады, якую яна будзе займаць далей, ёй давядзецца адказваць за свае дзеяньні па законах дэмакратычнай Беларусі.

Я памятаю той скандал, калі здымалі судзьдзяў, якія пакрывалі былога пракурора Сьнягіра. І я памятаю, як паводзіў сябе судзьдзя Есьман, вядомы сваім палітычнымі прысудамі. Я памятаю судзьдзю Ільіну, якая вынесла мне прысуд — два гады абмежаваньня волі. А ўжо праз паўгода яна з-за скандалу са Сьнягіром вылецела са сваёй пасады. На мой погляд, жыцьцё ўсё роўна расставіць усё на свае месцы. І незалежна ад маёй асабістай крыўды аддача да такіх судзьдзяў яшчэ будзе».

Шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна лічыць, што сыход з пасады — не падстава для выключэньня з «чорнага сьпісу»:

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

«Насамрэч гэта міт, што ў судзьдзяў так ужо заціснутыя рукі, ногі і горла, што яны ня маюць права на сваё меркаваньне і на вынясеньне справядлівага рашэньня. Я сама вучылася на юрыдычным факультэце. У мяне ёсьць сябры, якія працуюць судзьдзямі. І яны расказваюць, што былі выпадкі, калі судзьдзям даводзілі па палітычных справах адно заданьне, а яны выносілі іншыя рашэньні. І гэта ніякімі карамі ад улады для іх не абарочвалася. Проста такім судзьдзям болей не давалі на разгляд брудных справаў.

Таму я думаю, што з пункту гледжаньня маралі гэта справядліва, калі людзі, якія запэцкаліся ў рэпрэсіях, ня маюць права ўезду ў цывілізаваныя краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG