Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў абараняе Лукашэнку ад санкцый Эўропы


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі выступіў супраць выкарыстаньня Захадам аднабаковых санкцый у дачыненьні да ўладаў Беларусі.

«Што тычыцца аднабаковых эканамічных санкцый у якасьці сродку прымусу, то мы па прынцыповых меркаваньнях выступаем супраць выкарыстаньня такога роду інструмэнта ў палітыцы каго б там ні было. Тым больш, калі ідзе гаворка аб блізкай нам дзяржаве і народзе», — сказаў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію расейскім і беларускім СМІ з нагоды 20-й гадавіны ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь.

«Адпаведныя дэмаршы ўжо прадпрымаліся — сумесная заява прэзыдэнтаў Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь аб недапушчальнасьці падобных мэтадаў у міждзяржаўных адносінах і сумесная заява урадаў Расеі, Беларусі і Казахстана з выкладаньнем такіх жа ацэнак і пазыцый», — нагадаў міністар.

«Думаю, што санкцыі ніколі не прыносяць выніку, якога хочуць тыя, хто за іх агітуе. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, аднабаковыя санкцыі, таму што санкцыі, якія прымаюцца калектыўна ў рамках Рады Бясьпекі ААН, прадугледжаныя Статутам Арганізацыі і зьяўляюцца часткай міжнароднага права . Але з гэтым інструмэнтам трэба абыходзіцца вельмі асьцярожна. Аднабаковыя жа санкцыі, як правіла, прыводзяць толькі да аднаго — тыя ці іншыя пытаньні, якія хочуць вырашыць з дапамогай санкцыйнага ціску, проста «заганяюцца ў кут», — цытуе Лаўрова Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG