Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 чэрвеня ў Магілёве ў грамадзкім цэнтры «Кола» выступіў лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка.

Музыку запрасіла выступіць у Магілёве мясцовая арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Сядзібнік адбыўся ў межах кампаніі «Рок-салідарнасьць».

На акустычны сольны выступ зьбіральніка беларускага фальклёру сабралася больш за пяцьдзесят чалавек. Алег Хаменка зьвяртаючыся да грамады назваў сябе «Дзяжурным па краіне».

«Я лічу, што адказнасьць за краіну чалавек бярэ і дзяжурыць па краіне трэба. І трэба гэта рабіць не па загадзе, а ад сэрца. Ад сэрца гаварыць пра тое, што мы думаем, пра што людзі хочуць пачуць. Цяпер мы дужа разгубіліся і не адчуваем гэтага. Забываемся папросту як шчыра размаўляць. Размовы ў інтэрнэце — гэта добра, але гэта крыху іншае. Жывыя размовы чалавеку, якому баліць, у якога праблемы куды лепш. Гэта яму прыемна», патлумачыў «Свабодзе» сваё разуменьня дзяжурства па краіне Алег Хаменка.



Песьні музыка чаргаваў уласнымі развагамі пра стан мовы, беларускай музыкі, пра ролю інтэрнэту ва ўзаемінах між людзьмі і самі адносіны між людзьмі. Адказваў на пытаньні. Шмат гаварыў пра сьвяты й сьвяткаваньні.

«Самае галоўнае цяпер ведаць, якія сьвяты важныя ды галоўныя і чаму. За кожным сьвятам павінна стаяць ня толькі мэтазгоднасьць, але й вялікая легенда сьвята, якая стварае яго каштоўнасьць. Яе нам цяпер дужа не хапае, таму і ёсьць адчуваньне, што мы не адна нацыя. Мова, сьвяточна абрадавыя дзеі і агульныя каштоўнасьці — гэта тое, што акурат і яднае нацыю. І нам, як маладой нацыі, гэтага вельмі не стае. Пра гэта на сёньня трэба гаварыць»

Алег Хаменка на адно з пытаньняў адказаў, што бальшыня тых песень, якія сьпявае, сталі хітамі за доўга да таго як ён іх прасьпяваў — бо ім па некалькі сот гадоў. Яго роля ў тым, каб іх не забілі й не згубілі беларусы сувязь зь беларускім космасам.

Пры канцы вечарыны з рук Алега Хаменкі некаторыя з ТБМаўцаў атрымалі пасьведчаньне аб сяброўстве ў таварыстве.

Атрыманьне пасьведчаньня сябра ТБМ з рук Алега Хаменкі

Атрыманьне пасьведчаньня сябра ТБМ з рук Алега Хаменкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG