Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраць будуць і за галасаваньнем, і за байкотам

абноўлена

Праваабаронцы Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч
Праваабаронцы Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч

Прадстаўнікі БХК і «Вясны» заявілі пра пачатак кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Гэта ўжо чацьвёртая кампанія, якую праваабаронцы праводзяць разам. Чым яна будзе адметная сёлета?

Сытуацыя, на фоне якой пачынаюцца выбары ў Палату прадстаўнікоў, паводле праваабаронцаў, складаная і неспрыяльная для свабоднага волевыяўленьня. Бо ў беларускіх турмах застаюцца палітвязьні, а рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў улады працягваюцца, створаная атмасфэра страху. Праваабаронцы маюць на мэце адлюстраваць аб’ектыўную карціну таго,што адбываецца. На пытаньне карэспандэнта «Свабоды», як будзе ўплываць на ацэнку выбараў тое, што некаторыя партыі заявілі пра байкот выбараў альбо пра далучэньне да яго, старшыня БХК Алег Гулак сказаў:

«Мы будзем назіраць і за тым, як будуць забясьпечаныя правы тых, хто агітуе за байкот, бо гэта таксама права займаць такую актыўную пазыцыю падчас выбарчай кампаніі. Пакуль некаторыя палітычныя суб’екты кажуць, што гэта будзе актыўная кампанія і яна будзе ў фокусе нашага назіраньня. Тое, што частка партыяў займае пазыцыю, каб праводзіць байкот выбараў, — гэта пацьвярджае нашы высновы, што выбары адбываюцца на неспрыяльным фоне. Па-другое, ва ўдзельнікаў палітычнага працэсу няма надзеі, што выбары могуць выконваць функцыю, якую павінны выконваць. Выбары — гэта інструмэнт патэнцыйнай зьмены ці карэкцыі ўлады. Апазыцыйныя ўдзельнікі палітычнага працэсу ня вераць у гэтыя выбары як у такі інструмэнт. Гэта таксама зьніжае каштоўнасьць выбараў. Але гэта ня значыць, што мы можам аўтаматычна казаць, што выбары несправядлівыя і несапраўдныя. Трэба паглядзець, што адбывалася».

Доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» разьмяркуюць на 106 са 110 выбарчых акругаў і зарэгіструюць у акруговых камісіях. За галасаваньнем і падлікам галасоў маюць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. З асаблівай увагай яны будуць сачыць за яўкай выбарцаў. Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў:

«Асаблівую ўвагу будзем надаваць яўцы, бо шмат якія палітычныя суб’екты заяўляюць пра байкот выбараў. І напэўна будуць праводзіць агітацыю за байкот выбараў. Парлямэнцкія выбары не карыстаюцца такім зацікаўленьнем у грамадзянаў краіны, як прэзыдэнцкія выбары. Я ня думаю, што вялікая актыўнасьць будзе назірацца. І ўлады могуць выкарыстоўваць свае традыцыйныя мэтады стварэньня яўкі праз арганізацыю і прымус да датэрміновага галасаваньня. І працэдуры падліку галасоў застаюцца актуальнымі. Гэтыя праблемы, на жаль, так і не былі разьвязаныя. Дэталізацыі падліку галасоў так і не было зроблена».

Алег Гулак распавёў, што прадстаўнікі КДБ цікавіліся, чым будуць займацца праваабаронцы падчас выбараў. Яны дэкляравалі цікавасьць да фактаў парушэньняў, якія знойдуць назіральнікі.

«Іх яшчэ і іншыя пытаньні цікавілі, якія іх не павінны былі цікавіць. Але мы ведаем,
нашу працу адсочваюць ня толькі журналісты і ЦВК, але і іншыя структуры ...
Алег Гулак

што нашу працу адсочваюць ня толькі журналісты і ЦВК, але і іншыя структуры. Я быў бы толькі ўдзячны КДБ і іншым праваахоўным органам, калі б тым фактам парушэньня выбарчага заканадаўства і правоў удзельнікаў выбарчай кампаніі, якія мы выкрываем, давалася належная ацэнка і рабіліся захады, каб пакараць вінаватых. На жаль, на мінулых выбарах мы гэтага ня бачылі».

«Вясна» пачынае сёлета назіраньне ва ўмовах, калі яе старшыня Алесь Бяляцкі застаецца ў вязьніцы, а офіс — пад пагрозай канфіскацыі. Паводле Стэфановіча, на якасьці назіраньня за выбарамі гэта не адаб’ецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG