Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch: Сытуацыя ў Беларусі пагоршылася


Беларускія ўлады мусяць вызваліць палітвязьняў, спыніць перасьлед грамадзянскай супольнасьці і палітычных актывістаў і пачаць правядзеньне рэформаў, якія палепшаць сытуацыю з правамі чалавека.

Такое меркаваньне ў інтэрвію БелаПАН выказаў кіраўнік прадстаўніцтва праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch ў Жэнэве Філіп Дам.

Паводле яго слоў, HRW з моманту прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 года спрабавала вярнуць беларускае пытаньне ў парадак дня Рады ААН па правах чалавека. «Пасьля разгону мірных дэманстрантаў 19 сьнежня было ўзмацненьне рэпрэсій у краіне ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці. У сувязі з гэтым мы лічым, што сытуацыя з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі павінна быць на парадку дня Рады па правах чалавека і міжнароднай супольнасьці ў цэлым», — сказаў ён.

Як адзначыў Дам, пасьля больш чым года дакумэнтаваньня выпадкаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі можна бачыць, што «беларускі ўрад адмаўляецца супрацоўнічаць з праваабарончымі мэханізмамі ААН, як зь Вярхоўным камісарам, так і з тэматычнымі дакладчыкамі і экспэртамі Рады па правах чалавека».

«За апошні год сытуацыя ў краіне пагоршылася. У якасьці прыкладу можна ўспомніць затрыманьні і арышты праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, ўзмацненьне жорсткасьці заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць грамадзкіх арганізацый і правядзеньне масавых мерапрыемстваў, — сказаў Дам. — Мы лічым, што павінны рушыць усьлед больш актыўныя і рашучыя дзеяньні з боку міжнароднай супольнасьці. Увядзеньне мандата спэцдакладчыка па Беларусі дапаможа ўзмацніць ціск на беларускія ўлады ў пытаньні захаваньня правоў чалавека, а таксама дасьць яшчэ адну магчымасьць незалежнага ўліку ўсіх парушэньняў у краіне ».

Дам выказаў надзею, што ў канцы 20-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая праходзіць з 18 чэрвеня па 6 ліпеня ў Жэневе, большасьць краін «ўсё ж прагаласуе за рэзалюцыю па Беларусі, якая прадугледжвае ўвядзеньне мандата спэцдакладчыка».

«Магчыма, і для ўрада Беларусі будзе важна ўбачыць, што ў апошнія гады супраць бесперапынных парушэньняў правоў чалавека ў краіне аб’ядноўваюцца не толькі заходнія краіны, але таксама і краіны Лацінскай Амэрыкі, афрыканскія і азіяцкія краіны. Мне здаецца, гэта важна, што праблема невыкананьня правоў чалавека ў Беларусі хвалюе ўвесь сьвет. Нават тыя краіны, якія звычайна знаходзяцца ў апазыцыі, напрыклад Расія, Куба і Кітай, мне здаецца, таксама гатовыя падзяліць заклапочанасьць астатняга сьвету», — сказаў Дам.

На яго думку, калі беларускія ўлады «зразумеюць, што раз афрыканскія, амэрыканскія, азіяцкія і эўрапейскія краіны падзяляюць заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі, то гэта стане стымулам для супрацоўніцтва Мінска з праваабарончай сыстэмай ААН, як са спэцдакладчыкам, калі гэты мандат будзе ўхвалены, так і з іншымі мэханізмамі Рады па правах чалавека ».

На 27 чэрвеня ў Савеце ААН па правах чалавека заплянаваны разгляд даклада аб сытуацыі ў Беларусі. Шэраг праваабарончых арганізацый, у тым ліку Human Rights Watch і Фонд дамоў правоў чалавека, маюць намер падчас дыскусіі прапанаваць зноў ўвесьці мандат спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG