Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск на Бяляцкага ў турме


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў занепакоеная новымі абмежаваньнямі ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага.

Абсэрваторыю па абароне праваабаронцаў — сумесную праграму Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека і Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў — праінфармавалі пра меры спагнаньня і дадатковыя абавязкі, накладзеныя ў Бабруйскай турме на старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнта FIDH Алеся Бяляцкага.

Супрацоўнікі турмы абвінавачваюць Бяляцкага, што ён адмаўляецца прызнаваць сваю віну, не займаецца «самадзейнасьцю» і зусім нядаўна атрымаў меру спагнаньня.

Спатканьні Бяляцкага з жонкай былі скарочаныя з трох дзён да аднаго, і яму цяпер дазваляецца атрымліваць у два разы меней харчовых перадач.

«Абсэрваторыя баіцца, што гэтыя новыя меры ў дачыненьні да Бяляцкага накіраваныя на ачарненьне яго як парушальніка, з мэтай пазбавіць яго магчымасьці скарыстацца законам аб амністыі, прымеркаванай да 3 ліпеня 2012 году, а таксама іншымі спосабамі датэрміновага вызваленьня.

Абсэрваторыя таксама занепакоеная тым, што правы спадара Бяляцкага на атрыманьне і адпраўленьне лістоў застаюцца абмежаванымі, бо турэмная адміністрацыя да гэтага часу ня ў стане даставіць значную частку яго карэспандэнцыі», цытуе зварот Абсэрваторыі праваабарончы цэнтар «Вясна».

Абсэрваторыя зьвяртаецца з заклікам далей патрабаваць ад беларускіх уладаў «неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, бо яго затрыманьне адвольнае і ёсьць толькі спробай спыніць ягоную праваабарончую дзейнасьць; спыніць любыя віды перасьледу, у тым ліку на судовым і адміністрацыйным узроўнях, у дачыненьні да Алеся Бяляцкага і адмяніць меры спагнаньня і дадатковыя абавязкі, а таксама папярэднія судовыя рашэньні; гарантаваць пры любых абставінах фізычную і псыхалягічную недатыкальнасьць Бяляцкага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG