Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку папярэдзіла пракуратура


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

За дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Пракуратура Менску вынесла папярэджаньне кіраўніку арганізацыі «Плятформа» Андрэю Бандарэнку.

Падставай стаўся зварот «Плятформы» ў Міжнародную фэдэрацыю хакея з заклікам не праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя зьняволеныя і ня спыняцца рэпрэсіі ў дачыненьні да праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Пракуратура ўбачыла ў звароце «заведама ілжывыя зьвесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь або яе органы».

Андрэй Бандарэнка заявіў з гэтай нагоды:

«Абсурднасьць сытуацыі ў тым, што ўлады краіны самі дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, груба парушаюць правы грамадзянаў, ігнаруюць Канстытуцыю. А папярэджаньні выносяцца тым, хто адважыўся гэта сказаць. У краіне людзей затрымліваюць за іхнія погляды, адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій, фармуюць сьпісы невыязных, міліцыя жорстка зьбівае грамадзян сваёй краіны, судовая сыстэма цалкам падкантрольная ўладам і пазбаўленая незалежнасьці, а нам кажуць, што ў краіне ўсё ў поўным парадку і мы наперадзе плянэты ўсёй.

Уладам хочацца стварыць ілюзію прававой дзяржавы, і калі гэта не атрымліваецца, то бяруцца за зьнішчэньне тых, хто аспрэчвае іх меркаваньне. Алесь Бяляцкі яркі таму прыклад.

Але ня я парушаю Закон, ня я парушаю Канстытуцыю, фальсыфікую выбары, „саджаю“ кандыдатаў у прэзыдэнты. Ня я давёў краіну да поўнай міжнароднай ізаляцыі, ня я дэвальваваў рубель, ня я браў крэдыты ў 40 мільярдаў даляраў і ня я прадаю дзяржаўную маёмасьць. Дзяржаве варта задумацца пра тое, што ў намаляваную ёю карцінку ніхто ня верыць. Можна пасадзіць Бандарэнку, але гэта ніяк не памяняе саму сытуацыю», — цытуе Бандарэнку сайт «Плятформы».
XS
SM
MD
LG