Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: зьменаў умоваў правядзеньня выбараў ня будзе


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала баранавіцкаму апазыцыянэру Рыгору Грыку.

Спадар Грык накіроўваў заяву аб унясеньні зьменаў у выбарчае заканадаўства ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Пад заявай падпісаліся больш за 100 жыхароў Баранавічаў.

З адміністрацыі прэзыдэнта Грыку паведамілі, што ягоны ліст перанакіраваны ў ЦВК. А ў лісьце з Цэнтрвыбаркаму за подпісам Лідзіі Ярмошынай актывісту паведамілі, што «большасьць унесеных вамі прапановаў — адмена датэрміновага галасаваньня, уключэньне ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты, дэманстрацыя зьместу бюлетэню пры падліку галасоў — патрабуе ўнясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс».

Тым часам, паведамілі Грыку з ЦВК, разгляд такіх прапановаў не адносіцца да прэрагатывы гэтай інстанцыі. У сувязі з гэтым зварот Грыка і жыхароў Баранавічаў «пакідаецца без разгляду», напісана ў адказе Лідзіі Ярмошынай.
Рыгор Грык так пракамэнтаваў «Свабодзе» адказ Лідзіі Ярмошынай:

«Я хацеў правесьці такі маленькі тэст перад тым, як Дзьмітрыю Вусу дазволяць усё сапраўды паводле закону зрабіць — пачаць збор подпісаў за зьмену выбарчага заканадаўства. Тэст прайшоў і мы бачым, што ніхто нічога і ня думае. Таму што ў камісіі простыя грамадзяне ня могуць патрапіць. Было такое, што зьбіраў у сваім доме подпісы і вылучаўся ад Таварыства беларускай мовы — двума спосабамі, каб патрапіць ва ўчастковую камісію. Аднак мяне ня пусьцілі. У камісіях у нас праблема ў чым? У тым, што дырэктар школы ці іншай установы адначасова сумяшчае і працу кіраўніка камісіі. А ў камісіі працуюць ягоныя падначаленыя, якія падпісваюць кантракты. Калі яны нешта не так зробяць, то ім жа не працягнуць кантракт».

У звароце Рыгора Грыка таксама была прапанова ўсталяваць празрыстыя скрыні для галасаваньня, адмяніць папярэдняе галасаваньне «як галоўную крыніцу фальсыфікацыяў і парушэньняў Выбарчага кодэксу».

Акрамя таго, аўтары звароту дабіваліся ўключэньня ў камісіі ўсіх узроўняў прадстаўнікоў «недзяржаўных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў» і прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты. У звароце выказвалася патрабаваньне, каб «пры падліку галасоў назіральнікі бачылі, за каго прагаласаваў выбарца». Таксама аўтары звароту папрасілі «абавязаць кіраўнікоў выбарчых камісіяў усіх узроўняў вывесіць тэлефоны міжнародных назіральнікаў і кантралюючых органаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG