Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсіі ААН прадстаўнік Беларусі пасварыўся з журналістамі


20 сэcія Рады ААН па правах чалавека

20 сэcія Рады ААН па правах чалавека

На 20-ай сэсіі Рады ААН па правах чалавека абмяркоўваецца праблема свабоды думкі і выказваньня ў сьвеце. На сэсіі крытыкуецца перасьлед журналістаў у Беларусі.

Пра гэта ды іншае мы пагутарым з карэспандэнткай Свабоды Тацянай Поклад, якая знаходзіцца ў Жэнэве.


Ганна Соўсь: Тацяна, толькі што скончылася сустрэча спэцдакладчыка ААН у справе свабоды выказваньняў і думкі Франка ля Ру зь беларускімі журналістамі. Давайце падсумуем, якія беларускія мэдыі, акрамя «Свабоды», знаходзяцца ў Жэнэве? Якія асноўныя пытаньні абмяркоўваліся?

Тацяна Поклад: Было дзьве сустрэчы з журналістамі. Адна была агульная прэсавая канфэрэнцыя для ўсіх, а другая — непасрэдна зь беларускімі журналістамі: з прадстаўніком інфармацыйнай агенцыі БелаПАН і журналісткай Радыё Свабода.

Франк ля Ру найперш адказаў на закіды прадстаўніка Беларусі, што, маўляў, справаздача не збалянсаваная, што не крытыкуюцца парушэньні правоў журналістаў на Захадзе, што ня згадваецца справа Асанжа. Беларускі прадстаўнік скрытыкаваў Франка ля Ру, што ня згадваюцца візавыя санкцыі, накладзеныя Эўразьвязам на беларускіх журналістаў, якія прадстаўлялі дзяржаўныя мэдыі.

Франк ля Ру паабяцаў у гэтым разабрацца. Сказаў, што хацеў бы наведаць Беларусь. Такі запыт ужо быў раней, але адказу не паступіла. Беларускія ўлады праігнаравалі. Паводле яго словаў, калі такі візыт адбудзецца, то толькі ў наступным годзе.

Такія візыты звычайна адбываюцца па двух кірунках: сустрэчы з афіцыйнымі ўладамі ладзіць МЗС, а сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці арганізоўвае каманда Франка ля Ру з удзелам дэмакратычных актывістаў. Магчыма, ён сустрэнецца з палітвязьнямі.

Ганна Соўсь: Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч напярэдадні сэсіі гаварыў пра тое, што праваабаронцаў найбольш непакоіць адсутнасьць належнай супрацы паміж беларускім урадам і ААН, найперш паміж Камітэтам па правах чалавека ААН. Ці абмяркоўвалася гэтае пытаньне?

Тацяна Поклад: Гэта вельмі важнае пытаньне, якое ўзьнялі беларускія праваабаронцы супольна з жэнэўскім офісам сеткі дамоў правоў чалавека. Яны падрыхтавалі вельмі грунтоўную справаздачу адносна несупрацы беларускіх уладаў зь міжнароднымі структурамі ў пытаньнях правоў чалавека. Менавіта таму беларускія арганізацыі настойваюць, каб быў прызначаны спэцдакладчык па Беларусі.

Ганна Соўсь: Многія праваабаронцы апошнія гады скептычна ставяцца да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, што да магчымасьці яе ўплываць на парушэньні правоў чалавека. Напрыклад, былы расейскі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі называе ААН безнадзейнай арганізацыяй, празь якую нічога нельга зрабіць, паколькі ў склад ААН уваходзяць усе тыя дзяржавы, ў якіх і парушаюцца правы чалавека. Ці абмяркоўвалася на сэсіі пытаньне эфэктыўнасьці ўплыву ААН ў кірунку правоў чалавека, свабоды слова?

Тацяна Поклад: Так, гэта вельмі сур’ёзная праблема. Я сама гэта адчула, калі слухала інтэрактыўныя дыялёгі. У такой форме прадстаўляюцца даклады. Ня толькі гэта зьвязана зь Беларусьсю. Калі беларускі прадстаўнік выходзіць выступаць, досыць цынічна не зьвяртае увагі на крытыку ў бок Беларусі, а пачынае абараняць правы, якія нібыта парушаюцца ў заходніх краінах. Калі прадстаўнік Кітаю пачынае казаць неаб’ектыўныя рэчы пра сытуацыю ў Тыбэце. Я разумею людзей, якія крытыкуюць ААН.

Мы задавалі пытаньні абодвум спэцдакладчыкам. Абодва хацелі наведаць Беларусь. Абодва казалі, што ёсьць магчымасьць уплываць на сытуацыю ў краіне, таму што не рабіць нічога — яшчэ горш. А вось міжнароднае адвакатаваньне, агучваньне праблемы парушэньня правоў журналістаў, правоў чалавека — гэта дзейнічае.

Беларускі прадстаўнік нават малейшыя словы крытыкі ў бок Беларусі успрымаў досыць хваравіта. У перапынку прадстаўнік Беларусі падышоў да нас, двух незалежных журналістаў, якія прысутнічалі на сэсіі, і выказаў нам сваю незадаволенасьць тым, што мы прыцягваем увагу і паведамляем аб тым, што адбываецца на сэсіі. Ён сказаў, што яму непрыемна, што мы прысутнічаем.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG